Адкрыцьцё 7 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999
І пасьля гэтага бачыў я чатырох анёлаў, якія стаялі на чатырох кутах зямлі і трымалі чатыры вятры зямлі, каб ня веяў вецер ні на зямлю, ні на мора, ні на якое дрэва.
Пасьля гэтага бачыў я чатырох анёлаў, стаячых на чатырох вуглах зямлі, трымаючы чатыры ветры зямлі, каб вецер ня дзьмуў на зямлю, ані на мора, ані на якое дрэва.
І бачыў я іншага анёла, што ўзыходзіў з усходу сонца і меў пячатку Бога жывога. І ўсклікнуў ён гучным голасам да чатырох анёлаў, якім дадзена шкодзіць зямлі і мору, кажучы:
І угледзеў я іншага анёла, які падымаўся з усходу і нёс пячатку Бога жывога і гаманіў гучным голасам чатыром анёлам, каторым даручана было чыніць шкоду зямлі і мору,
не рабеце шкоды ні зямлі, ні мору, ні дрэвам, пакуль не накладзём пячаткі на ілбы рабам Бога нашага.
кажучы: "Ня шкодзьце зямлі і мору, ані дрэвам, пакуль ня выцісьнем пячаткі слугам Бога нашага на чолах іхніх".
І я чуў лік запячатаных: запячатаных было сто сорак чатыры тысячы з усіх каленаў сыноў Ізраілевых.
І пачуў я лік тых, якія атрымалі пячатку: сто сорак чатыры тысячы пазначаных пячаткаю з усіх пакаленьняў сыноў Ізраэля:
З калена Юды запячатана дванаццаць тысяч; з калена Рувімавага запячатана дванаццаць тысяч; з калена Гадавага запячатана дванаццаць тысяч;
з пакаленьня Юды дванаццаць тысяч пазначаных, з пакаленьня Рубэна дванаццаць тысяч, з пакаленьня Гада дванаццаць тысяч,
з калена Асіравага запячатана дванаццаць тысяч; з калена Нефалімавага запячатана дванаццаць тысяч; з калена Манасіінага запячатана дванаццаць тысяч;
з пакаленьня Асэра дванаццаць тысяч, з пакаленьня Нэфталі дванаццаць тысяч, з пакаленьня Манасэса дванаццаць тысяч,
з калена Сымонавага запячатана дванаццаць тысяч; з калена Левія запячатана дванаццаць тысяч; з калена Ісахаравага запячатана дванаццаць тысяч;
з пакаленьня Сымона дванаццаць тысяч, з пакаленьня Левія дванаццаць тысяч, з пакаленьня Ісахара дванаццаць тысяч,
з калена Завулонавага запячатана дванаццаць тысяч; з калена Язэпавага запячатана дванаццаць тысяч; з калена Веньямінавага запячатана дванаццаць тысяч.
з пакаленьня Забулёна дванаццаць тысяч, з пакаленьня Язэпа дванаццаць тысяч, з пакаленьня Бэньяміна дванаццаць тысяч.
Пасьля гэтага зірнуў я, і вось, вялікае мноства людзей, якога ніхто ня мог палічыць, з усіх плямёнаў і каленаў, і народаў і родаў стаяла перад тронам і перад Ягнём у белым адзеньні і з пальмавымі галінкамі ў руках сваіх.
Пасьля ўбачыў я вялікі натоўп, якога пералічыць ніхто ня змог, з усіх плямёнаў і пакаленьняў, народаў і моваў. І стаялі яны перад тронам і перад Ягнём, адзетыя ў белыя вопраткі, і пальмы трымалі ў руках сваіх.
І ўсклікалі гучным голасам, кажучы: збавеньне Богу нашаму, Які сядзіць на троне, і Ягняці!
І гаманілі яны моцным голасам, кажучы: "Збаўленьне ад Бога нашага, які сядзіць на троне, і ад Ягняці!"
І ўсе анёлы стаялі вакол трона і старцаў і чатырох жывых істотаў, і ўпалі ніцма перад тронам, і пакланіліся Богу,
І ўсе анёлы стаялі вакол трону, і старых, і чатырох жывёлаў, і ўпалі перад тронам на твар свой і аддалі пашану Богу,
кажучы: амін! дабраславеньне і слава, і мудрасьць і падзяка, і гонар і сіла і моц Богу нашаму на векі вечныя! Амін.
кажучы: "Амэн! Багаслаўленьне, і слава, і мудрасьць, і падзяка, і чэсьць, і моц, і сіла Богу нашаму на вякі вечныя. Амэн".
І, пачаўшы прамову, адзін старац спытаўся ў мяне: гэтыя апранутыя ў белую адзежу, хто, і адкуль прыйшлі?
І адзін са старых запытаўся ў мяне: "Хто гэтыя, апранутыя ў бель, і скуль яны прыйшлі?"
Я сказаў яму: ты ведаеш, уладару. І ён сказаў мне: гэта тыя, якія прыйшлі ад вялікае скрухі; яны абмылі вопратку сваю і адбялілі вопратку сваю Крывёю Ягняці.
А я сказаў Яму: "Гаспадару мой, ты гэта ведаеш". І ён сказаў мне: "Гэта тыя, якія выйшлі з вялікага гора, і абмылі свае вопраткі, і выбелілі іх у крыві Ягняці.
За гэта яны цяпер перад тронам Бога і служаць Яму дзень і ноч у храме Ягоным, і Той, Хто сядзіць на троне, будзе жыць у іх.
Таму стаяць перад тронам Божым і служаць Яму днём і ноччу ў сьвятыні Ягонай, і Той, што сядзіць на троне, будзе жыць ў іх.
Яны ня будуць ужо ні голаду ні смагі цярпець, і ня будзе паліць іх сонца, і ніякая сьпёка;
Ні смагі, ні голаду больш ня будуць цярпець, не будзе пячы іх болей сонца і ніякая сьпякота,
бо Ягня, Якое пасярод трона, будзе пасьвіць іх і вадзіць іх на жывыя крыніцы водаў, і вытра Бог кожную сьлязіну з вачэй іхніх!
бо Ягня, які знаходзіцца пасярод трону, пасьвіць іх будзе і вадзіць да крыніцы вады жыцьця, і абатрэ Бог кожную сьлязу з вачэй іх".