1 Пятра 5 разьдзел
Першае пасланьне Пятра
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
Па́стыраў вашых прашу я, супа́стыр і све́дка паку́т Хрыстовых, і саўдзе́льнік славы, якая ма́е адкры́цца:
Старшых сярод вас заклікаю я, сустаршыня і сьве́дка мукаў Хрыстовых ды ўдзе́льнік у славе, што ма́е выявіцца:
па́свіце ста́да Божае, якое ў вас, дагляда́ючы яго не па прыму́су, а добраахво́тна і богаўго́дна, не з-за агíднай кары́слівасці, а самаадда́на,
пасе́це Божае стада, якое ў вас, наглядаючы за ім не пад прынукаю, але з добрае волі, ды не дзеля агіднай карысьці, але дзеля ахвоты,
і не пану́ючы над набы́ткам Божым, а даючы́ пры́клад ста́ду;
і не пануючы над спадчынай, але даючы прыклад стаду;
і калі я́віцца Пастыранача́льнік, вы атрыма́еце неўвяда́льны вяне́ц сла́вы.
і калі зьявіцца Найвышэйшы Пастыр, дастанеце вянок славы, што ня вяне.
Таксама і вы, мало́дшыя, падпарадко́ўвайцеся па́стырам; і ўсе, слу́хаючыся адзін аднаго́, апранíцеся ў пакорнаму́драсць, таму што Бог ганарлíвым працíвіцца, а пако́рлівым дае́ благада́ць.
Таксама й вы, малодшыя, будзьце паслухмянымі старшым; усе́-ж, падчыняючыся адзін аднаму, апране́цеся пакорнай мудрасьцяй, бо Бог супраць гордых, а пакорным ласку дае́!
Дык вось, скары́цеся пад моцную руку́ Божую, каб Ён вас узня́ў у нале́жны час;
Дык скарыцеся пад моцную руку Божую; каб узвысіла вас у свой час.
усе кло́паты вашы ўскладзíце на Яго, бо Ён дба́е пра вас.
Усе клапоты свае́ ўскладайце на Яго; бо Ён аб вас рупіцца.
Бу́дзьце цвяро́зымі, пíльнымі, таму што працíўнік ваш дыя́вал ходзіць, як рыклíвы леў, шука́ючы, каго праглыну́ць;
Будзьце цьвярозымі, чувайце, бо вораг ваш, д’ябал, як ле́ў рыкаючы ходзіць, шукаючы, каго праглынуць.
супрацьста́ньце яму цвёрдаю вераю, ве́даючы, што такія ж паку́ты зно́сяць і браты́ вашы ў свеце.
Станьце насупраць яму цьвёрдыя ве́раю, ве́даючы, што гэткія-ж мучэньні здараюцца і з братамі вашымі ў сьве́це.
Бог жа ўсякае благада́ці, Які паклíкаў вас у ве́чную сла́ву Сваю ў Хрысце́ Іісусе, няхай Сам, пасля́ нядо́ўгіх вашых паку́т, удаскана́ліць вас, няхай сцве́рдзіць, няхай умацу́е, няхай зробіць непахíснымі.
Бог жа ўсякае ласкі, Каторы паклікаў вас да ве́чнае славы свае́й у Хрысьце́ Ісусе, няхай сам, пасьля нядоўгае мукі вашае, удасканаліць вас, няхай угрунтуе, няхай умацуе, няхай зробіць непарушнымі.
Яму слава і ўла́да на ве́кі вякоў. Амінь.
Яму слава і сіла на ве́кі вякоў. Амін.
Гэта ко́ратка напісаў я вам, праз Сілуа́на, ве́рнага, як мярку́ю, бра́та, каб перакана́ць і засве́дчыць, што гэта íсцінная благада́ць Божая, у якой вы стаіце́.
Гэтае коратка напісаў я праз Сілуана, ве́рнага, як думаю, брата вашага, каб запэўніць вас, заклікаючы і сьве́дчачы, што запраўдная ласка Божая тая, у якой вы стаіцё.
Віта́е вас абра́ная, як і вы, Царква ў Вавілоне і Марк, сын мой.
Вітае вас выбраная з вамі (царква) ў Вавілёне і Марк, мой сын.
Віта́йце адзін аднаго́ пацалу́нкам любо́ві. Мір вам усім у Хрысце́ Іісусе. Амінь.
Прывітайце адзін аднаго пацалункам любві. Мір вам усім, каторыя ў Хрысьце Ісусе. Амін.