Дзеі 12 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 1999
А ў той час кароль Гірад падняў ру́кі, каб мучыць нікаторых із царквы.
У гэтым часе Герод пачаў перасьледаваць некаторых з царквы
А Якуба, брата Яанавага, забіў ме́чам.
А Якуба, брата Яна, забіў мячом.
І ўбачыўшы, што гэта прыемна жыдом, дадаў схапіць і Пятра, — а былí дні праснакоў, —
І калі заўважыў, што гэта спадабалася Юдэям, увязьніў апрача таго і Пятра. А былі гэта дні Праснакоў.
дык злавіўшы яго, пасадзіў у вязьніцу, загадаўшы чатыром чацьвёркам жаўнераў сьцерагчы яго, манючыся пасьля Пасхі вывясьці яго народу.
Калі яго схапіў, укінуў у вязьніцу ды аддаў пільнаваць чатыром вартаўнікам, манючыся па сьвяце Пасхі вывесьці яго народу.
Гэтак вось Пятра пільнавалі ў вязьніцы, а царква рупліва малілася за яго Богу.
І быў Пётар вартаваны ў вастрозе. А царква безупынна малілася за яго да Бога.
Калі ж Гірад манíўся вывясьці яго, у тую ноч Пётра спаў паміж двума жаўнерамі апутаны двума ланцуга́мі, ды перад дзьвярыма вартаўнікі пільнавалі вязьніцу.
У ноч, па каторай Герод меўся вывесьці яго, Пётар, скаваны падвойным ланцугом, спаў між двух жаўнераў, і вартаўнікі перад брамай пільнавалі вастрог.
І вось Ангел Госпада стануў перад (ім), і сьвятло азарыла вязьніцу. І ткнуўшы Пятра ў бок разбудзіў яго кажучы: устань хутчэй! І звалíліся з рук ягоных ланцугі.
І вось паявіўся анёл Госпадаў, і сьвятло зазьзяла ў каморы; і, ткнуўшы ў бок, абудзіў Пятра і сказаў: "Устань хутчэй"! І апалі ланцугі з рук ягоных.
І сказаў яму Ангел: падперажыся і падвяжы пасталы твае. Зрабіў і гэта. І кажа яму: надзень вопратку тваю і ідзі за мно́ю.
І сказаў яму анёл: "Падперажыся ды абуй сандалы твае!" І ён так зрабіў. Далей казаў яму: "Надзень вопратку тваю ды хадзі за мной".
І выйшаўшы ішоў за ім. Ды ня ведаў, ці праўда тое, што сталася праз Ангела, а думаў, (што) бачыць уяву.
І, выйшаўшы, ішоў за ім, але ня ведаў, ці гэта праўда, што анёл робіць, ці можа бачыць прывід.
Мінуўшы ж першую і другую варту яны падыйшлі да жалезнай брамы, што вяла да места, якая сама сабою расчынілася ім. І, выйшаўшы, яны прайшлі адну вуліцу калі Ангел зьнячэўку зьнік ад яго.
Мінулі першую і другую варту ды дайшлі да жалезнай брамы, каторая вяла ў горад, якая сама адчынілася перад імі. Выйшлі тады і прайшлі адну вуліцу, і зараз анёл пакінуў яго.
І Пётра прыйшоўшы да сябе сказаў: цяпер ведаю запраўды, што Госпад паслаў Ангела Свайго і вырваў мяне із рукі Гірада ды ад усяго, чаго чакаў народ жыдоўскі.
Тады Пётар ачухаўся і сказаў: "Цяпер ведаю сапраўды, што Госпад паслаў анёла свайго ды вырваў мяне з рукі Герода і ад усяго, чаго чакаў народ Юдэйскі."
І аглядзеўшыся прыйшоў да дому Марылі, маці Яана, якога зва́лі Маркам, дзе многія сабраліся і маліліся.
Паразважаўшы, пайшоў у дом Марыі, маткі Яна, званага Маркам, дзе былі сабраўшыся многія на малітве.
І калі Пётра пасту́каўся ў бра́му, падыйшла паслухаць служанка на імя Ро́да,
І калі пастукаў у дзьверы, прыбегла дзяўчына на імя Рода, паслухаць, хто там.
і, пазнаўшы голас Пётры, ад радасьці ня адчыніла брамы а, убегшы, абвясьціла, што Пётра стаіць каля брамы.
І, пазнаўшы голас Пятра, з радасьці не адчыніла дзьвераў, але пабегла паведаміць, што Пётар стаіць перад дзьвярыма.
А тыя сказа́лі ёй: ты ашале́ла. Але яна настойвала, што гэта так. Яны ж казалі: гэта Ангел ягоны.
А яны сказалі ёй: "Дурніца"! Яна ж даказвала, што гэта так. Яны сказалі: "Гэта хіба анёл ягоны".
Пётра ж до́ўжыў сту́кацца. Калі ж адчынілі, убачылі яго і здуме́ліся.
А Пётар стукаўся далей. Калі ж нарэшце адчынілі, убачылі яго і надта зьдзівіліся.
І даўшы знак рукою каб маўчалі расказаў ім, як Госпад вывеў яго із вязьніцы. І сказаў: павядомце аб гэтым Якубу і братом. І, выйшаўшы, пайшоў у другое мейсца.
Ён жа, даўшы ім знак рукою маўчаць, расказаў, як Госпад вывеў яго з вастрога, і сказаў: "Паведаміце пра гэта Якубу і братам". І, выйшаўшы, пайшоў у другое месца.
Калі ж настаў дзень, сярод жаўнераў узьняла́ся вялíкая трывога: што ста́лася зь Пятром?
Калі ж настаў дзень, між жаўнераў узьнікла немалая трывога дзеля зьнікненьня Пятра.
Гірад жа пашукаўшы і ня знайшоўшы яго, асудзіў вартаўнікоў і загада́ў сказьніць (іх). І перабраўшыся зь Юдэі ў Кесару застава́ўся (там).
Герод загадаў шукаць яго, а, не знайшоўшы, праслухаў вартаўнікоў і загадаў іх пакараць сьмерцю. І, перабраўшыся з Юдэі ў Цэзарэю, там затрымаўся.
А Гірад быў моцна разгневаны на тырыйцаў і сіданíйцаў. А яны змо́віўшыся прыйшлі да яго і схіліўшы (на свой бок) Уласта, пасьце́льніка каралеўскага прасілі міру, бо іхняя краіна кармíлася ад каралеўскай.
А ён дужа злаваўся на жыхароў Тыру і Сідону. Але яны аднадушна прыбылі да яго, і, перацягнуўшы на свой бок Бласта, палацовага каралеўскага, прасілі аб мір, бо іх край жывіўся з каралеўскага.
У вызначаны ж дзень Гірад, апрануўшыся ў каралеўскія шаты і сеўшы на судзейскім пасадзе (перад людзьмі), прамаўляў да іх,
У вызначаны ж дзень кароль Герод, адзеўшыся ў каралеўскія шаты, сеў на пасадзе і прамаўляў да іх.
а народ крычаў: голас Бога, а ня чалавека!
А народ крычаў: "Гэта голас бога, а не чалавека!"
Ангел жа Госпада зьнячэўку паразíў яго за тое, што ня аддаў хвалы Богу і, зае́дзены чарвякамі, (ён) сканаў.
І як бач ударыў яго анёл Госпадаў, таму што ён не аддаў Богу належнай хвалы, і ён памёр, сточаны чарвямі.
А Слова Бога расло і памнажа́лася.
Слова ж Госпадава расло і памнажалася.
А Барнаба і Саўл, выканаўшы служэньне, пайшлі назад зь Ярузаліму (у Антыёху), узяўшы з сабою таксама і Яана, званага Маркам.
А Барнаба і Саўл, споўнішы сваё даручэньне, вярнуліся з Ерузаліму, узяўшы з сабой Яна, званага Маркам.