Яна 16 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Гэтае сказаў Я вам, каб ня былі спакушаны.
 
Гэта Я сказаў вам, каб вы не горшыліся.

Выключаць вас із сынагогаў, а прыходзе гадзіна, калі кожны, хто будзе забіваць вас, будзе думаць, (што гэтым ён) служыць Богу.
 
Выключаць вас з сінагог; нават надыходзіць гадзіна, што кожны, хто забівае вас, будзе думаць, што паслугу Богу робіць.

І гэтае будуць рабіць вам, бо ня пазна́лі ані Бацьку, ані Мяне.
 
А ўчыняць гэта, бо не пазналі ані Айца, ані Мяне.

Але гэтае сказаў Я вам, каб, калі прыйдзе той час, (вы) прыпомнілі Тое, Што Я сказаў вам; а гэтага Я вам ад пачатку ня сказа́ў, бо быў з вамі.
 
Але гэта сказаў Я вам, каб, калі надыдзе іх гадзіна, успомнілі пра тое, што Я вам сказаў. Не сказаў Я вам гэтага спачатку, бо Я быў з вамі.

А цяпер Я йду да Паслаўшага Мяне, і ніхто з вас ня пыта́ецца ў Мяне: куды йдзеш?
 
А цяпер іду да Таго, Хто Мяне паслаў, і ніхто з вас не пытаецца ў Мяне: “Куды ідзеш?”

Але ад таго, што Я сказаў вам гэтае, сум напоўніў сэрца вашае.
 
Але, калі б Я вам сказаў гэта, смутак напоўніў бы ваша сэрца.

Але Я Праўду кажу вам: лепе́й вам, каб Я адыйшоў, бо калі Я ня пайду́, Суцяшальнік ня прыйдзе да вас, калі ж пайду, пашлю Яго да вас.
 
Але Я вам кажу праўду: “Лепей для вас, каб Я пайшоў, бо, калі не адыду, Суцяшальнік не прыйдзе да вас; а калі адыду, пашлю Яго да вас.

І, прыйшоўшы, Ён карыцімець сьвет у грэху і ў справядлівасьці, і ў судзе;
 
І, калі Ён прыйдзе, пераканае свет у граху, у справядлівасці і ў судзе:

у грэху, што ня ве́раць у Мяне;
 
у граху, што не вераць у Мяне,

у справядлівасьці ж, што Я йду да Бацькі Майго, і ўжо ня ўба́чыце Мяне;
 
у справядлівасці, што іду да Айца, ды ўжо Мяне не ўбачыце,

у судзе ж, што князь сьвету гэтага асуджаны.
 
і ў судзе, што князь гэтага свету ўжо асуджаны.

Яшчэ многа маю казаць вам, але (вы) цяпер ня здо́лееце панесьці.
 
Многа яшчэ маю вам сказаць, але цяпер не можаце несці.

Калі ж прыйдзе Ён, Дух Праўды, Ён прывядзе вас да ўсяе Праўды, бо ня ад Сябе́ казаць будзе, але будзе казаць Тое, Што пачуе, і Тое, Што надыходзіць, абвесьціць вам.
 
Але калі прыйдзе Ён, Дух праўды, то навучыць вас усякай праўдзе; бо не ад Сябе гаварыць будзе, але, што толькі пачуе, тое скажа, ды, што мае быць, вам аб’явіць.

Ён уславіць Мяне, бо з Майго возьме і вам абвесьціць.
 
Ён праславіць Мяне, бо з Майго возьме і вам абвесціць.

Усё, Што ма́е Бацька, ёсьць Маё; пагэтаму Я (і) сказаў, што ад Майго возьме і абвесьціць вам.
 
Усё, што мае Айцец, Маё. Таму сказаў вам, што з Майго возьме і вам абвесціць.

(Яшчэ) крыху і ня бу́дзеце бачыць Мяне, дый ізноў (яшчэ) крыху і ўгледзіце Мяне, бо Я йду да Бацькі.
 
Яшчэ крыху, і ўжо не ўбачыце Мяне, і потым яшчэ крыху, і ўбачыце Мяне”».

Сказалі тады (нікато́рыя) з вучняў Ягоных адзін аднаму: што ёсьць гэта, што Ён кажа нам: (яшчэ) крыху і ня бу́дзеце бачыць Мяне, дый ізноў (яшчэ) крыху і ўгледзіце Мяне, дый: Я йду да Бацькі.
 
Дык некаторыя з вучняў гаварылі між сабой: «Што гэта значыць, што Ён нам кажа: “Яшчэ крыху, і ўжо не ўбачыце Мяне, і потым яшчэ крыху, і ўбачыце Мяне”, і “Іду да Айца”»?

І вось (яны) казалі: што гэта ёсьць, што Ён кажа: (яшчэ) крыху? Ня ве́даем, што кажа.
 
І казалі: «Што значыць, што кажа: “Яшчэ крыху”? Не ведаем, што гаворыць».

Пазнаў тады Ісус, што хацелі спытацца ў Яго, і сказаў ім: аб тым пытаецеся адзін у аднаго, што Я сказаў: (яшчэ) крыху і ня бу́дзеце бачыць Мяне, дый ізноў (яшчэ) крыху і ўгледзіце Мяне?
 
Зразумеў Ісус, што хочуць пытацца Яго, дык сказаў ім: «Пытаецеся адзін аднаго пра тое, што Я сказаў: “Яшчэ крыху, і ўжо не ўбачыце Мяне, і потым яшчэ крыху, і ўбачыце Мяне”?

Праўду, Праўду кажу вам: вы заплачаце і загалосіце, а сьвет будзе радавацца; вы ж сумныя будзеце, але сум ваш у радасьць абернецца.
 
Сапраўды, сапраўды кажу вам, што вы будзеце плакаць і галасіць, а свет будзе весяліцца; вы сумаваць будзеце, але смутак ваш заменіцца ў радасць.

Жанчына, калі родзіць, тужыць, што прыйшла яе гадзіна, калі ж уродзіць дзіця, ужо ня памята́е аб горы ад радасьці, бо народжаны чалавек на сьвет.
 
Жанчына, калі нараджае, замірае, бо надыходзіць яе гадзіна, а калі дзіця народзіць, ужо не памятае сваіх пакут з радасці, што чалавек на свет нарадзіўся.

Вось гэтак і вы цяпе́р тужыце, але Я ўбачу вас ізноў, і ўзрадуецца сэрца вашае, і Радасьці вашай ніхто ня забярэ ў вас.
 
Так і вы, цяпер заміраеце; але Я вас зноў убачу, і будзе радавацца сэрца ваша, і радасці вашай ніхто ўжо не адбярэ ад вас.

І ў той дзень ня бу́дзеце пытацца ў Мяне ні аб чым. Праўду, Праўду кажу вам, што, аб чым папросіце Бацьку ў Імя Маё, дасьць вам.
 
І ў той дзень ні пра што не будзеце ў Мяне пытацца. Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі пра што будзеце прасіць Айца ў імя Маё, дасць вам.

Дагэтуль (вы) нічога ня прасíлі ў Імя Маё; прасіце і дастанеце, каб Радасьць ваша была поўная.
 
Дасюль нічога не прасілі ў імя Маё. Прасіце і атрымаеце, каб радасць ваша была поўнай.

Гэтае Я гаварыў вам прыповесьцямі; але надыходзіць гадзіна, калі ўжо ня бу́ду гаварыць вам прыповесьцямі, але проста абвяшчу вам пра Бацьку.
 
Гэта ўсё расказваў вам у прыпавесцях; прыходзіць гадзіна, што ўжо не ў прыпавесцях расказваць буду вам, але яўна абвяшчу вам пра Айца.

У той дзень будзеце прасіць у Імя Маё, і ня кажу вам, што Я буду прасіць Бацьку за вас,
 
У той дзень у імя Маё прасіць будзеце, і не кажу Я вам, што Я буду прасіць Айца за вас;

бо Сам Бацька любіць вас, бо вы палюбілі Мяне і паверылі, што Я зыйшоў ад Бога.
 
бо Сам Айцец любіць вас, бо вы Мяне палюбілі ды ўверылі, што Я ад Бога выйшаў.

Я зыйшоў ад Бацькі і прыйшоў у сьвет, (і) зноў пакідаю сьвет ды йду да Бацькі.
 
Я выйшаў ад Айца і прыйшоў у свет, і зноў пакідаю свет і іду да Айца».

Кажуць Яму вучні Ягоныя: вось цяпер Ты проста гаворыш і прыповесьці ня ка́жаш ніякае.
 
Кажуць Яму вучні Яго: «Вось цяпер адкрыта гаворыш ды ніякай прыпавесці не расказваеш.

Цяпер (мы) ведаем, што Ты ведаеш усё і ня ма́еш патрэбы, каб хто ў Цябе пытаўся. Пагэтаму верым, што Ты ад Бога зыйшоў.
 
Цяпер мы ведаем, што ўсё ведаеш і не трэба Табе, каб хто ў Цябе пытаўся; дзеля таго верым, што Ты ад Бога выйшаў».

Адказаў ім Ісус: цяпе́р верыце?
 
Адказаў ім Ісус: «Цяпер верыце?

Вось надыходзіць гадзіна, дый ужо прыйшла, так што (вы) расьцярушыцеся кожны ў свой (бок), і Мяне аднаго пакінеце; але Я ня адзíн, бо Бацька ёсьць са Мною.
 
Вось жа, надыходзіць гадзіна, і ўжо надышла, калі расцярушыцеся кожны ў свой бок, а Мяне аднаго пакінеце; але Я не адзін, бо Айцец са Мной.

Гэтае сказаў Я вам, каб (вы) ува Мне Мір мелі. На сьвеце гора мець будзеце, але будзьце адважныя: Я перамог сьвет.
 
Гэта Я вам сказаў, каб вы мелі супакой ува Мне; у свеце будзеце мець прыгнёт, але будзьце пэўныя: Я перамог свет».