Дзеі 26 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Агрыппа ж сказаў да Паўлы: дазваляецца табе гаварыць за сябе. Тады Паўла, працягнуўшы руку́, пачаў апраўдвацца.
 
Агрыпа сказаў Паўлу: "Дазваляецца табе гаварыць у тваёй абароне". Тады Павал, працягнуўшы руку, пачаў апраўдывацца:

Кароль Агрыппа, (я) лічу сябе шчасьлівым, быць гатовым сягоньня да абароны ад усяго, у чым вінавацяць (мяне) жыды,
 
"Кароль Агрыпа! Лічу я сябе шчасьлівым, што магу сягоньня выступаць у абароне сваёй перад табой супраць усяго, у чым вінавацяць мяне Юдэі.

бо ты найлепш ведаеш усе звы́чаі жыдоўскія і спрэчныя пытаньні. Дык прашу цябе выслухаць мяне цярпліва.
 
Тым болыш, што ты ведаеш усе звычаі і спрэчныя справы. Таму прашу цярпліва мяне выслухаць.

Жыцьцё маё ад юна́чых гадоў, якое ад пачатку прайшло сярод народу майго ў Ярузаліме, ведаюць усе жыды,
 
Жыцьцё маё ад маладосьці, якое праходзіла ў народзе маім і ў Ерузаліме, ведаюць усе Юдэі.

ведаючы мяне здаўна́ — калі б захацелі сьведчыць, — што я як хварысэй жыў паводля найдасканальшае навукі веры нашае.
 
Яны ведаюць мяне ад даўна і, каб хацелі, маглі б засьведчыць, што я як фарысэй жыў паводле (прынцыпаў) найдасканалейшае сэкты нашай рэлігіі.

І вось цяпер (я) стаю, як падсудны за надзею на абяцаньне, данае ба́цькам (нашым) ад Бога.
 
І цяпер стаю перад судом ды суджаны за тое, што здавераны ў абяцаньні, дадзеным Богам бацькам нашым,

Дасягнуць якое спадзяюцца дванаццаць родаў нашых служачы ноччу і ўдзень рупліва. За гэту надзею вінавацяць мяне жыды, (о) кароль Агрыппа!
 
каторага спаўненьня спадзяюцца дванаццаць пакаленьняў нашых, служачы заўсёды, днём і ноччу. Дзеля гэтае надзеі, валадару, і вінавацяць мяне Юдэі.

Што? Вам здаецца няверагодным, што Бог ускрашае мёртвых?
 
Чаму вам здаецца немагчымым, што Бог уваскрашае памёршых?

Дый мне яно здавалася, што мне належыць многа зрабіць супраць Іменьня Ісуса Назарэя,
 
Калісьці і мне самому здавалася, што мушу выступаць усякімі спосабамі супраць імя Езуса з Назарэту.

што і зрабіў я ў Ярузаліме: узяўшы ўладу ад архірэяў, я многа сьвятых замкнуў у вастрогах, і як забівалі іх, (я) даваў голас (мой).
 
Я гэтак і рабіў у Ерузаліме; і, узяўшы ўпаважненьне ад першасьвятароў, кідаў у вязьніцы многіх сьвятых, і даваў голас мой, калі іх забівалі.

І па ўсіх сынагогах, часта мучачы іх, прымушаў да блюзьнерства і цераз меру раз’ярыўшыся супраць іх, перасьледаваў (іх) нават і да чужых местаў.
 
І часта ва ўсіх сынагогах карамі прымушаў іх да блюзьнерства, і перасьледаваў іх бяз меры нават па іншых гарадах.

І з гэтым ідучы ў Дамаск, маючы ўладу і даручэньне ад архірэяў,
 
І так ехаў я ў Дамашак з уладаю і з даручэньнем ад першасьвятароў,

у палу́дзень, на дарозе, о каролю, (я) убачыў сьвятло зь неба, ярчэйшае за зьзяньне сонца, (якое) асьвяціла мяне і тых, што ішлі са мною.
 
і ў дарозе апоўдні ўбачыў я, о валадару, сьвятло з неба, ярчэйшае за сонца, каторае агарнула мяне і маіх таварышаў падарожжа.

І, як усе мы паваліліся на зямлю, (я) пачуў Голас, які прамовіў да мяне гаворачы жыдоўскай мовай: Саўла, Саўла, чаму перасьледуеш Мяне? Цяжка табе перці супраць ражна.
 
І калі ўпалі мы ўсе на зямлю, пачуў я голас, каторы гаварыў да мяне па-гебрайску: "Саўл, Саўл, чаму Мяне перасьледуеш? Трудна табе ўпірацца проці ражна!"

Я ж сказаў: Хто Ты, Госпадзе? Ён жа сказаў: Я ёсьць Ісус, Якога ты перасьледуеш;
 
Я запытаў: "Хто Ты, Госпадзе?" А Госпад адказаў: "Я — Езус, каторага ты перасьледуеш.

але падыйміся і стань на ногі твае, бо Я дзеля таго зьявіўся табе, каб прызначыць цябе слугою і сьведкай таго, што ты ўбачыў і што адкрыю табе,
 
Але падніміся і стань на ногі, бо аб'явіўся Я табе таму, каб паставіць цябе слугою і сьведкай таго, што пабачыў, ды таго, што табе аб'яўлю,

выбіраючы цябе з народу і (для) паганаў, да якіх цяпер пасылаю цябе,
 
і абараню цябе ад народу Юдэйскага і ад паганаў, да каторых цябе пасылаю,

каб расчыніць ім вочы, каб зьвярнуцца ім ад цемры да сьвятла і ад улады шата́на да Бога, ды праз веру ў Мяне атрымаць дараваньне грахоў і ўдзел сярод пасьвячоных.
 
каб адкрыў ты ім вочы, каб адвярнуліся ад цемры да сьвятла і ад улады шатана да Бога, каб атрымалі адпушчэньне грахоў, удзел са сьвятымі праз веру ў Мяне".

Пагэтаму, кароль Агрыппа, я ня супрацівіўся зьяве нябеснай,
 
Дзеля таго, валадару, ня мог я працівіцца зьяве з неба,

але абвяшчаў сьпярша жыхарам Дамаску і Ярузаліму, (а потым) і ўсёй зямлі Юдэйскай і паганам, каб пакаяліся і навярнуліся да Бога, робячы ўчынкі вартыя пакаяньня.
 
але перш тым, што ў Дамашку, і ў Ерузаліме, і ва ўсёй краіне Юдэі, і паганам вясьціў, каб пакутавалі ды навярталіся да Бога і спаўнялі ўчынкі праўдзівага навяртаньня.

За гэта жыды, схапіўшы мяне ў Сьвятыні, памыка́ліся забіць (мяне).
 
Дзеля гэтае прычыны схапілі мяне Юдэі ў сьвятыні ды хацелі забіць.

Але атрымаўшы падмогу ад Бога і да гэтага дня стаю сьведчучы малому і вялікаму, нічога іншага ня кажучы, як што сказалі Прарокі і Масей, што мае стацца:
 
Але з помаччу Божай жыву да сёньня і далей сьведчу малым і вялікім, не навучаючы больш таго, што прадказвалі прарокі і Майсей,

што Хрыстос прызначаны на пакуты і, Першы з ускрасеньня мёртвых мае абвясьціць сьвятло народу і паганам.
 
што Хрыстос мае цярпець, што будзе Першым з уваскрасеньня мёртвых, ды што будзе вясьціць сьвятло для народу і для паганаў".

Калі ён гэтак апраўдываўся сказаў Хвэст громкім голасам: ты шалееш, Паўла, вялікая навука даводзіць цябе да ша́лу.
 
А калі ён так выступаў у абароне, Фэст закрычаў у голас: "Паўле, ты губляеш розум. Вялікая навука давяла цябе да шалу".

Ён жа кажа: ня шалею, вяльможны Хвэсьце, але кажу словы праўды і мудрасьці,
 
На гэта Павал: "Дастойны Фэст, я не шалею, ды словы, што гавару, праўдзівыя і прадуманыя!

бо ведае аб гэтым кароль, перад якім і гавару сьмела, бо я ўпэўнены, што нішто з гэтага ад яго ня ўтаілася: бо ня ў закуцьці гэта было зроблена.
 
Ведае пра гэта кароль, да каторага гавару сьмела. Я перакананы, што яму ўсе гэтыя справы вядомыя. Не адбывалася ж гэта ўсё ў якім заканурку.

Ці верыш, кароль Агрыппа, Прарокам? ведаю, што верыш.
 
Ці верыш, кароль Агрыпа, прарокам? Ведаю, што верыш".

Агрыппа ж сказаў да Паўлы: ты амаль што пераконваеш мяне стацца хрысьціянінам!
 
На гэта Агрыпа сказаў Паўлу: "Мала не хапае, каб ты пераканаў мяне ды зрабіў з мяне хрысьціяніна".

Паўла ж сказаў: маліў бы я Бога, каб наогул ня толькі ты але і ўсе, што слухаюць мяне сягоньня, сталіся такімі, як і я акрамя гэтых путаў.
 
А Павал: "Дай Бог, каб скарэй, ці пазней, ня толькі ты, але таксама ўсе, што мяне сягоньня слухаюць, сталіся б такімі, як я, апрача гэтых путаў".

І, як сказаў ён гэтае, устаў кароль і правіцель і Бэрніка дый тыя, што зь імі сядзелі
 
І ўстаў кароль, і намесьнік, і Бэрэніка, ды тыя, што з імі сядзелі,

і, адыйшоўшыся ўбок, гаварылі паміж сабою, кажучы, што чалавек гэты ня робіць нічога вартага сьмерці або путаў.
 
і, выходзячы, казалі адны другім: "Гэты чалавек не зрабіў нічога, каб караць сьмерцю або вязьніцаю".

Агрыппа ж сказаў Хвэсту: можна б было звольніць гэтага чалавека, калі б ня паклікаўся на кесара.
 
А Агрыпа сказаў Фэсту: "Можна было б асвабадзіць яго, калі б ён не адклікаўся да цэзара".