2 да Цімафея 2 разьдзел

Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Ты ж, сыне мой, умацоўвайся ў благадаці, якая ў Хрысце Іісусе,
 
Дык ты, сын мой, умацоўвайся ласкай, якая ёсць у Хрысце Ісусе,

і што́ чуў ад мяне пры многіх сведках, тое перадай верным людзям, якія здольныя будуць і іншых навучы́ць.
 
і, што чуў ты ад мяне пры многіх сведках, гэта перадай верным людзям, якія здольныя і другіх навучыць.

Ты ж перанось цяжкасці, як добры воін Іісуса Хрыста.
 
Перанось цяжкасці як добры жаўнер Хрыста Ісуса.

Ніякі воін не звязвае сябе жыццёвымі справамі, каб дагадзíць военачальніку.
 
Ніхто з жаўнераў не мяшаецца ў справы зямныя, каб падабацца таму, хто яго выбраў.

Калі ж хто і змагаецца, то не будзе увянча́ны, калі ён незаконна будзе змагацца.
 
Бо і той, хто змагаецца, не стане пераможцам, калі змагаецца незаконна.

Земляроб, які працуе, першым павінен атрыма́ць сваю частку пладоў.
 
Земляробу, які працуе, першаму належыцца карыстацца пладамі.

Абдумай тое, што я кажу. Няхай дасць табе Гасподзь разуме́нне ва ўсім.
 
Зразумей, што кажу: дасць табе Госпад ва ўсім розум.

Па́мятай уваскрэслага з мёртвых Госпада Іісуса Хрыста, ад семені Давідавага, паводле дабравесця майго,
 
Памятай пра Госпада Ісуса Хрыста з семя Давіда, Які ўваскрос з мёртвых паводле Евангелля майго,

за якое я пакутую аж да кайданоў, як злачынец; але на слова Божае няма кайданоў.
 
дзеля якога працую аж да кайданоў, як быццам што благое рабіў, але Слова Божага нельга звязаць.

Таму я ўсё цярплю дзеля абраных, каб і яны атрымалі спасенне ў Хрысце Іісусе са славаю вечнаю.
 
Вось я ўсё раблю дзеля выбраннікаў, каб яны атрымалі збаўленне, якое ў Хрысце Ісусе з славаю вечнай.

Вартае веры слова: калі мы з Ім памерлі, то з Ім і ажывём;
 
Вернае слова: калі мы з Ім памёрлі, дык з Ім жыць будзем;

калі церпім, то з Ім і царстваваць будзем; калі адрачомся, то і Ён адрачэцца ад нас;
 
калі церпім, дык з Ім валадарыць будзем, калі зрачомся Яго, дык і Ён нас зрачэцца;

калі мы няверныя, то Ён застаецца верным, бо ад Сябе адрачы́ся не можа.
 
калі мы зняверымся, дык Ён верным застанецца, бо Сам Сябе зрачыся не можа.

Гэта нагадвай, перад Госпадам заклінаючы не ўступаць у сваркі, ад якіх няма ніякай карысці, а толькі згу́ба слухача́м.
 
Пра гэта нагадвай, сведчачы перад Богам, каб не спрачаліся, бо гэта нічога не дасць, хіба толькі сапсуе слухачоў.

Старайся праявíць сябе перад Богам годна, як працаўнік бездакорны, які правільна выклада́е сло́ва ісціны.
 
Пільна рупся паказацца годным перад Богам, працаўніком беззаганным, прымаючым з павагай слова праўды.

А нягоднага пустаслоўя пазбягай; бо хто займаецца ім, тыя яшчэ больш будуць памнажаць бязбожнасць,
 
Пустой жа гаворкі высцерагайся, бо яна яшчэ больш спрычыніцца да бязбожнасці,

і слова іх, як гангрэна, будзе раз’яда́ць усё. Да іх нале́жаць Імяне́й і Філíт,
 
і слова іх, як гангрэна, распаўзецца; з такіх вось Гіменэй і Філет,

якія ўхіліліся ад ісціны, кажучы, што ўваскрасенне ўжо было, і разбура́юць у некаторых веру.
 
якія размінуліся з праўдай, кажучы, што ўваскрэсенне ўжо было, і гэтак адвярнулі некаторых ад веры.

Аднак трывалы падму́рак Божы стаіць, маючы пячаць гэтую: «спазнаў Гасподзь Сваіх» і «няхай адсту́піць ад няпраўды кожны, хто вызнае́ імя́ Гасподняе».
 
Але цвёрды падмурак Божы стаіць, маючы такую пячатку: пазнаў Госпад, хто ёсць Яго, і: хай аддаліцца ад няпраўды кожны, хто вызнае імя Госпада.

А ў вялікім доме ёсць посуд не толькі залаты і сярэбраны, але і драўляны і гліняны; і адзін у пачэсным, а другі ў нізкім ужы́тку.
 
У вялікім жа доме маюцца не толькі залатыя і срэбраныя начынні, але і драўляныя, і гліняныя; першыя — у пашане, другія — у ганьбе.

Дык вось, хто ачы́сціць сябе ад гэтага, той будзе пасудзінай пачэснай, асвячонай і патрэбнай Гаспадару́, гатовай да ўсякай добрай справы.
 
Дык вось, калі хто ачысціў сябе ад гэтага, той будзе пасудзінай пачэснай, усвечанай, карыснай Госпаду, прыдатнай для ўсялякай добрай справы.

А юнацкіх пажа́днасцяў пазбяга́й, імкніся ж да праўды, веры, любові, міру з усімі, хто закліка́е Госпада ад чыстага сэрца.
 
Высцерагайся пажаданняў юнацкіх, а трымайся справядлівасці, веры, любові, міру з тымі, што чыстым сэрцам заклікаюць Госпада.

Ад неразумных і бязглуздых спрэчак ухіляйся, ведаючы, што яны спараджа́юць сваркі;
 
Ухіляйся дурных і бязглуздых пытанняў, ведаючы, што яны даводзяць да звадкі.

рабу ж Гасподняму нельга свары́цца, а трэба быць прыя́зным да ўсіх, здольным навуча́ць, цярплівым,
 
Слузе ж Божаму не выпадае вадзіцца, а трэба быць ветлівым з усімі, вучыцелем цярплівым,

з лагоднасцю настаўляць праціўнікаў, — ці не дасць ім Бог пакаяння для спазна́ння ісціны,
 
лагодна выпраўляючым тых, што працівяцца, можа дасць ім Бог навяртанне дзеля пазнання праўды,

каб яны вы́зваліліся з пасткі дыявала, які паланíў іх для выкана́ння яго волі.
 
каб вырваліся з путаў д’ябла; апутаныя імі, яны яго паднявольныя.