Яна 1 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

На пачатку быў Слова, і Слова быў з Богам, і Слова быў Бог.
 

Ён быў у Бога на пачатку.
 

Усё празь Яго сталася, і бязь Яго нічога ня ста́лася (з таго), што сталася.
 

У Ім Жыцьцё было, і Жыцьцё было Сьвятлом людзей.
 

І Сьвятло ў цемры сьвеціць, і цемра ня праглыну́ла Яго.
 

Быў чалавек, пасланы ад Бога; імя ягонае Яан.
 

Ён прыйшоў дзеля сьведчаньня, каб сьведчыць пра Сьвятло, каб усе паверылі празь Яго.
 

Ня быў ён Сьвятлом, але каб сьведчыць пра Сьвятло.
 

(Бо) у сьвет ужо прыйшоў Сьвятло Сапраўдны, Які прасьвятляе ўсякага чалавека.
 

Ён (ужо) быў на сьвеце, і сьвет празь Яго стаўся, але сьвет Яго ня пазна́ў.
 

Ён прыйшоў да сваіх, але свае Яго ня прынялі.
 

А ўсім тым, (што) прынялі Яго, даў Ён ім уладу дзяцьмі Боскімі стацца, тым, (якія) вераць у Імя Ягонае,
 

каторыя ня ад крывí, ані ад жаданьня цела, ані ад жаданьня мужа, але ад Бога нарадзіліся.
 

І Слова Целам стаўся і жыў між нас, — і (мы) бачылі Славу Ягоную, Славу як Адзінароднага ад Ба́цькі, — поўны Багадаці і Праўды.
 

Яан сьведчыць аб Ім і закрычаў, кажучы: Гэты быў Той, пра Якога я запэўніў: Той, Хто пасьля мяне йдзе, Ён наперадзе мяне стаў, бо раней за мяне быў.
 

І ад Поўнасьці Ягонай ўсе мы атрымалі і Багадаць з прычыны Божай Любові;
 

бо Закон быў дадзены праз Масея, Багадаць і Праўда сталіся празь Ісуса Хрыста.
 

Бога ня ба́чыў ніхто ніколі; Адзінародны Сын, Які ёсьць ва Ўлоньні Ба́цькі, Ён зьявіў.
 

І гэта ёсьць сьведчаньне Яанава, калі юдэі паслалі зь Ярузаліму сьвятароў і лявітаў, каб спыталіся ў яго: хто ты ёсьць?
 

І (ён) вызнаў, і ня зро́кся, і вызнаў: я — ня Хрысто́с.
 

І спыталіся (ў) яго: дык хто ж? няўжо ты Ільля? І кажа:(я) — не. Няўжо ты прарок? І (ён) адказаў: не.
 

Дык сказалі яму: хто ж (ты)? Каб мы далі адказ тым, (што) нас паслалі: што (ты) кажаш пра самога сябе?
 

Ён сказаў: я голас крычачага ў пустэльні: прастуйце шлях Госпада, як сказаў прарок Гісая (Гісая 40:3).
 

А гэтыя пасланыя былі ад хварысэяў.
 

І (яны) спыталіся (ў) яго, і сказалі яму: дык што ж (ты) хрысьціш, калі ты ня Хрысто́с, ані Ільля, ані прарок?
 

Яан адказаў ім, кажучы: я хрышчу ў вадзе, але стаіць сярод вас Той, Якога вы ня ве́даеце;
 

Ён ёсьць Той, Хто йдзе за мною, Які наперадзе мяне быў; Яго я ня ва́рты, каб разьвязаць Яму рамень абуцьця (Ягонага).
 

Сталася гэта ў Бэтабары, за Ярданам, дзе Яан быў хрысьціў.
 

На другі дзень бачыць Яан Ісуса, ідучага да яго, і кажа: вось Ягняк Божы, Каторы бярэ (на Сябе) грэх сьвету.
 

Ён ёсьць Той, пра Якога я сказаў: ідзе за мною Мужчына, Які стаў наперадзе мяне, бо раней за мяне быў;
 

і я ня ве́даў Яго, але, каб Ён быў выяўлены Ізраэлю, дзеля таго я прыйшоў, хрысьцячы ў вадзе.
 

І сьведчыў Яан, кажучы: (я) бачыў: Дух зыходзіў зь Неба (на Яго), як галуб, і Ён (Дух) застаўся на Ім.
 

І я ня ве́даў Яго; але Той, Хто паслаў мяне хрысьціць у вадзе, Ён сказаў мне: калі на Каго ўгледзіш: Дух зыходзіць і застаецца на Ім, Гэты ёсьць Той, Хто Духам Сьвятым хрысьціць.
 

І я ўбачыў і засьведчыў, што Ён ёсьць Сын Божы.
 

На другі дзень ізноў стаяў Яан і двое з вучняў ягоных.
 

І, угледзіўшы, (што) ідзе Ісус, кажа: вось Ягняк Божы.
 

І пачулі яго, (што гэтае) гаворыць, двое вучняў (ягоных) і пайшлі за Ісусам.
 

Абярнуўшыся ж Ісус і ўбачыўшы іх, (што яны) ідуць усьлед (за Ім), кажа ім: Каго шукаеце? Яны ж адказалі Яму: Раббі, — што значыць (у) перакладзе: Вучыцелю, — дзе жывеш?
 

Кажа ім: прыйдзіце і ўбачыце. (Яны) пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і прабылі ў Яго гэты дзень. Было ж каля дзесятае гадзіны.
 

Андрэй, брат Сымона Пётры, быў адзін із двух, што пачулі ад Яана і пайшлі ўсьлед за Ім.
 

Ён першы знаходзіць брата свайго Сымона і кажа яму: мы знайшлі Мэсію, што ёсьць у перакладзе Хрыстос.
 

І прывёў яго да Ісуса. Глянуўшы ж (на) яго, Ісус сказаў: ты — Сымон, сын Ёнін, ты назавешся Кіхва, што перакладаецца Пётра.
 

Назаўтрае Ісус захацеў ісьці ў Галілею, і знаходзіць Піліпа ды кажа яму: ідзі за Мною.
 

Быў жа Піліп з Бэтсаіды, зь места Андрэявага і Пётравага.
 

Піліп знаходзіць Натанайлу і кажа яму: мы знайшлі Ісуса, Сына Язэпавага з Назарэту, пра Каго напісаў Масей у Законе і Прарокі.
 

І сказаў яму Натанайла: (ці) можа быць што добрае з Назарэту? Піліп кажа яму: пайдзі ды глянь.
 

Ісус убачыў Натанайлу, (што) ідзе да Яго, і кажа пра яго: вось, запраўды, ізраэлянін, у якім няма хітрыні.
 

Натанайла кажа Яму: скуль Ты ведаеш мяне? Ісус адказаў і сказаў яму: перш, чым паклікаў цябе Піліп, як (ты) быў пад смакоўніцай, Я бачыў цябе.
 

Натанайла адказаў і гаворыць Яму: Раббі! Ты ёсьць Сын Божы! Ты ёсьць Кароль Ізраэляў!
 

Ісус адказаў і сказаў яму: (ты) верыш таму, што Я сказаў табе, (што) бачыў цябе пад смакоўніцай; (ты) убачыш больш гэтага!
 

І кажа яму: Праўду, Праўду Я кажу вам: адгэтуль убачыце: (як) Неба адчынілася, і Ангелы Божыя ўзыходзяць і зыходзяць да Сына Чалавечага.