2 да Цімафея 4 разьдзел
Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2017
Дык заклінаю цябе я перад Богам і Госпадам Ісусам Хрыстом, Які будзе судзіць жывых і мёртвых у прыход Ягоны і ў Валадарстве Ягоным:
Умольваю цябе перад Богам і Госпадам Хрыстом Ісусам, Які будзе судзіць жывых і памерлых, праз прыход Яго і Валадарства Яго:
прапаведуй Слова, будзь гатовы настаяць у час і ня ў час, дакарай, зага́давай і забараняй, угаворвай з усякай вялікадушнасьцю і навучаньнем.
абвяшчай слова, настойвай у час ці не ў час, дакарай, забараняй, малі з усёй цярплівасцю і навукай.
Бо надыйдзе час, калі здаровай навукі прымаць ня будуць, але паводля пажадлівасьцяў сваіх будуць выбіраць сабе настаўнікамі тых, якія падхалімна дагаджаюць слыху.
Бо надыдзе час, калі здаровай навукі не будуць прымаць, але па волі сваіх пажадлівасцей падбяруць сабе настаўнікаў, патураючых вушам,
І ад праўды слых адве́рнуць, і наве́рнуцца да баек.
і адвернуць слых ад праўды, а да баек прыхінуцца.
Але ты будзь духова цьвярозым ва ўсім, перанось цяжкасьці, нясі працу дабравесьніка, выконвай служэньне тваё.
Ты ж пільнуйся ва ўсім, цярпі ў смутку, выконвай справу евангеліста, службу тваю спаўняй.
Бо я ўжо станаўлюся ахвярай, і час майго адыходу настаў.
Я вось гатовы стацца ахвярай, і час майго адыходу настаў.
Я змагаўся добрым змаганьнем, шлях закончыў, веру захаваў;
Змагаўся я ў добрым змаганні, бег закончыў, веру захаваў.
Урэшце чакае мяне вянок праведнасьці, які дасьць мне Госпад у Той Дзень, справядлівы Судзьдзя, — і ня толькі мне, але і ўсім, якія палюбілі прыход Ягоны.
На заканчэнне рыхтуецца мне вянок справядлівасці, які мне дасць у той дзень Госпад, справядлівы Суддзя, ды не толькі мне, але і тым, якія палюбілі прыход Яго.
Пасьпяшайся прыйсьці да мяне хутка.
Паспяшайся прыйсці да мяне хутка,
Бо Дзімас пакінуў мяне, палюбіўшы цяперашні век, і пайшоў у Тэссалоніку, Крэскэнт — у Галятыю, Ціт — у Дальматыю,
бо Дэмас кінуў мяне, палюбіўшы гэты век, і пайшоў у Тэсалоніку, Крэсцэнс — у Галатыю, Ціт — у Далмацыю.
са мной — толькі адзіны Лука́ш. Марка, узяўшы, прывядзі з сабой; бо ён мне патрэбны для служэньня.
Адзін Лука са мною. Вазьмі Марка і прывядзі яго з сабой, бо ён патрэбны мне для службы.
А Тыхіка я паслаў у Эхвес.
Тыхіка паслаў я ў Эфес.
Плашч, які я пакінуў у Траадзе, у Карпы, ідучы, прынясі, а таксама скруткі, асабліва пяргамінавыя.
Як будзеш ісці, вазьмі з сабою плашч, які пакінуў я ў Траадзе ў Карпа, і кнігі, асабліва пергаміны.
Аляксандра меднік зрабіў мне многа ліха. Няхай яму Госпад аддасьць па ўчынках ягоных,
Аляксандр, меднік, шмат учыніў мне ліха. Няхай аддасць яму Госпад паводле дзейнасці яго.
якога беражыся і ты; бо ён моцна супрацівіцца нашым словам.
Яго і ты абмінай, бо ён вельмі працівіцца нашым словам.
Пры першай маёй абароне нікога са мной ня было, але ўсе мяне пакінулі. Няхай гэта ня будзе ім палíчана.
Пры першай маёй абароне нікога не было пры мне, але ўсе мяне пакінулі. Няхай гэта не будзе ім палічана.
Але Госпад зьявіўся мне і ўмацаваў мяне, каб праз мяне Дабравешчаньне было спраўджана, і каб пачулі яго ўсе пагане; і я быў збаўлены з пашчы ільва.
Госпад жа з’явіўся перада мною і ўмацаваў мяне, каб прапаведаванне праз мяне працягвалася і каб яго пачулі ўсе народы; і я пазбегнуў ільвінае пашчы.
І вызваліць мяне Госпад ад усякай ліхой справы і захавае для Свайго Нябеснага Валадарства, Якому слава ў вяках вякоў. Амін.
І вызваліць мяне Госпад ад усякай ліхой справы, і захавае для Свайго Нябеснага Валадарства. Яму слава на векі вечныя. Амін.
Вітай Прыскіллу і Акілу, а таксама дом Анісіхвора.
Прывітай Прыску і Аквілу, і разам дом Анэсіфора.
Эраст застаўся ў Карыньце; Трахіма ж я пакінуў у Мілеце хворага.
Эраст застаўся ў Карынце, а Трафіма пакінуў я хворым у Мілеце.
Пастарайся прыйсьці да зімы. Вітае цябе Яўвул і Пуд, і Лін, і Кляўдыя, і ўсе браты.
Паспяшайся перад зімой прыйсці. Вітаюць цябе Эўбул, і Пудэнс, і Лін, і Клаўдзія, і ўсе браты.
Госпад Ісус Хрыстос з духам тваім. Багадаць з вамі. Амін. Другое Пасланьне да Цімахвея.
Госпад Ісус Хрыстос з духам тваім. Ласка з вамі. Амін.