Якава 3 разьдзел
Пасланьне Якава
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2003
Ня многія рабецеся вучыцялямі, браты мае, ведаючы, што (мы) большы дастанем прысуд.
Хай з вас многія не квапяцца быць настаўнікамі, браты мае, ведаючы, што тым цяжэйшы атрымаем прысуд.
бо ўсе (мы) шмат спатыкаемся. Калі хто ў слове ня спатыкаецца, той даскана́лы чалавек, які мае сілу ўтаймаваць нават усё цела.
Бо ўсе мы шмат у чым грашым. Калі хто словам не грашыць, той дасканалы чалавек, які можа таксама ўтаймаваць усё цела сваё.
Вось мы закíлзаваем ко́ні, каб яны слухаліся нас, і кіруем усім іхнім целам.
Калі акілзваем коней, каб слухаліся нас, то падпарадкоўваем усё іх цела.
Вось і караблі вунь якія вялікія, і будучы насімымі моцнымі вятрамі, а кіруюцца нявялікім стырном куды б ні захацеў стырнавы.
Вось і караблі, хоць такія вялікія, і магутныя вятры іх носяць, а кіруюцца маленькім стырном туды, куды стырнавы захоча.
Так і язык нявялікім чэлесам зьяўляецца, але шмат хва́ліцца. Паглядзі, нявялíкі агонь, а як шмат драўніны запа́львае.
Так і язык, хоць малая частка цела, а шмат гарэзуе. Вось такі малы агеньчык і вялікі лес падпальвае.
І язык — агонь, сьвет няпра́веднасьці. Язык гэтак зьмяшчаецца між чэлесамі нашымі, што апаганівае ўсё цела і запальвае ход жыцьця, а сам запальваецца ад геенны.
І язык — гэта агонь, асяродак усякай злачыннасці. Язык так змешчаны паміж нашых членаў, што апаганьвае ўсё цела, ды, сам запалены пякельным агнём, запальвае кола жыцця.
Бо ўсякая прырода зьвераў і птушак, га́даў і марскіх жывёл утаймоўваецца і ўтаймавана прыродаю чалавечай,
Бо ўсякая натура звяроў і птушак, гадаў ды марскіх жывёлін утаймоўваецца і ўтаймавана натурай чалавечай.
а язык ніхто зь людзей утаймаваць ня можа: (ён) — нястрымнае зло; (ён) напоўнены сьмяротнай атрутаю.
Языка ж ніводзін чалавек не можа ўтаймаваць; і гэта — несупыннае ліха, поўнае смертаноснай атруты.
Ім багаслаўляем і Бога Бацьку, і ім праклінаем людзей, што створаны па падабенству Бога.
Ім бласлаўляем Госпада і Айца ды ім жа праклінаем людзей, якія створаны на падабенства Божае.
Із тых жа вуснаў выходзіць багаслаўленьне і праклён. Ня павінна, браты мае, гэта так быць.
З тых самых вуснаў выходзіць блаславенства і праклён. Не павінна так быць, браты мае!
Ці можа крыніца із свайго жарала́ разліваць салодкае і горкае?
Ці ж з таго самага жарала можа выцякаць вада салодкая і горкая?
Ня можа, браты мае, смакоўніца радзіць аліўкі, ці вінаградная лаза — смоквы; гэтак сама і адна крыніца ня можа выліваць салоную і салодкую ваду.
Ці ж можа, браты мае, дрэва фігавае нараджаць аліўкі, або вінаградны куст — фігі? Не можа салёная крыніца даваць салодкую ваду.
Хто з вас мудры і разумны, хай дакажа (гэта) із добрага ладу жыцьця ўчынкамі сваімі ў ціхасьці мудрасьці.
Хто паміж вас мудры і разважлівы? Хай пакажа на справе добрымі паводзінамі і мудрай лагоднасцю.
Але калі горкую завісьць і сварлівасьць маеце ў сэрцы вашым, дык ня хваліцеся і ня брашыце на праўду.
Калі ж у сэрцах вашых маеце горкую зайздрасць і сварлівасць, дык не хваліцеся і не хлусіце супраць праўды.
Ня ёсьць такая мудрасьць звыш зыходзячай, але зямная, душэўная, дэманічная.
Гэта не тая мудрасць, што з вышынь сыходзіць, але зямная, жывёльная, шатанская.
Бо дзе завісьць і сварлівасьць, там бязьладзьдзе і ўсякі злы ўчынак.
Бо дзе зайздрасць і сваркі, там бязладдзе ды ўсякая злачыннасць.
Але мудрасьць звыш перадусім чыстая, потым мірная, лагодная, паслухмяная, поўная міласэрнасьці і пладоў добрых, нястаронная і ня крывадушная.
А мудрасць, што з вышынь, перш за ўсё чыстая, пасля мірная, пакорлівая, падатлівая, поўная міласэрнасці і добрых пладоў, бесстаронная ды некрывадушная.
Плод жа праведнасьці ў міры сеецца тымі, што мір робяць.
Плод жа праўды засяваецца ў свеце тымі, што паводзяць сябе мірна.