Да Ціта 2 разьдзел

Пасланьне да Ціта
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

А ты гавары тое, што адпавядае здароваму вучэнню:
 
Ты ж навучай таму, што належыць да здаровай навукі.

каб стары́я мужчыны былі цвярозымі, пава́жнымі, разважлівымі, здаровымі ў веры, у любові, у цярплівасці;
 
Старыя павінны быць людзьмі цвярозымі, сціплымі, разумнымі, здаровай веры, поўнымі любові і цярплівасці.

каб стары́я жанчыны таксама паводзілі сябе добрапрыстойна, не былі паклёпніцамі, не злоўжыва́лі віном, навуча́лі дабру,
 
Падобна і старыя жанчыны павінны апранацца як дастойна святых, высцерагацца пляткарства, не ўпівацца віном, навучаць іншых дабру,

каб настаўлялі маладзіц любіць мужоў, любіць дзяцей,
 
разумна навучаць маладых, каб яны любілі сваіх мужоў і дзяцей,

быць цнатлівымі, чыстымі, гаспадарлівымі, добрымі, пакорлівымі сваім мужам, каб слова Божае не зневажа́лася;
 
былі разумнымі, чыстымі, гаспадарнымі, лагоднымі, паслухмянымі мужам сваім, каб не зневажалася імі слова Божае.

юнакоў таксама настаўляй быць разважлівымі.
 
Таксама юнакоў заахвочвай, каб былі стрыманымі.

Ва ўсім падавай сабою прыклад добрых спраў, у вучэнні — непару́шнасць, паважнасць, непашкоджанасць,
 
Ва ўсім пакажы на сабе прыклад добрых учынкаў, у навуцы — непарушнасць, паважнасць,

слова здаровае, бездакорнае, каб супраціўнік быў пасаромлены, не маючы сказаць пра нас нічога кепскага.
 
у здаровым слове — беззаганнасць, каб той, хто супрацівіцца, асароміўся, не могучы нічога благога пра нас сказаць.

Рабоў настаўляй падпарадкоўвацца сваім гаспадарам, ва ўсім дагаджаць, не пярэчыць,
 
Хай слугі слухаюць сваіх гаспадароў, ва ўсім стараючыся ім падабацца, а не пярэчыць,

не красці, а праяўляць усю добрую вернасць, каб яны ва ўсім былі ўкра́саю вучэння Спасіцеля нашага Бога.
 
не ашукваць, але ва ўсім добрую волю аказваць, каб ва ўсім навуку Збаўцы нашага, Бога, услаўлялі.

Бо з’явілася благадаць Божая, спасіцельная для ўсіх людзей,
 
Бо з’явілася ласка Бога, збаўляючы ўсіх людзей,

якая навуча́е нас, каб мы, адмовіўшыся ад бязбожнасці і ад пажаднасцей свету гэтага, жылі ў гэтым ве́ку разва́жліва, пра́ведна і набо́жна,
 
якая вучыць нас, каб мы, выракшыся бязбожнасці і пажаданняў свету, разважна, справядліва і пабожна жылі на гэтым свеце,

чакаючы здзяйснення блажэннай надзеі і яўлення славы вялікага Бога і Спасіцеля нашага Іісуса Хрыста,
 
чакаючы шчаслівай надзеі і прыйсця хвалы магутнага Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста,

Які аддаў Сябе за нас, каб выкупіць нас з палону ўсякага беззаконня і ачысціць для Сябе народ, які б нале́жаў выклю́чна Яму і быў руплівы ў добрых справах.
 
Які ахвяраваў Самога Сябе за нас, каб збавіць нас ад усякай спракуды і ачысціць Сабе народ, выбраны на ўласнасць, рупны на добрыя ўчынкі.

Гэта гавары, і настаўляй, і выкрывай з усёю ўладаю; няхай ніхто не пагарджае табою.
 
Гэта кажы, і заахвочвай, і дакарай з усёю уладай. За гэта ніхто цябе не папракне.