Да Рымлянаў 12 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

Дык я прашу вас, браты, міласэрнасцю Божаю аддаць целы вашы ў ахвяру жывую, святую, угодную Богу, на разумнае служэнне ваша;
 

і не прыстасоўвайцеся да веку гэтага, а пераўтвара́йцеся абнаўле́ннем розуму вашага, каб распазнава́ць вам, у чым воля Божая добрая, і ўгодная, і дасканалая.
 

Па благадаці, да́дзенай мне, кажу кожнаму з вас: не думайце пра сябе вышэй, чым нале́жыць думаць, а, думайце са сціпласцю, у адпаведнасці з тою мераю веры, якую кожнаму вызначыў Бог.
 

Бо, як у адным целе ў нас многа членаў, але не ўсе члены выконваюць аднолькавае дзе́янне,
 

так і мы многія — адно цела ў Хрысце, а паасобку адзін для аднаго — члены.
 

І паколькі па благадаці, да́дзенай нам, мы маем розныя дары, то калі маеш прароцтва, дык прароч згодна з вераю;
 

калі маеш служэнне, дык будзь у служэнні; калі навучаеш — дык у навучанні;
 

калі суцяшаеш — дык у суцяшэнні; калі даеш — дык шчыра; калі начальствуеш — дык дбайна; калі мíлуеш — дык з радасцю.
 

Любоў няхай будзе некрываду́шнаю; ухіля́йцеся ад зла, імкніцеся да дабра;
 

любíце адзін аднаго братняю любоўю; пашанаю адзін аднаго апярэ́джвайце;
 

у руплівасці не спыняйцеся; духам палымнейце; Госпаду служы́це;
 

у надзеі радуйцеся; у прыгнечанасці будзьце стойкімі; у малітве — пастаяннымі;
 

дапамагайце святым у іх патрэбах; пра гасціннасць дбайце;
 

благаслаўляйце ганіцеляў вашых; благаслаўляйце, а не праклінайце.
 

Радуйцеся з тымі, хто радуецца, і плачце з тымі, хто плача.
 

Будзьце аднадумнымі паміж сабою; не ўзносьце сябе ў думках, а імкніцеся за пакорлівымі; не лічы́це самі сябе мудрымі;
 

нікому не плацíце злом за зло, а клапаціцеся пра дабро для ўсіх людзей.
 

Калі магчыма, наколькі гэта ад вас залежыць, з усімі людзьмі будзьце ў міры.
 

Не помсціце за сябе, узлю́бленыя, а дайце месца гневу Божаму. Бо напíсана: «Мая помста, Я адплачу́, — кажа Гасподзь».
 

Дык вось, калі вораг твой галодны, накармі яго; калі сма́гне, напаí яго; бо, робячы гэта, ты збярэш гара́чае вуголле на галаву яго.
 

Не будзь пераможаны злом, а перамагай зло дабром.