Мацьвея 20 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2002
Бо Валадарства Нябёсаў падобнае чалавеку гаспадару дому які выйшаў на досьвітку наняць работнікаў у вінаграднік свой.
І ўмовіўшыся з работнікамі па дынару за дзень, паслаў іх у вінаграднік свой.
Выйшаўшы ж каля трэйцяй гадзіны, ён убачыў другіх, якія стаялі на рынку бяз працы,
сказаў і ім: ідзіце і вы ў вінаграднік і дам вам справядліва. І яны пайшлі.
Зноў выйшаўшы каля шостай і дзявятай гадзіны зрабіў тое самае.
Нарэшце, выйшаўшы каля адзінаццатае гадзіны ён знайшоў другіх, якія стаялі бяз працы і кажа ім: чаму вы стаіцё тут цэлы дзень бяз працы?
Яны кажуць яму: ніхто нас ня наняў. (Ён) кажа ім: ідзіце і вы ў вінаграднік (мой) і атрымаеце па справядлівасьці.
А як надыйшоў вечар, кажа гаспадар вінаградніку аканому свайму: пакліч работнікаў і аддай ім плату, пачаўшы з апошніх да першых.
І тыя, што прыйшлі каля адзінаццатае гадзіны атрымалі па дынару.
А тыя, што прыйшлі першымі, думалі, што яны дастануць больш, але і яны дасталі па дынару.
І, атрымаўшы пача́лі наракаць на гаспадара дому
кажучы: гэтыя апошнія адпрацавалі адну гадзіну, і ты зраўняў іх з намі, якія перанесьлі цягату дня і сьпёку.
А ён адказаўшы сказаў аднаму зь іх: дружа! я ня крыўджу цябе; ці ж ня за дынар ты ўмовіўся са мною?
Вазьмі сваё ды ідзі; я ж хачу гэтаму апошняму даць, як і табе.
Хíба я ня маю ўлады рабіць са сваім, што хачу? Ці вока тваё ліхое ад таго, што я добры?
Гэтак будуць апошнія першымі і першыя — апошнімі; бо многа закліканых, але мала выбраных.
І калі ўзыходзіў Ісус у Ярузалім, адклікаў па дарозе дванаццаць вучняў Сваіх і сказаў ім:
вось мы ўзыходзім у Ярузалім, і Сын Чалавечы будзе прада́ны архірэям і кніжнікам, і засудзяць Яго на сьмерць;
і перададуць Яго паганам на ганьбаваньне і бічаваньне, і ўкрыжаваньне; і на трэйці дзень уваскрэсьне.
Тады падыйшла да Яго матка сыноў Завядзея з сынамі сваімі, кланяючыся і нечага просячы ў Яго.
Ён жа сказаў ёй: чаго ты хочаш? Яна кажа Яму: скажы, каб гэтыя два сыны мае селі ў Цябе адзін з правага боку, а другі з левага ў Валадарстве Тваім.
Адказаўшы ж Ісус сказаў: ня ведаеце, чаго просіце. Ці можаце піць чару, якую Я маю піць, і быць ахрышчанымі хрышчэньнем, якім Я хрышчуся? (Яны) кажуць Яму: можам.
І кажа ім: чару Маю будзеце піць і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны. Але даць сесьці з правага боку Майго і з левага боку Майго — ня Мая (улада), але каму прыгатавана Ба́цькам Маім.
І пачуўшы (гэтае) дзесяць (вучняў) абурыліся на двух братоў.
Ісус жа, паклікаўшы іх, сказаў: вы ведаеце, што князі народаў пануюць над імі, і начальнікі ўладараць над імі;
але між вамі няхай ня будзе гэтак; а хто хоча між вамі быць большым, хай будзе вам слугою;
і хто хоча між вамі быць першым, хай будзе вам слугою.
Як і Сын Чалавечы ня прыйшоў, каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць жыцьцё Сваё ў выкуп за многіх.
І калі выходзілі яны зь Ярыхону, сьледам за Ім пайшло мноства народу.
І вось двое сьляпых, якія сядзелі каля дарогі, пачуўшы, што Ісус ідзе міма, закрычалі, кажучы: памілуй нас, Госпадзе, Сыне Давіда!
А людзі загадвалі ім, каб яны змоўклі; але яны яшчэ мацьней крычалі, кажучы: памілуй нас, Госпадзе, Сыне Давіда!
І, спыніўшыся, Ісус паклікаў іх і сказаў: што (вы) хочаце, (каб Я) зрабіў вам?
(Яны) кажуць Яму: Госпадзе! каб адчыніліся вочы нашыя.
Ісус жа, зьлітаваўшыся, дакрануўся да вачэй іхных; і адразу вочы іхныя пача́лі бачыць, і (яны) пайшлі ўсьлед за Ім.