Да Ціта 2 разьдзел
Пасланьне да Ціта
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2012
Ты ж кажы тое, што адпавядае здароваму вучэньню:
Ты ж навучай таму, што належыць да здаровай навукі.
каб старыкі былі духова цьвярозымі, пава́жнымі, разважлівымі, здаровымі ў веры, любові, цярплівасьці;
Старыя [павінны быць] людзьмі цвярозымі, сціплымі, разумнымі, здаровай веры, поўнымі любові і цярплівасці.
старым жанчынам таксама паводзіць сябе адпаведна сьвятасьці, ня быць паклёпніцамі, каб ня паддаваліся п’янству, каб вучылі дабру, —
Падобна і старыя жанчыны [павінны] апранацца, як дастойна святых, высцерагацца пляткарства, не ўпівацца віном, навучаць іншых дабру,
каб настаўлялі маладых (жанчын): кахаць мужоў, любіць дзяцей,
разумна вучыць маладых, каб яны любілі сваіх мужоў і дзяцей,
быць разважнымі, чыстымі, каб клапаціліся пра дом, былі добрымі, каб карыліся сваім мужом, (і ўсё дзеля таго), каб Слова Бога ня было зьняважаемым.
былі разумнымі, чыстымі, гаспадарнымі, лагоднымі, паслухмянымі мужам сваім, каб не зневажалася імі слова Божае.
Юнакоў таксама ўгаворвай быць разважнымі.
Таксама юнакоў заахвочвай, каб былі стрыманымі.
Ва ўсім сам будзь узорам добрых учынкаў: у навуцы — чысьціню, сьвятасьць, няпашкоджанасьць,
Ва ўсім пакажы на сабе прыклад добрых учынкаў, у навуцы — непарушнасць, паважнасць,
слова здаровае, бяззаганнае, каб супрацівец быў пасаромлены, ня маючы нічога благога сказаць пра вас.
у здаровым слове — беззаганнасць, каб той, хто супрацівіцца, асароміўся, не могучы нічога благога пра нас сказаць.
Рабоў (настаўляй) быць паслухмянымі сваім гаспадаром ва ўсім і дагаджаць ім ня пярэчачы,
Хай паслугачы слухаюць сваіх гаспадароў, ва ўсім дагаджаюць, а не пярэчаць,
ня красьці, але праяўляць усю добрую вернасьць, каб яны ва ўсім аздаблялі вучэньне Збавіцеля вашага Бога.
не ашукваюць, але ва ўсім добрую волю аказваюць, каб ва ўсім навуку Збаўцы нашага, Бога, услаўлялі.
Бо зьяўлена багадаць Бога, выратавальная для ўсіх людзей,
Бо з’явілася ласка Бога, выратавальная для ўсіх людзей,
якая вучыць нас, каб адкінуўшы бязбожнасьць і сьвецкія пажадлівасьці, разважна, праведна і багабойна пражылі мы ў цяперашнім веку,
якая вучыць нас, каб мы, выракшыся бязбожнасці і пажаданняў свету, разважна, справядліва і пабожна жылі на гэтым свеце,
чакаючы шчасьлівай надзеі і зьяўленьня славы вялікага Бога і Збавіцеля нашага Ісуса Хрыста,
чакаючы шчаслівай надзеі і прыйсця хвалы магутнага Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста,
Які аддаў сябе за нас, каб адкупіць нас ад усялякага бяззаконьня і каб ачысьціць Сабе народ асаблівы, руплівы да добрых учынкаў.
Які ахвяраваў Самога Сябе за нас, каб збавіць нас ад усякай спракуды і ачысціць Сабе народ асаблівы, рупны пра добрыя ўчынкі.
Гэтае кажы, угаворвай і дакарай з усёй уладаю, каб ніхто ня вывышаўся над табою.
Гэта кажы, і заахвочвай, і дакарай з усёю уладай. Ніхто цябе не папракне.