2 да Цімафея 4 разьдзел
Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 2003
Дык вось, я заклінаю цябе перад Богам і Госпадам нашым Іісусам Хрыстом, Які будзе судзíць жывых і мёртвых пры яўле́нні Яго і ў Царстве Яго:
Умольваю цябе перад Богам і Хрыстом Ісусам, Які будзе судзіць жывых і памёршых, праз прыход Яго і Валадарства Яго:
прапаведуй слова, будзь настойлівы ў час і не ў час, выкрыва́й, дакара́й, падбадзёрвай з усёй доўгацярплівасцю і з настаўленнем.
абвяшчай слова, настойвай у час ці не ў час, дакарай, пагражай, малі з усёй цярплівасцю і навукай.
Бо настане час, калі здаровага вучэння трымацца не будуць, а паводле сваіх хаце́нняў будуць выбіраць сабе настаўнікаў, якія б ла́шчылі слых;
Бо надыдзе час, калі здаровай навукі не сцерпяць, але па волі сваіх пажадлівасцей падбяруць сабе настаўнікаў, патураючых вушам,
і ад ісціны адве́рнуць вушы і зве́рнуцца да баек.
і адвернуць слых ад праўды, а да баек прыхінуцца.
Але ты будзь пільны ва ўсім, цярпліва перанось беды, выконвай справу дабравесніка, здзяйсня́й служэнне сваё.
Ты ж пільнуйся ва ўсім, працуй, выконвай справу евангеліста, службу тваю спаўняй.
Бо я ўжо станаўлюся ахвя́раю, і час майго адыходу настаў.
Я вось гатовы стацца ахвярай, і час майго адыходу настаў.
Подзвігам добрым я падзвізаўся, шлях завяршыў, веру захаваў;
Змагаўся я ў добрым змаганні, бег закончыў, веру захаваў.
а цяпер прызна́чаны мне вянец праведнасці, які дасць мне Гасподзь, Суддзя праведны, у дзень той; і не толькі мне, але і ўсім, хто з любоўю чакае яўле́ння Яго.
На заканчэнне рыхтуецца мне вянок справядлівасці, які мне дасць у той дзень Госпад, справядлівы Суддзя, ды не толькі мне, але і тым, якія палюбілі прыход Яго.
Пастарайся прыйсці да мяне ў хуткім часе.
Паспяшайся прыйсці да мяне хутка,
Бо Дзімас пакінуў мяне, узлюбіўшы цяперашні век, і пайшоў у Фесалоніку, Крыскент у Гала́тыю, Ціт у Далма́тыю; адзін Лука са мною.
бо Дэмас кінуў мяне, палюбіўшы гэты свет, і пайшоў у Тэсалоніку, Крэсцэнс — у Галатыю, Ціт — у Далмацыю.
Марка вазьмі і прывядзі з сабою, бо ён мне патрэбны для служэння.
Адзін Лука са мною. Вазьмі Марка і прывядзі яго з сабой, бо ён патрэбны мне для службы.
Ціхіка я паслаў у Эфес.
Тыхіка паслаў я ў Эфес.
Калі пойдзеш, прынясі плашч, які я пакінуў у Траадзе ў Карпа, і кнігі, асабліва перга́ментныя.
Як будзеш ісці, вазьмі з сабою плашч, які пакінуў я ў Траадзе ў Карпа, і кнігі, асабліва пергаміны.
Меднік Аляксандр многа зла зрабіў мне. Няхай адпла́ціць яму Гасподзь паводле спраў яго!
Каваль Аляксандра шмат учыніў мне ліха. Няхай аддасць яму Госпад паводле дзейнасці яго.
Асцерагайся і ты яго, бо ён вельмі працівіўся нашым сло́вам.
Яго і ты абмінай, бо ён вельмі працівіцца нашым словам.
Пры першым слу́ханні маёй справы нікога не было са мною, а ўсе мяне пакінулі. Няхай гэта не залíчыцца ім!
Пры першай маёй абароне нікога не было пры мне, але ўсе мяне пакінулі. Няхай гэта не будзе ім палічана.
Але Гасподзь явіўся мне і ўмацаваў мяне, каб праз мяне распаўсю́дзілася дабравесце і пачулі яго ўсе язычнікі; і я быў вы́звалены з пашчы льва.
Госпад жа з’явіўся перада мною і ўмацаваў мяне, каб прапаведаванне праз мяне працягвалася і каб яго чулі ўсе народы; і я пазбегнуў ільвінае пашчы.
І збавіць мяне Гасподзь ад усякай справы ліхой і зберажэ для Свайго Нябеснага Царства. Яму слава на векі вякоў. Амінь.
І вызваліць мяне Госпад ад усякай ліхой справы, і захавае для Свайго Нябеснага Валадарства. Яму слава на векі вечныя. Амін.
Вітай Прыскілу і Акілу і дом Анісíфара.
Прывітай Прыску і Аквілу, і разам дом Анэсіфора.
Эраст застаўся ў Карынфе; а Трафіма я пакінуў хворага ў Міліце.
Эраст застаўся ў Карынце, а Трафіма пакінуў я хворым у Мілеце.
Пастарайся прыйсці да зімы. Вітаюць цябе Эвул і Пуд, і Лін і Клаўдзíя, і ўсе браты.
Паспяшайся перад зімой прыйсці. Вітаюць цябе Эўбуль, і Пудэнс, і Лін, і Клаўдыя, і ўсе браты.
Гасподзь Іісус Хрыстос з духам тваім. Благадаць з вамі. Амінь.
Госпад з духам тваім. Ласка з вамі.