Адкрыцьцё 11 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999
І дадзена мне трысьціна, падобная да жазла, і сказана: устань, абмерай храм Божы і ахвярнік, і тых, што пакланяюцца ў ім;
І дадзена была мне трысьціна, падобная на жазло, і сказана мне: "Падыміся і памерай сьвятыню Божую, і аўтар, і тых, што пакланяюцца ў ёй.
а зьнешні двор храма выключы і не абмярай яго, бо ён дадзены язычнікам: яны будуць таптаць сьвяты горад сорак два месяцы.
А панадворак вонкі сьвятыні абміні і ня мерай яго, бо ён прызначаны паганам, і яны будуць таптаць горад сьвяты праз сорак два месяцы.
І дам двум сьведкам Маім, і яны будуць прарочыць тысячу дзьвесьце шасьцьдзясят дзён, апранутыя ў вярэту.
І Я дам уладу Маім двум сьведкам, і будуць яны прарочыць тысяча дьвесьце шэсьдзесят дзён, адзетыя ў зрэбніцу".
Гэта — дзьве масьліны і два сьветачы, што стаяць прад Богам зямлі.
Яны — дзве аліўкі і два сьвечнікі, перад Госпадам зямлі стоячыя.
І калі хто захоча іх скрыўдзіць, дык вагонь выйдзе з вуснаў іхніх і зжарэ ворагаў іхніх; калі хто захоча іх скрыўдзіць, той мусіць быць забіты.
І калі хто захоча ім шкодзіць, то агонь выйдзе з вуснаў іх і зьнішчыць іхніх ворагаў; калі ж хто захоча скрыўдзіць іх, то гэткі мусіць быць забіты.
Яны маюць уладу зачыніць неба, каб ня падаў дождж на зямлю ў дні прарочаньня іхняга, і маюць уладу над водамі — ператварыць іх у кроў і пабіваць зямлю рознымі пошасьцямі, калі толькі захочуць.
Яны маюць уладу зачыніць неба, каб не ішоў дождж на зямлю ў час іхняга праракаваньня, ды маюць уладу над водамі замяніць іх у кроў, і насылаць на зямлю усякія бедствы, якія толькі захочуць.
І калі закончаць яны сьведчаньне сваё, зьвер, які выходзіць зь бездані, павядзе бітву зь імі, і пераможа іх, і заб’е іх,
І калі закончаць яны сьведчаньне сваё, паўстане зьвер з бяздоньня і пачне супраць іх бой, і пераможа іх, і заб'е іх.
і трупы іхнія пакіне на вуліцы вялікага горада, які духоўна называецца Садома і Егіпет, дзе і Гасподзь наш укрыжаваны.
І целы іх будуць ляжаць на плошчы вялікага горада, які духова завецца Садома і Эгіпет, дзе і Госпад іх быў укрыжаваны.
І многія з народаў і каленаў, і родаў і плямёнаў будуць глядзець на трупы іхнія тры дні з палавінаю і не дазволяць пакласьці трупы іхнія ў магілы.
І многія з народаў, і пакаленьняў, і моваў, і плямёнаў будуць аглядаць трупы іхнія праз тры дні і паўдня, а целаў іхніх не дазволяць палажыць у магілу.
І насельнікі зямныя будуць радавацца з гэтага і весяліцца, і пашлюць дарункі адно аднаму, бо два прарокі гэтыя мучылі насельнікаў зямлі.
І жывучыя на зямлі будуць радавацца дзеля іх, і весяліцца, і падарункі пасылаць адны другім, бо гэтыя два прарокі мучылі тых, якія жылі на зямлі.
Але праз тры дні з палавінаю ўвайшоў у іх дух жыцьця ад Бога, і яны абодва ўсталі на ногі свае; і вялікі страх агарнуў тых, што глядзелі на іх.
І пасьля трох з паловай дзён увайшоў у іх дух жыцьця ад Бога. І падняліся яны на свае ногі; і вялікі страх ахапіў тых, якія бачылі іх.
І пачулі яны зь неба гучны голас, які казаў ім: узыдзеце сюды. І яны ўзышлі на неба на хмары, і глядзелі на іх ворагі іхнія.
І пачулі яны з неба магутны голас, гаворачы ім: "Падыміцеся сюды". І падняліся яны ў неба ў воблаку, і бачылі іх ворагі іхнія.
І ў тую самую хвіліну стаўся вялікі землятрус, і дзясятая частка горада зруйнавалася, і загінула пры землятрусе сем тысяч імёнаў чалавечых; а астатнія былі апанаваныя жудасьцю і ўзьнесьлі славу Богу Нябеснаму.
І ў той час пачаліся страшныя землятрусы, і дзесятая частка горада завалілася, і загінула ад землятрусу сем тысяч асоб, а тыя, што засталіся, перапалохаліся і аддалі хвалу Богу на небе.
Другое гора прайшло; вось, ідзе неўзабаве трэйцяе гора.
Гора другое мінула; вось трэцяе прыйдзе незадоўга.
І сёмы анёл затрубіў, і залуналі на небе гучныя галасы, якія казалі: царства сьвету зрабілася Царствам Госпада нашага і будзе валадарыць ва векі вечныя.
І затрубіў анёл сёмы. І загаманілі моцныя галасы ў небе, кажучы: "Сталася каралеўства гэтага сьвету (каралеўствам) Госпада нашага і Хрыста Ягонага, і будзе Ён валадарыць на вякі вечныя".
І дваццаць чатыры старцы, што сядзелі перад Госпадам на тронах сваіх, упалі ніцма і пакланіліся Богу,
І дваццаць чатыры старыя, седзячыя перад Богам на сваіх тронах, упалі на твар свой і пакланіліся Богу,
кажучы: дзякуем Табе, Госпадзе Божа Ўсеўладны, Які ёсьць і быў і прыйдзеш, што Ты прыняў сілу Тваю вялікую і заваладарыў.
усклікаючы: "Дзякуем Табе, Госпадзе, Божа Усемагутны, які ёсьць, які быў і які ўзяў сілу сваю магутную і запанаваў.
І раз’юшыліся язычнікі; і прыйшоў гнеў твой і час судзіць мёртвых і даць адплату рабам Тваім, прарокам і сьвятым і тым, што баяцца імя Твайго, малым і вялікім, і пагубіць тых, што губілі зямлю.
І ўзбурыліся народы, і прыйшоў гнеў Твой і пара судзіць памёршых і даць узнагароду слугам Тваім прарокам і сьвятым, і разам з імі тым, што шануюць імя Тваё, малым і вялікім, і час загубы для тых, што пракудзілі зямлю".
І расчыніўся храм Божы на небе, і зьявіўся каўчэг запавету Ягонага ў храме Ягоным; і ўчыніліся маланкі і галасы, і грымоты і землятрусы і вялікі град.
І адчынілася Божая сьвятыня ў небе, і бачны стаў каўчэг запавету Яго ў сьвятыні Ягонай, і зазіхацелі маланкі, і пачуліся галасы, і былі землятрусы і град вялікі.