Марка 13 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад П. Татарыновіча
І калі выходзіў Ён з храма, кажа Яму адзін з вучняў Яго: Настаўнік! паглядзí, якое каме́нне і якія будынкі!
І як выйходзіў з сьвятыні, сказаў яму адзін з ягоных вучняў: Вучыцелю. паглядзі, якія каменні й што за будынкі!
І сказаў Іісус яму ў адказ: бачыш гэтыя вялікія будынкі? Не застане́цца тут ка́меня на ка́мені, які не будзе зруйнава́ны.
Езус ў адказ гавора яму: Бачыш усе гэтыя вялікія будынкі? Не астанецца камень на камені, які-б ня быў разбураны.
І калі сядзеў Ён на гары Елеонскай насу́праць храма, пыталіся асобна ў Яго Пётр, і Іакаў, і Іаан, і Андрэй:
І калі сядзеў на гарэ Аліўнай насупраць сьвятыні, спыталіся ў яго на адзіне Пётр, і Я-куб, і Ян, і Андрэй:
скажы нам, калі гэта будзе, і якое знаме́нне, калі павінна ўсё гэта збы́цца?
Скажы нам, калі гэта станецца ды які знак будзе, як гэта ўсё пачне здзейсьнівацца?
Іісус жа, адказваючы ім, пачаў гаварыць: сцеражы́цеся, каб хто не ўвёў вас у зман.
І адказваючы Езус пачаў ім гаварыць: Глядзеце, каб вас хто ня звёў.
Бо многія пры́дуць пад íмем Маім, ка́жучы, што гэта Я, і многіх увяду́ць у зман.
Многія бо прыйдуць у імя маё, кажучы, што гэта я, і многіх звядуць.
Калі ж пачуеце пра войны і чу́ткі аб войнах, не жаха́йцеся, бо павінна так быць, але гэта яшчэ не канец.
Калі-ж пачуеце аб войнах і ваенных клічах, ня бойцеся, бо трэба, каб гэта сталася, адыж яшчэ не канец.
Бо паўста́не народ на народ, і царства на царства; і будуць землетрасе́нні ме́сцамі, і будзе голад і сму́ты. Гэта пачатак пакут.
Бо паўстане народ на народ і гаспадарства на гаспадарства; ды будуць мясцамі землятрасенні й галады. Гэта пачатак злыбядаў.
Вы ж самі сцеражы́цеся, бо вас будуць аддава́ць на судзíлішчы, і біць у сінагогах, і перад правíцелямі і цара́мі паставяць вас за Мяне, дзе́ля све́дчання ім.
А вы глядзеце самы сябе. Бо аддавацімуць вас у суды, і біцімуць у бажніцах, ды будзеце станавіцца перад начальнікамі й каралямі дзеля мяне, на пасьветчанне ім.
І ва ўсіх народах перш павінна быць прапаве́дана Ева́нгелле.
І трэба, каб перш была ў ва ўсіх народаў абвяшчаная эванэлія.
Калі ж павяду́ць вас, каб вы́даць, не турбуйцеся за́гадзя, што́ вам сказаць, і не абдумвайце; але што́ да́дзена будзе вам у тую гадзíну, то́е кажыце, бо не вы будзеце гаварыць, а Дух Святы.
Калі-ж вясьцімуць вас, каб выдаць, не клапацецеся наперад, што маеце гаварыць; але што будзе вам дадзена ў гэну часіну. тое гаварэце. Бо ня вы тые, што гаворыце, але Дух Святы.
І вы́дасць брат брата на смерць, і ба́цька — дзіця́, і паўста́нуць дзеці на бацькоў, і заб’юць іх.
І выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька сына, і паўстануць дзеці на бацькоў ды сьмерць ім зробяць.
І бу́дзеце зненавíджаныя ўсімі за імя́ Маё; але хто вы́трывае да канца, той спасёны будзе.
І будзеце ў ненавісьці ў ва ўсіх дзеля імяні майго. А хто вытрывае да канца, той будзе збаўлены.
Калі ж убачыце мярзо́ту спусташэ́ння, пра якую ска́зана Даніíлам прарокам і якая паўста́не там, дзе не павінна быць, — хто чытае, няхай разумее, — тады тыя, што ў Іудзеі, няхай уцяка́юць у горы;
Калі-ж угледзіце агіду спусташэння, стаячую там, дзе ня сьлед — хто чытае, хай разумее — тады каторыя ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы;
а хто на да́ху, няхай не спуска́ецца ў дом і не ўваходзіць узяць што-небудзь з дома свайго;
а каторы на даху, хай ня зыходзіць у дом ды не ўвайходзіць, каб узяць што з дому свайго;
і хто ў полі, няхай не вярта́ецца назад, каб узяць вопратку сваю.
а каторы будзе на полі, хай не варочаецца назад узяць адзежу сваю.
Гора ж цяжа́рным і тым, што кормяць грудзьмí, у тыя дні!
Гора цяжарным і кормячым у гэныя дні!
Маліцеся ж, каб не зда́рыліся ўцёкі вашы зімою.
Малецеся-ж, каб ня здарылася (гэта) зімою.
Бо тыя дні будуць лíхам, якога не было́ ад пачатку стварэ́ння, што стварыў Бог, аж да сёння, і не будзе.
Бо тыя дні будуць такім прыгнобленнем, якога ня было ад пачатку стварэння, што стварыў Бог, аж дагэтуль, і ня будзе.
І калі б Гасподзь не скарацíў тых дзён, то не ўратава́лася б нія́кая плоць; але дзе́ля абра́ных, якіх вы́браў Ён, скараціў тыя дні.
І калі-б Госпад не скараціў дзён, ня збавілася-б ніводнае цела; але дзеля выбраных, якіх выбраў, скараціў гэныя дні.
І тады, калі хто скажа вам: «вось, тут Хрыстос» альбо: «вось, там», — не верце.
І тады, калі-б вам хто сказаў: Вось тут Хрыстус, вось там — ня верце.
Бо паўста́нуць ілжэхрысты́ ды лжэпрарокі, і даду́ць знаме́нні і цуды, каб увесці ў зман, калі магчыма, і абра́ных.
Бо паўстануць хвальшывыя хрыстусы й хвальшывыя прарокі ды будуць паказваць знакі й дзівы, каб звясьці, калі магчыма, навет выбраных.
Вы ж сцеражы́цеся; вось, Я наперад сказаў вам ўсё.
Вы-ж глядзеце, вось я сказаў вам усё наперад.
Але ў тыя дні, пасля лíха таго, сонца паме́ркне, і месяц не дасць святла свайго,
Але ў тыя дні пасьля гэнага прыгноблення сонца зацьміцца, і месяц ня дасьць свае яснасьці,
і зоркі з неба будуць па́даць, і сілы, што ў нябёсах, пахісну́цца.
і зоры нябесныя падацімуць, і сілы нябесныя зрушацца.
І тады ўбачаць Сына Чалавечага, Які пры́йдзе на во́блаках з сілаю многаю і сла́ваю.
Тады ўгледзяць Сына чалавечага, прыходзячага ў ваблоках, з вялікай сілай і славай.
І тады пашле Ён Ангелаў Сваіх і збярэ абра́ных Сваіх ад чатырох вятроў, ад кра́ю зямлі да кра́ю неба.
І тады пашле сваіх анелаў і збярэ сваіх выбраных ад чатырох вятроў, ад краю зямлі аж да краю неба.
Ад смакоўніцы навучы́цеся праз параўна́нне: калі голле яе ўжо мякчэ́е і пускае лíсце, вы ведаеце, што блізка лета.
А ад смаковіцы вазмеце прыклад: калі ўжо галіна яе зробіцца мяккай і пускае лісьце, пазнаеце, што блізка лета.
Так і вы, калі ўбачыце, што гэта збыва́ецца, ведайце, што блізка, пры дзвярах.
Гэтак і вы, калі ўгледзіце, што гэта дзеецца, ведайце, што блізка ёсьць, у дзвярах.
Праўду кажу вам: не міне́ род гэты, як усё гэта будзе.
Сапраўды кажу вам, не праміне гэты род, як усё гэтае станецца.
Неба і зямля міну́ць, а словы Мае́ не міну́ць.
Неба й зямля прамінуць, але словы мае не прамінуць.
Пра дзень жа той ці гадзíну ніхто не ведае, ні Ангелы на небе, ні Сын, — толькі Айцец.
Аб дні-ж тым ніхто ня ведае, ані анелы ў небе, ані Сын, толькі Айцец.
Глядзíце, будзьце пíльныя і маліцеся, бо не ведаце, калі настане той час.
Глядзеце, не драмеце й малецеся, бо ня ведаеце, калі час прыдзе.
Падобна як чалавек, ад’язджа́ючы, пакінуў дом свой і даў слу́гам сваім ула́ду, і кожнаму сваю працу, а брамніку загадаў, каб быў пíльны.
Як чалавек, што ад’яжджаючы аставіў свой дом і даў слугам сваім ўладу ў кожнай справе ды загадаў прыдзверніку, каб быў чуткім.
Дык будзьце пíльныя; бо не ведаеце, калі пры́йдзе гаспадар дома: уве́чары, ці апоўначы, ці як запяю́ць пеўні, ці раніцаю;
Дык чуткімі будзьце, ня ведаеце бо, калі гаспадар дому прыйдзе: увечар, ці сярод ночы, ці ў пеўні, ці нараніцы:
каб, прыйшоўшы неспадзява́на, не заста́ў вас у сне.
каб прыйшоўшы неўспадзеўкі, не застаў сплючы вас.
А што вам кажу, усім кажу: будзьце пíльныя.
А што вам кажу, ўсім кажу: Ня сьпеце.