Дзеі 18 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад В. Гадлеўскага
Пасьля гэтага Паўла пакінуўшы Атэны прыйшоў у Карынт.
Пасьля гэтага выйшаўшы з Атэнаў, прыйшоў у Карынт.
І знайшоўшы нейкага жыда на імя Акілу родам з Понту, які нядаўна прыйшоў з Італіі, і Прыскіллу, жонку ягоную — бо Клаўдзі загадаў усім жыдам выбрацца з Рыму, — прыйшоў да іх.
І знайшоўшы аднаго жыда, на імя Аквілу, родам з Понту, каторы нядаўна быў прыйшоўшы з Італіі, і Прысцыллу жонку ягону, (таму што Клаўдый быў загадаўшы, каб усе жыды выйшлі з Рыму), паступіў да іх.
І па прычыне аднолькавага рамяства жыў у іх і працаваў; бо па рамяству (яны) былі вытворцамі буданоў.
А таму што быў таго-ж самага рамясла, аставаўся ў іх і працаваў: былі-ж яны палатка-вытворчага рамясла.
І кожную суботу гутарыў у сынагозе і пераконваў жыдоў ды грэкаў.
І гаварыў у бажніцы кожную суботу, успамінаючы імя Пана Езуса і пераконываў жыдоў і грэкаў.
Калі ж прыйшлі з Македоніі Сіла і Цімахвей Павал быў панука́ямы Духам, сьведчучы жыдам пра Хрыста Ісуса.
Калі-ж прыйшлі з Македоніі Сыла і Цімафей, Павал наставаў словам, сьведчучы жыдом, што Езус ёсьць Хрыстус.
А як яны працівіліся і ліхасловілі дык абтросшы вопратку сказаў да іх: кроў вашая на галаве вашай; чысты я. Ад цяпер пайду да паганаў.
Але калі яны пярэчылі і блюзьнілі, абтросшы сваё адзеньне, сказаў да іх: Кроў ваша на галаву вашу. Я чысты: адцяпер пайду да паганаў.
І выйшаўшы стуль пайшоў у дом аднаго багабойнага (чалавека) на імя Юста, дом якога быў побач з сынагогай.
І перанёсшыся адтуль, увайшоў у дом аднаго, на імя Ціта Юста, паклоньніка Божага, каторага дом быў побач з бажніцай.
А Крысп, начальнік сынагогі, паверыў у Госпада са ўсім домам сваім, ды многія карыньцяне слухаючы паверылі і былі ахрышчаны.
А Крысп, старшы над бажніцай, уверыў у Пана з усім домам сваім; і многія з карынцян слухаючы верылі і былі хрышчаны.
Госпад жа сказаў Паўлу ў зьяве ўначы: ня бойся, але прамаўляй ды ня змаўкай,
І сказаў Пан Паўлу ўначы праз відзеньне: Ня бойся, але гавары і не маўчы,
бо Я з табою, і ніхто ня адва́жыцца ўчыніць табе зло, таму што народу Майго шмат у месту гэтым.
дзеля таго што я з табою, і ніхто не кране цябе, каб табе пашкодзіць, бо многа для мяне ёсьць народу ў гэтым горадзе.
І пражыў (там Павал) год і шэсьць месяцаў навучаючы ў іх Слову Бога.
І сядзеў там год і шэсьць месяцаў, навучаючы ў іх слова Божага.
І (калі) Гальліён быў праконсулам Ахаі, жыды аднадушна напа́лі на Паўлу і прывялі яго ў судзíлішча,
Калі-ж Галліён быў старастай у Ахаі, паўсталі жыды аднадушна проціў Паўла і прывялі яго ў суд,
кажучы: Гэты падбухторвае людзей шанаваць Бога ня па Закону.
кажучы: што гэты нагаварвае людзей пакланяцца Богу проціў закону.
Калі ж Паўла захацеў расчыніць вусны, Гальліён сказаў да жыдоў: жыды, я слушна выслухаў бы вас, калі было б якое-небудзь бяззаконьне ці ліхі ўчынак;
Калі-ж Павал пачынаў адчыняць вусны, сказаў Галліён да жыдоў: Калі-б было нешта нягоднае або вельмі благі паступак, я прыняў-бы вас, як трэба, мужы жыдоўскія.
калі ж спрэчка ідзе аб Слова ды імёны ды Закон ваш, дык разьбірайцеся самі, бо судзьдзёй у гэтым я быць ня хачу.
Але калі спрэчкі ёсьць аб слове і імёнах і законе вашым, самі сябе глядзеце, я не хачу быць гэтага судзьдзёю.
І прагнаў іх із судзілішча.
І праганў іх ад суду.
А ўсе грэкі схапіўшы Састэна, начальніка сынагогі, білі (яго) перад судзілішчам, а Гальліёна гэта зусім ня рупіла.
І схапіўшы ўсе Састэна, старшага над бажніцай, білі яго перад судом, а Галліён зусім аб гэтым не клапаціўся.
А Паўла, прабыўшы яшчэ даволі дзён, развітаўшыся з братамі, адплыў у Сірыю, а разам зь ім Прыскілла і Акіла, абстрыгшы галаву ў Кэнхрэях: бо меў абяцаньне.
Павал-жа, прабыўшы яшчэ многа дзён, разьвітаўшыся з братамі, адплыў (і з ім Прысцылла і Аквіла); ён астрыг сабе галаву ў Кенхры, бо меў шлюбаваньне.
А прыбыўшы ў Эхвес, (Павал) іх там пакінуў а сам ўвайшоўшы ў сынагогу гутарыў з жыдамі.
І прыбыў у Эфэз і там іх пакінуў. А сам, увайшоўшы ў бажніцу, гаварыў з жыдамі.
А калі яны папрасілі застацца ў іх на доўгі час, ня згадзіўся,
Калі-ж яны прасілі, каб астаўся на даўжэйшы час, не згадзіўся,
але разьвітаўся зь імі, сказаўшы: мне абавязкова трэба справіць надыходзячае сьвята ў Ярузаліме; але ж, калі Бог захоча, (то) да вас прыйду ізноў. І вырушыў з Эхвесу.
але разьвітаўшыся і сказаўшы: Ізноў, вярнуся да вас, калі Бог захочы, рушыў з Эфэзу.
І прыйшоўшы ў Кесару, узыйшоўшы (у Ярузалім) і павітаўшы царкву, пайшоў у Антыёху.
І прыбыўшы ў Цэзарэю, пайшоў і прывітаў касьцёл і пайшоў у Антыохію.
І прабыўшы (там) нейкі час, выйшаў, праходзячы па чарзе Галятыйскі край і Прыгу ўмацоўваючы ўсіх вучняў.
І прабыўшы там нейкі час, рушыў, праходзячы папарадку Галацкую краіну і Фрыгію, уцьвярджаючы ўсіх вучняў.
І нейкі жыд імем Апальлёс родам з Алякса́ндры, мужчына красамоўны і моцны ў Пісаньнях, прыйшоў у Эхвес.
А адзін жыд, на імя Аполло, родам з Александрыі, муж вымоўны, магутны ў Пісаньнях, прыбыў у Эфэз.
Ён быў навучаны шляху Госпада ды палаючы духам прамаўляў ды вучыў пра Госпада правільна, ведаючы толькі хрышчэньне Яанавае.
Быў ён навучаны шляху Пана і гаручы духам гаварыў і навучаў пільна таго, што датыча Езуса, ведаючы толькі хрост Яна.
І ён пачаў адважна прамаўляць у сынагозе. Пачуўшы ж яго Акіла і Прыскілла прынялі яго і дакладней вылажылі яму шлях Бога.
Дык гэты пачаў адважна выступаць у бажніцы. Калі яго пачулі Прысцыла і Аквіла, узялі яго і пільней вылажылі яму шлях Пана.
А як ён маніўся пайсьці ў Ахаю, каб абадзёрыць (тамтэйшых вучняў), (то) браты напісалі вучням, каб прынялі яго. (І) ён, прыйшоўшы, шмат дапамог тым, што паверылі праз Багадаць.
А калі ён хацеў ісьці ў Ахаю, браты напісалі вучням, заахвочваючы, каб прынялі яго. Ён, прыйшоўшы, многа памог тым, каторыя ўверылі.
Бо (ён) пераканаўча прынародна абвяргаў жыдоў даказваючы праз Пісаньні, што Ісус ёсьць Хрыстос.
Бо ён многа пераконываў жыдоў, яўна паказваючы з Пісаньняў, што Езус ёсьць Хрыстус.