Адкрыцьцё 6 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 1999
І я ўгледзеў, што Ягня зьняло першую зь сямі пячатак, і я пачуў адну з чатырох жывых істотаў, якая гаварыла як бы грамавым голасам: ідзі і глядзі!
Пасьля убачыў я, як Ягня зламала першую з сямі пячатак, і пачуў, як адна з жывёлаў сказала быццам гукам грымоты: "Прыйдзі і паглядзі!"
Я зірнуў, і вось, конь белы, і на ім верхавец, які меў лук, і дадзены яму быў вянок, і выйшаў ён як пераможны, і каб перамагчы.
І убачыў я: і вось белы конь, і на ім коньнік, трымаючы лук, і дадзена яму карона, і выйшаў ён як пераможца, каб далей перамагаць.
І калі Ён зьняў другую пячатку, я пачуў другую жывую істоту: ідзі і глядзі.
І калі адкрыў Ён другую пячатку, пачуў я другую жывёлу, кажучы: "Прыйдзі і паглядзі!"
І выйшаў другі конь гняды; і таму, хто на ім сядзеў, дадзена было ўзяць мір зь зямлі, і каб забівалі адзін аднаго; і дадзены яму вялікі меч.
І выйшаў тады іншы конь, рыжы; і седзячаму на ім дадзена (ўлада), каб спыніў супакой на зямлі, каб людзі адны другіх забівалі, і дадзены яму вялікі меч.
І калі Ён зьняў трэйцюю пячатку, я чуў трэйцюю жывую істоту, якая казала: ідзі і глядзі. Я зірнуў, і вось, конь вараны, і на ім верхавец, які меў вагі ў руцэ сваёй.
І калі адкрыў Ён трэцюю пячатку, пачуў я трэцюю жывёлу, кажучы: "Прыйдзі і паглядзі!" І убачыў я: і вось конь вараны; і седзячы на ім трымаў вагу ў руцэ сваёй.
І чуў я голас з-пасярод чатырох жывых істотаў, які казаў: мера пшаніцы за дынар, і тры меры ячменю за дынар; а алею і віна не марнуй!
І пачуў я быццам голас, з-паміж тых чатырох жывёлаў, гаворачы: "Мера пшаніцы за дынар, і тры меры ячменю за дынар; і не кранай віна і алівы".
І калі Ён зьняў чацьвёртую пячатку, я чуў голас чацьвёртай жывой істоты, які казаў: ідзі і глядзі.
І калі адкрыў Ён чацьвёртую пячатку, пачуў я голас чацьвёртай жывёлы, кажучы: "Прыйдзі і паглядзі!"
І я зірнуў, і вось, конь бледны, і на ім верхавец, якому імя сьмерць; і пекла ішло за ім сьледам, і дадзена яму ўлада над чвэрцю зямлі — забіваць мечам і голадам, і пошасьцю і зьвярамі зямнымі.
І убачыў я: і вось конь сівы, і коньніку, які сядзеў на ім, было імя Сьмерць, і Пекла ішло сьледам за ім, і дадзена яму ўлада на чацьвёртай частцы зямлі забіваць мячом, голадам, і сьмерцю, і зьвярамі зямлі.
І калі Ён зьняў пятую пячатку, я ўбачыў пад ахвярнікам душы забітых за слова Божае і за сьведчаньне, якое мелі яны.
І калі адкрыў Ён пятую пячатку, убачыў я пад аўтаром душы тых, якія былі пазабіваныя за Слова Божае і за сьведчаньне, якое яны мелі.
І залямантавалі яны моцным голасам, кажучы: дакуль, Уладыка сьвяты і праведны, ня судзіш і ня помсьціш жыхарам зямным за кроў нашу?
І гаманілі яны гучным голасам, кажучы: "Госпадзе, Сьвяты і справядлівы, як доўга будзеш марудзіць з судом і помстай за нашу кроў над жыхарамі зямлі?"
І дадзена было кожнаму зь іх адзеньне белае, і сказана ім, каб яны супакоіліся яшчэ на нядоўгі час, пакуль і саслужнікі іхнія і браты іхнія, якія будуць забітыя, як і яны, дапоўняць лік.
І кожнаму з іх была дадзена белая вопратка, і сказана было ім, каб пачакалі яшчэ кароткі час, пакуль не дапоўніцца лік супрацоўнікаў іх і братоў, якія маюць памерці падобна, як і яны.
І калі Ён зьняў шостую пячатку, я зірнуў, і вось, сталася вялікае трасеньне зямлі, і сонца счарнела, як валасяніца, і месяц зрабіўся бы кроў,
І калі Ён адкрыў шостую пячатку, убачыў я, як зрабіўся жудасны землятрус, і сонца стала чорнае, як мех валасяны, і месяц быццам заліўся крывёю,
і зоркі нябесныя ўпалі на зямлю, як смакоўніца, патрасаная моцным ветрам скідае нясьпелыя смоквы свае.
і зоркі нябесныя паспадалі на зямлю так, як фіговае дрэва скідае свае недасьпелыя плады, калі ім страсяне вялікі вецер,
І неба схавалася, зьвіўшыся як сувой; і кожная гара і выспа рушылі зь месцаў сваіх;
і неба зьнікла, як быццам зьвілося ў скрутак, і ўсе горы і астравы зрушыліся са сваіх месцаў.
і цары зямныя і вяльможы, і багатыя і тысячнікі і моцныя, і кожны раб і кожны вольнік схаваліся ў пячоры і ў цясьніны гор,
І каралі зямлі, і магнаты, і тысячнікі, і багацеі, і асілкі, і ўсе нявольнікі і вольныя пахаваліся ў пячорах і горных скалах,
і кажуць гарам і камяням: упадзеце на нас і схавайце нас ад аблічча Таго, Хто сядзіць на троне, і ад гневу Гасподняга;
і казалі горам і скалам: "Спадзіце на нас і схавайце нас ад аблічча Таго, які сядзіць на троне і ад гневу Ягняці,
бо прыйшоў вялікі дзень гневу Ягонага, і хто можа выстаяць?
бо надыйшоў вялікі дзень гневу Яго, і хто можа вытрымаць?"