2 да Цімафея 3 разьдзел

Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Ведай жа тое, што ў апошнія дні настануць часы ця́жкія.
 
Гэта ведай, што ў апошнія дні наступяць небяспечныя часы.

Бо людзі будуць самалюбівыя, срэбралюбівыя, ганары́стыя, фанабэрыстыя, богазневажа́льнікі, бацька́м непако́рныя, няўдзячныя, бязбожныя, бессардэчныя,
 
Людзі будуць самалюбныя, хцівыя, ганарыстыя, саманадзейныя, зламоўныя, непаслухмяныя бацькам, няўдзячныя, непрыязныя,

бязлітасныя, паклёпнікі, нястры́маныя, жорсткія, ненавіснікі дабра,
 
бессардэчныя, няўстрыманыя, злачынцы, апанаваныя, жорсткія, непрыхільныя,

здраднікі, нахабныя, пыхлівыя, больш сласталюбíвыя, чым богалюбíвыя,
 
здраднікі, нахабныя, пыхлівыя, раскошу любячыя больш, чым Бога,

якія зне́шне паказваюць набожнасць, але ад сілы яе адракліся. Такіх пазбяга́й.
 
што маюць выгляд пабожнасці, але ж выракліся моцы яе. Такіх высцерагайся,

Да іх нале́жаць тыя, што пранікаюць у дамы́ і зводзяць жанчын, якія патана́юць ў грахах і апанава́ны рознымі пажа́днасцямі,
 
бо між імі ёсць такія, што бадзяюцца па дамах, зводзяць жанчын, якія абцяжараны рознымі грахамі, кіруюцца рознымі пажаданнямі,

якія заўсёды вучацца і ніколі не могуць дайсці да спазна́ння ісціны.
 
заўсёды вучацца, але ніколі не могуць дайсці да разумення праўды.

Як Іанíй і Іамвры́й працівіліся Маісею, так працівяцца ісціне і яны, людзі з сапсаваным розумам, недасведчаныя ў веры.
 
Як Янні і Ямбар супрацівіліся Майсею, так і яны супрацівяцца праўдзе, людзі тупога розуму, нявыпрабаваныя ў веры.

Але яны не многага дасягну́ць; бо іх бязглу́здасць для ўсіх стане відавочнай, як і з тымі сталася.
 
Але яны далёка не зойдуць. Бо бязглуздасць іх выявіцца ўсім так, як было і з тымі.

А ты стаў маім паслядоўнікам у вучэнні, жыцці, мэтах, веры, доўгацярпенні, любові, стойкасці,
 
А ты пайшоў следам маёй навукі, настаўлення, намераў, веры, велікадушнасці, любові, цярплівасці,

у ганеннях, пакутах, якія вы́палі мне ў Антыяхíі, Іканíі, Лíстрах; такія ганенні я перанёс, і ад усіх збавіў мяне Гасподзь.
 
пераследаванняў, пакут, якія сталіся са мною ў Антыёхіі, Іканіі і Лістры. Гэтыя пераследаванні я перанёс; з усіх іх вырваў мяне Госпад.

Ды і ўсе, хто хоча жыць набожна ў Хрысце Іісусе, будуць цярпець ганенні;
 
Ды ўсе, каторыя хочуць жыць пабожна ў Хрысце Ісусе, пераследаваны будуць.

а ліхія людзі і ашуканцы будуць станавіцца яшчэ горшымі, уводзячы ў падман і бу́дучы падма́нутымі.
 
Ліхія ж людзі і ашуканцы тым горш будуць гразнуць у зле, памыляючыся самі і ўводзячы ў аблуды.

Ты ж трымайся таго, чаму наву́чаны і што́ табе даве́рана, бо ве́даеш, кім ты наву́чаны;
 
Ты ж трывай у тым, чаму навучыўся і што даручана табе, бо ведаеш, ад каго навучыўся,

і яшчэ з маленства ты ведаеш свяшчэнныя пісанні, якія могуць умудры́ць цябе на спасенне праз веру ў Хрыста Іісуса.
 
бо з дзіцячых гадоў пазнаў ты Пісьмо Святое, якое можа цябе навучыць на збаўленне праз веру ў Хрыста Ісуса.

Усё Пісанне — боганатхнёнае і карыснае для навучання, для выкрывання, для выпраўлення, для настаўлення ў праведнасці,
 
Усё Пісанне натхнёна Богам і карыснае для навучання, дакору, выпраўлення і ўзгадавання ў справядлівасці,

каб быў дасканалым Божы чалавек, да ўсякай добрай справы падрыхтава́ным.
 
каб дасканалым быў чалавек Божы, настаўлены на ўсякае добрае дзеянне.