Яна 5 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Пасьля гэтага было сьвята жыдоўскае, і ўзыйшоў Ісус у Ярузалім.
 

Ёсьць жа ў Ярузаліме ля авечай брамы купальня, што завецца па жыдоўску Бэтэзда, (што) мае пяць паветак (на стаўбах).
 

Пад імі ляжала вялікае мноства хворых, сьляпых, кульгавых, ссохлых, (якія) чакалі руху вады;
 

бо Ангел (Госпадаў) час ад часу зыходзіў у купальню і каламуціў ваду; і вось, хто першы ўваходзіў (у яе) пасьля ўскаламучаньня вады, (той) здаравеў, (на) якую б хваробу (ён) ні хварэў.
 

Быў жа там нейкі чалавек, што быў у хваробе трыццаць восем гадоў.
 

Ісус, угледзіўшы яго, (што) ляжыць і даведаўшыся, што (ён) ужо даўгі час мае (хваробу), кажа яму: (ці) хочаш стацца здаровым?
 

Хворы адказаў Яму: Госпадзе, ня ма́ю чалавека, каб спусьціў мяне ў купальню, калі ўскаламуціцца вада; калі ж я прыходжу, другі (ўжо) зыходзіць прада мною.
 

Кажа яму Ісус: устань, вазьмі пасьцелю тваю і хадзі.
 

І (ў) тую ж часіну стаўся здаровым той чалавек, і ўзяў пасьцелю сваю і пайшоў. Была ж субота ў той дзень.
 

Казалі тады жыды аздароўленаму: (сёньня) — субота, ня дазво́лена табе браць пасьцелю.
 

(Ён) адказаў ім: Той, Хто зрабіў мяне здаровым, Ён мне сказаў: вазьмі пасьцелю тваю і хадзі.
 

Тады (яны) спыталіся ў яго: Хто ёсьць Гэны Чалавек, што сказаў табе: вазьмі пасьцелю тваю і хадзі?
 

Аздароўлены ж ня ве́даў, хто Ён ёсьць, бо Ісус адыйшоўся (ад) людзей, што былі ў тым мейсцы.
 

Пасьля гэтага знаходзе яго Ісус у Сьвятыні і сказаў яму: вось, (ты) стаўся здаровым, ня грашы больш, каб ня ста́лася табе нешта горшае.
 

Чалавек гэны пайшоў і расказаў жыдам, што Ісус ёсьць Той, Хто аздаравіў яго.
 

І за гэта сталі гнаць жыды Ісуса і шукалі забіць Яго, што Ён рабіў гэткае ў суботу.
 

Ісус жа адка́заваў ім: Бацька Мой дагэтуль робіць, і Я раблю.
 

За гэта яшчэ больш шукалі жыды забіць Яго, бо Ён ня то́лькі ламаў суботу, але і Ба́цькам Сваім называў Бога, раўняючы Сябе да Бога.
 

Адка́заваў тады Ісус і сказаў ім: Праўду, Праўду кажу вам: Сын нічога ня мо́жа рабіць (Сам) ад Сябе, калі ня ба́чыць, што робіць Бацька, бо што робіць Ён, тое й Сын робіць таксама.
 

Бо Бацька любіць Сына і пака́зуе Яму ўсё, што Сам робіць, і пакажа Яму Дзеяньні большыя (за) гэтыя, ажно вы дзівавацца будзеце.
 

Бо як Бацька ускрашае памерлых і ажыўляе (іх), так і Сын ажыўляе, каго хоча.
 

Бо Бацька і ня су́дзіць нікога, але ўвесь суд аддаў Сыну,
 

каб усе паважалі Сына, як паважаюць Ба́цьку. Хто ня паважа́е Сына, ня паважа́е (і) Ба́цьку, Які паслаў Яго.
 

Праўду, Праўду кажу вам: хто слухае Слова Маё і верыць Таму, Хто паслаў Мяне, мае Жыцьцё Вечнае і на суд ня прыхо́дзіць, але перайшоў ад сьмерці ў Жыцьцё.
 

Праўду, Праўду кажу вам: прыходзіць час і цяпер (ён ужо) ёсьць, калі ўмершыя пачуюць Голас Сына Божага і, пачуўшы, ажывуць.
 

Бо як Бацька мае Жыцьцё ў Самым Сабе, так і Сыну даў Жыцьцё мець у Самым Сабе;
 

і даў Яму ўладу й суд рабіць, бо Ён ёсьць Сын Чалавечы.
 

Ня дзіву́йцеся гэтаму, бо прыходзіць час, калі ўсе, што ў магілах, пачуюць Голас Ягоны,
 

і выйдуць тыя, што добрае рабілі, на ўскрасеньне Жыцьця, а тыя, што благое рабілі, на ўскрасеньне асуджэньня.
 

Я нічога ня магу́ рабіць Сам ад Сябе; як чую, (так і) суджу, і Суд Мой — справядлівы, бо ня шука́ю Маёй волі, але Волі Таго, Хто паслаў Мяне, Ба́цькі.
 

Калі Я сьведчу Сам аб Сабе, (то) Сьведчаньне Маё ня ёсьць Праўдзівае.
 

Ёсьць Іншы, Які сьведчыць аба Мне, і Я ведаю, што Праўдзівае ёсьць тое Сьведчаньне, якім Ён сьведчыць аба Мне.
 

Вы пасылалі да Яана, і ён засьведчыў пра Праўду.
 

Я ж ня ад чалаве́ка прыймаю сьведчаньне, але кажу гэта, каб вы былі выратаваны.
 

Ён быў сьветач, які гарэў і сьвяціў, а вы захацелі часіну пацешыцца пры сьвятле ягоным.
 

Я ж маю Сьведчаньне большае за Яанавае, бо Дзеяньні, што даў Мне Бацька, каб Я скончыў іх, самыя гэтыя Дзеяньні, што Я раблю, сьведчаць аба Мне, што Бацька паслаў Мяне.
 

І Бацька, Які паслаў Мяне, Сам засьведчыў аба Мне. (А) вы ані Голасу Ягонага ніколі ня чу́лі, ані Аблічча Ягонага ня ба́чылі;
 

і ня ма́еце Слова Ягонага, прабываючы ў вас, бо Каго паслаў Ён, Таму вы ня ве́рыце.
 

Дасьледуйце Пісаньні, бо вы думаеце празь Іх Жыцьцё Вечнае мець, і Яны ёсьць тыя, што сьведчаць аба Мне.
 

Але (вы) ня хо́чаце прыйсьці да Мяне, каб мець Жыцьцё.
 

Славы ад людзей Я ня бяру́,
 

але пазнаў вас: любові да Бога ня ма́еце ў сабе.
 

Я прыйшоў у Імя Ба́цькі Майго, і ня прыйма́еце Мяне, калі б іншы прыйшоў у імя сваё, таго прыймеце.
 

Як вы можаце паверыць, славу адзін ад аднаго прыймаючы, а Славы, што ад Адзінага Бога, ня шука́еце?
 

Ня ду́майце, што Я буду вінаваціць вас перад Ба́цькам: ёсьць той, што вінаваціць вас, Масей, на якога вы спадзяецёся.
 

Бо калі б (вы) верылі Масею, (то) верылі б (і) Мне, бо ён напісаў аба Мне.
 

Калі ж ягоным Пісаньням ня ве́рыце, як Маім Словам паверыце?