Марка 16 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад П. Татарыновіча
І калі міну́ла субота, Марыя Магдалíна і Марыя Іа́кавава, і Саламíя купілі духмя́насцяў, каб, прыйшоўшы, пама́заць Яго.
А як мінула сыбота, Марыя Магдалена й Марыя Якубава і Салёмэя купілі ароматаў, каб пайсьці намасьціць Езуса.
І вельмі рана ў першы дзень тыдня прыходзяць да магілы, калі ўзышло сонца,
І вельмі рана ў першы дзень тыдня прыйшлі да гробу пры ўсходзе сонца.
і гаварылі між сабою: хто адва́ліць нам ка́мень ад увахода ў магілу?
І гутарылі між сабою: Хто нам адваліць камень ад уваходу ў гроб?
І, паглядзе́ўшы, бачаць, што ка́мень адва́лены; а быў ён надта вялікі.
А глянуўшы, бачаць камень адвалены быў бо ён надта вялізны.
І, увайшоўшы ў магілу, яны ўбачылі юнака́, што сядзеў справа, апра́нуты ў белы ўбор; і жахну́ліся.
І ўвайшоўшы ў гробніцу, ўвідзелі юнака, сядзячага праваруч, адзетага ў белае акрыцьцё, і ўжахнуліся.
А ён кажа ім: не жаха́йцеся. Іісуса шукаеце Назаранíна, распя́тага; Ён уваскрэс, Яго няма тут. Вось месца, дзе паклалі Яго.
Ён-жа ім кажа: Ня бойцеся, шукаеце Езуса Назарэнскага, Укрыжаванага, ён устаў, ня-ма яго тут. Вось месца, дзе яго былі палажылі.
Але ідзіце, скажы́це вучням Яго і Пятру, што Ён будзе ране́й за вас у Галіле́і; там Яго ўбачыце, як Ён казаў вам.
Але йдзеце, скажэце вучням ягоным і Пятру, што йдзе перад вамі ў Галілею; там яго ўбачыце, як сказаў вам.
І, выйшаўшы, пабеглі яны ад магілы; іх ахапíла трымце́нне і жах, і нікому нічога не сказалі, бо баяліся.
І яны выйшаўшы, пабеглі ад гробу, напала бо на іх дрыгата й трывога; і нікому нічога не сказалі, бо баяліся.
А Іісус, уваскрэсшы ў першы дзень тыдня, явіўся перш Марыі Магдалíне, з якой вы́гнаў быў сем дэманаў.
Згробуўстаўшы ж раненька ў першы дзень тыдня, сьпярша зявіўся Марыі Магдалене, з якое выгнаў быў сем дэманаў.
Яна, пайшоўшы, абвясцíла тым, што былí з Ім, якія смуткава́лі і плакалі;
Яна пайшоўшы, паведаміла тых, што з ім былі, сумных і плачучых.
і тыя, пачуўшы, што Ён жывы́ і што яна бачыла Яго, не паверылі.
А яны, пачуўшы, што жыве ды быў ёю бачаны, не паверылі.
Пасля ж гэтага явіўся Ён у іншым вобразе двум з іх дарогаю, калі яны ішлі ў сяло.
Пасьля ж гэтага паказаўся ў іншым выглядзе двум з іх ідучым у сялібу.
І тыя, пайшоўшы, абвясцíлі астатнім; але і ім не паверылі.
І тыя, прыйшоўшы, паведамілі другіх; дый ім не паверылі.
Нарэшце, явіўся Ён і самім адзіна́ццаці, калі яны ўзляжа́лі на вячэры, і дакара́ў іх за нявер’е і жорсткасць сэрца, што яны тым, хто бачыў Яго Уваскрэслага, не паверылі.
Урэшце зявіўся самым адзінаццацём, за сталом сядзеўшым, і выгаварваў ім няверлівасьць іх ды закамянеласьць сэрца, што ня верылі бачыўшым яго, згробуўстаўшага.
І сказаў ім: ідучы́ па ўсім свеце, прапаве́дуйце Ева́нгелле ўсяму стварэ́нню.
І сказаў ім: Ідучы на ўвесь сьвет абвяшчайце эванэлію ўсяму стварэнню.
Хто ўверуе і ахры́сціцца, той спасёны будзе; а хто не ўверуе, асу́джаны будзе.
Хто ўверыць і ахрысьціцца, будзе збаўлёны; а хто ня ўверыць, будзе асуджаны.
А тых, хто ўверуе, будуць суправаджа́ць знаме́нні такія: íмем Маім будуць яны выганя́ць дэманаў; будуць гаварыць новымі мовамі;
А за тымі, што ўвераць, ісьцімуць гэткія знакі: У імя маё дэманаў выганяцімуць, новымі мовамі гаварыцімуць;
будуць браць змей; а калі што смяротнае вы́п’юць, не пашко́дзіць ім; на хворых ускладу́ць ру́кі, і тыя будуць здаровыя.
змяёў будуць браць і хоць-бы што сьмяротлівае пілі не пашкодзіць ім; на хворых рукі ўзложаць і добра мецімуцца.
І вось, Гасподзь пасля таго, як гаварыў да іх, узнёсся на неба і сеў правару́ч Бога.
І так Усеспадар Езус, пасьля таго, як гаварыў да іх, узяты ёсьць у неба й сядзе праваруч Бога.
А яны, вы́йшаўшы, прапаве́давалі ўсюды, і Гасподзь садзе́йнічаў ім і пацвярджа́ў сло́ва знаме́ннямі ўслед. Амінь.
А яны, выйшаўшы, прапаведвалі ўсюды, а Госпад памагаў ім і ўцьвярджаў мову знакамі, йдучымі ўсьлед за імі.