Адкрыцьцё 7 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 1999
І пасьля гэтага я ўбачыў чатырох Ангелаў, якія стоючы на чатырох вуглах зямлі, трымалі чатыры вятры зямлі, каб ня дуў вецер ні на зямлю, ні на мора, ні на якое дрэва.
Пасьля гэтага бачыў я чатырох анёлаў, стаячых на чатырох вуглах зямлі, трымаючы чатыры ветры зямлі, каб вецер ня дзьмуў на зямлю, ані на мора, ані на якое дрэва.
І ўбачыў я другога Ангела, узыйшоўшага ад усходу сонца, які меў пячатку Бога жывога; і ён гукнуў моцным голасам да чатырох Ангелаў, якім дадзена шкодзіць зямлі і мору,
І угледзеў я іншага анёла, які падымаўся з усходу і нёс пячатку Бога жывога і гаманіў гучным голасам чатыром анёлам, каторым даручана было чыніць шкоду зямлі і мору,
кажучы: ня шкодзьце ні зямлі, ні мору, ні дрэвам пакуль ня папячатаем рабоў Бога нашага на лабох іхных.
кажучы: "Ня шкодзьце зямлі і мору, ані дрэвам, пакуль ня выцісьнем пячаткі слугам Бога нашага на чолах іхніх".
І я пачуў лічбу папячатаных: сто сорак чатыры тысячы папячатаных із усякага роду сыноў Ізраэля.
І пачуў я лік тых, якія атрымалі пячатку: сто сорак чатыры тысячы пазначаных пячаткаю з усіх пакаленьняў сыноў Ізраэля:
Із роду Юдавага дванаццаць тысячаў папячатаных; із роду Рубэнавага дванаццаць тысячаў папячатаных; із роду Гадавага дванаццаць тысячаў папячатаных;
з пакаленьня Юды дванаццаць тысяч пазначаных, з пакаленьня Рубэна дванаццаць тысяч, з пакаленьня Гада дванаццаць тысяч,
із роду Асіравага дванаццаць тысячаў папячатаных; із роду Нехталімавага дванаццаць тысячаў папячатаных; із роду Манасавага дванаццаць тысячаў папячатаных;
з пакаленьня Асэра дванаццаць тысяч, з пакаленьня Нэфталі дванаццаць тысяч, з пакаленьня Манасэса дванаццаць тысяч,
із роду Сымонавага дванаццаць тысячаў папячатаных; із роду Лявіявага дванаццаць тысячаў папячатаных; із роду Ісаха́равага дванаццаць тысячаў папячатаных;
з пакаленьня Сымона дванаццаць тысяч, з пакаленьня Левія дванаццаць тысяч, з пакаленьня Ісахара дванаццаць тысяч,
із роду Забулонавага дванаццаць тысячаў папячатаных; із роду Язэпавага дванаццаць тысячаў папячатаных; із роду Бэніамінавага дванаццаць тысячаў папячатаных.
з пакаленьня Забулёна дванаццаць тысяч, з пакаленьня Язэпа дванаццаць тысяч, з пакаленьня Бэньяміна дванаццаць тысяч.
Пасьля гэтага я глянуў, і вось агромністае мноства людзей, палічыць якога ніхто ня мог, із кожнага племені і родаў, і народаў, і моваў стаяла перад Пасадам і перад Ягняком, апранутае ў белыя вопраткі, і пальмавыя галінкі ў руках іхных.
Пасьля ўбачыў я вялікі натоўп, якога пералічыць ніхто ня змог, з усіх плямёнаў і пакаленьняў, народаў і моваў. І стаялі яны перад тронам і перад Ягнём, адзетыя ў белыя вопраткі, і пальмы трымалі ў руках сваіх.
І ўсклікваюць голасам моцным, кажучы: збаўленьне Богу нашаму, Які Сядзіць на Пасадзе і Ягняку́!
І гаманілі яны моцным голасам, кажучы: "Збаўленьне ад Бога нашага, які сядзіць на троне, і ад Ягняці!"
І ўсе Ангелы стаялі вакол Пасаду і старэйшынаў і чатырох жывёлаў і ўпалі перад Пасадам на абліччы свае і пакланіліся Богу,
І ўсе анёлы стаялі вакол трону, і старых, і чатырох жывёлаў, і ўпалі перад тронам на твар свой і аддалі пашану Богу,
кажучы: Амін! Багаслаўленьне і слава, і мудрасьць, і падзяка, і чэсьць, і сіла, і магутнасьць Богу нашаму ў вяках вякоў. Амін.
кажучы: "Амэн! Багаслаўленьне, і слава, і мудрасьць, і падзяка, і чэсьць, і моц, і сіла Богу нашаму на вякі вечныя. Амэн".
І загаварыў адзін із старэйшынаў, пытаючыся ў мяне: гэтыя апрану́тыя ў белыя вопраткі, хто яны і адкуль прыйшлі?
І адзін са старых запытаўся ў мяне: "Хто гэтыя, апранутыя ў бель, і скуль яны прыйшлі?"
І я сказаў яму: Ты ведаеш, пане. І ён сказаў мне: гэта тыя, што прыходзяць ад вялікага ўціску; і яны абмылі вопраткі свае і выбялілі вопраткі свае Крывёю Ягняка́.
А я сказаў Яму: "Гаспадару мой, ты гэта ведаеш". І ён сказаў мне: "Гэта тыя, якія выйшлі з вялікага гора, і абмылі свае вопраткі, і выбелілі іх у крыві Ягняці.
Таму яны ёсьць перад Пасадам Бога і служаць Яму ўдзень і ўначы ў Сьвятыні Ягонай, і Сядзячы на Пасадзе будзе жыць у іх.
Таму стаяць перад тронам Божым і служаць Яму днём і ноччу ў сьвятыні Ягонай, і Той, што сядзіць на троне, будзе жыць ў іх.
І яны ня будуць больш ні галадаць, ні прагнуць, і ня будзе іх пячы сонца і ніякая сьпёка,
Ні смагі, ні голаду больш ня будуць цярпець, не будзе пячы іх болей сонца і ніякая сьпякота,
таму што Ягняк, Які пасярод Пасаду будзе пасьвіць іх і вадзіць іх да жывых крыніцаў водаў; і абатрэ Бог усякую сьлязу з вачэй іхных.
бо Ягня, які знаходзіцца пасярод трону, пасьвіць іх будзе і вадзіць да крыніцы вады жыцьця, і абатрэ Бог кожную сьлязу з вачэй іх".