Дзеі 20 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад В. Гадлеўскага
Калі ж бунт суцíшыўся, Паўла, паклікаўшы вучняў і разьвітаўшыся, выйшаў ісьці ў Македоню.
А пасьля таго, як перастала разруха, Павал, склікаўшы вучняў і напомніўшы іх, разьвітаўся і рушыў, каб ісьці ў Македонію.
Прайшоўшы ж гэныя мясьціны і многімі словамі навучыўшы іх прыйшоў у Грэцыю.
Калі-ж прайшоў гэныя староны і напомніў іх многай мовай, прыйшоў у Грэцыю.
Прабыў (ён там) тры месяцы. І жыды ўчынілі супраць яго змову. Ён, жадаючы адправіцца ў Сірыю, надумаў вярнуцца праз Македоню.
Дзе калі прабыў тры месяцы, жыды зрабілі яму подступы, калі меўся адплыць у Сырыю; і пастанавіў вярнуцца праз Македонію.
Суправаджаў жа яго аж да Азіі Сапатр бярыец, (із) тэссалонцаў Арыстарх і Сэкунд; і Гай дэрбянін і Цімахвей; азійцы ж Тыхік і Трахім.
А падарожнічаў з ім Соапатэр Пырраў, Бэроанін, а з Тэссалонічан Арыстарх і Сэкунд, І Гай Дэрбеец і Цімафей, а Азійцы Тыхік і Трахім.
Гэтыя, апярэдзіўшы, чакалі нас у Троадзе.
Яны, пайшоўшы наперад, чакалі на нас у Троадзе.
Мы ж адплылí пасьля дзён праснакоў із Піліппаў і прыбылí да іх у Троаду цераз пяць дзён, дзе прабылí сем дзён.
А мы адплылі з Філіппаў па днях Праснакоў і прыбылі да іх у Троаду цераз пяць дзён, дзе прабылі сем дзён.
У першы ж дзень тыдня, калі вучні сабра́ліся на ламаньне хлеба, Паўла гутарыў зь імі. Манючыся назаўтрае адправіцца, (ён) доўжыў слова да паўночы.
А ў першы дзень па субоце, калі мы былі сабраўшыся на ламаньне хлеба, Павал гаварыў з імі, маючы вырушыць назаўтра і зацягнуў мову аж да поўначы.
А ў верхнім пакоі, дзе (яны) былі сабраны, было дастаткова сьветачаў.
А было многа ламп у сьвятліцы, дзе мы былі сабраўшыся.
І нейкі юнак імем Яўціх седзячы на вакне моцна заснуў, як Паўла прамаўляў доўга, змораны сном, зваліўся з трэйцяга паверху ўніз, і быў падняты мёртвым.
Седзячы-ж на вакне адзін дзяцюк, на імя Эўтых, папаўшы ў глыбокі сон, калі Павал доўга гаварыў, кіўнуўшыся ў сьне, ўпаў з трэцяга паверху ўніз, і падняты быў умерлы.
Паўла, сыйшоўшы (уніз), прыпаў да яго і абняўшы сказаў: ня хвалюйцеся, бо душа́ ягоная ў ім.
Калі Павал зыйшоў да яго, кінуўся на яго і абняўшы, сказаў: Не трывожцеся, бо душа ягона ў ім.
І падняўшыся (наверх) ды разламаўшы хлеб і паеўшы, гутарыў даволі (доўга) ажно да сьвітаньня (і) такім чынам пайшоў.
І ўзыйшоў і ламаў хлеб і еў і даволі нагаварыўшы аж да сьвету, так вырушыў.
А дзяцюка прывялі жывога і ўцешыліся нямала.
А хлапца прывялі жывога і ўцешыліся немала.
Мы ж, прыйшоўшы на карабель, адплылí ў Асс, адкуль меліся ўзяць Паўлу, бо гэтак было загадана (Паўлам), які меўся сам ісьці пехатой.
А мы, узыйшоўшы на карабель, паплылі ў Ассон, маючы адтуль забраць Паўла; бо гэтак быў пастанавіўшы сам, маючы адбыць дарогу зямлёю.
Калі ж ён сустрэў нас у Асьсе, (то) узяўшы яго (мы) прыплылі ў Мітылену.
Калі-ж ён зыйшоўся з намі ў Ассоне, мы, забраўшы яго, прыбылі ў Мітылену.
А адплыўшы стуль на наступны (дзень) даплылі да Хіосу, а на другі (дзень) прыплылі да Самосу і пабыўшы ў Трагільлі на наступны дзень прыбылі ў Мілет;
І адплыўшы адтуль, мы на другі дзень прыбылі супроць Хіосу, а назаўтра мы прысталі да Самосу, а на другі дзень прыбылі ў Мілет.
бо Паўла надумаў плысьцí міма Эхвесу, каб яму ня траціць часу ў Азіі, бо сьпяшаўся калі магчыма было яму дзень Пяцідзясятніцы прабыць у Ярузаліме.
Бо Павал быў пастанавіўшы абмінуць Эфэз, каб ня сталася яму якое спазьненьне ў Азіі. Бо сьпяшаўся, калі-б было яму магчыма, каб дзень Сёмухі абходзіць у Ерузаліме.
Зь Мілету ж паслаўшы ў Эхвес паклікаў (да сябе) ста́ршых царквы,
А з Мілету паслаўшы ў Эфэз, паклікаў старшых касьцёла.
калі ж (яны) прыбылі да яго, сказаў ім: вы ведаеце, як (я) ад першага дня (майго) прыходу ў Азію, што я ўвесь час быў з вамі,
Калі яны прыйшлі да яго і былі разам, сказаў ім: Вы ведаеце ад першага дня, у каторы я ўвайшоў у Азію, як я быў з вамі праз увесь час,
служачы Госпаду з усёй пакораю і многімі сьлязьмі і спакушэньнямі, што прыйшлі на мяне ад подступаў жыдоў,
служачы Пану з ўсей пакорай і сьлязамі і спакушэньнямі, якія прыходзілі на мяне ад подступаў жыдоўскіх.
як (я) нічога ня прапусьціў карыснага, чаго ня апавясьціў бы вам і ня навучыў бы вас усенародна й па дамох,
Як я нічога не прапусьціў карыснага, каб вам не абвясьціць і навучыць вас публічна і па дамох,
сьведчучы жыдам і грэкам аб пакаяньні перад Богам і веры ў Госпада нашага Ісуса Хрыста.
сьведчучы перад жыдамі і паганамі аб пакуце перад Богам і аб веры ў Пана нашага Езуса Хрыста.
І вось цяпер, зьвязаны Духам, іду я ў Ярузалім ня ведаючы, што ў ім сустрэне мяне.
І цяпер вось я зьвязаны духам іду ў Ерузалім, ня ведаючы, што ў ім мае прыйсьці на мяне;
Але (ведаю), што Дух Сьвяты ў кожным месту сьведчыць кажучы, што прадстаяць мне путы і мукі.
адно што Дух сьвяты па ўсіх гарадох сьведчыць мне, кажучы, што чакаюць мяне ў Ерузаліме путы і ўцісьненьні.
Але я ніколькі ня палохаюся і ня даражу жыцьцём маім, толькі б з радасьцю закончыць шлях мой і служэньне, якое я прыняў ад Госпада Ісуса: сьведчыць пра Эвангельле Багадаці Бога.
Але я нічога гэтага не баюся і не раблю жыцьця майго даражэйшым за сябе, каб толькі закончыць бег мой і служэньне слова, якое я атрымаў ад Пана Езуса, каб сьведчыць аб эванэліі ласкі Божай.
І цяпер вось я ведаю, што ўжо ня ўбачыце аблічча майго вы ўсе, сярод каторых (я) хадзіў, абвяшчаючы Валадарства Бога.
І цяпер вось я ведаю, што болей ня ўгледзіце вобліку майго вы ўсе, праз каторых я прыйшоў, абвяшчаючы каралеўства Божае.
Пагэтаму (я) сьведчу вам у сягоньняшні дзень, што чысты я ад крыві ўсіх,
Дзеля гэтага сьведчу вам у сягоньняшні дзень, што я чысты ад крыві ўсіх,
бо (я) ня ўхіліўся абвяшчаць вам усю Волю Бога.
бо ня ўхіляўся абвяшчаць вам усю волю Божую.
Дык рупцеся пра самых сябе і пра ўсё стада, у якім Дух Сьвяты паставіў вас япіскапамі, каб пасьвіць Царкву Бога, якую (Ён) прыдбаў уласнаю Крывёй Сваёй.
Уважайце на сябе і на ўсю стаду, у якой Дух сьвяты паставіў вас біскупамі, каб кіраваць Касьцёлам Божым, каторы ён здабыў крывёю сваею.
Бо я ведаю тое, што пасьля адыходу майго ўвойдуць да вас ваўкі лютыя, якія ня шкадуюць стада,
Я ведаю, што пасьля майго адыходу ўвойдуць між вас ваўкі рвучыя, не ашчаджаючыя стады.
дый із вас самых паўстануць мужчыны, якія перакручваюць (праўду), каб зьвесьці вучняў за сабою.
І з вас самых паўстануць мужы, гаворачыя круцельствы, каб адвясьці за сабою вучняў.
Дык будзьце настарожы, па́мятаючы, што (я) тры гады ўдзень і ўначы ня пераставаў са сьлязьмі навучаць кожнага (із вас).
Дзеля гэтага чуйце, памятаючы, што я праз тры гады ўначы і ўдзень не пераставаў напамінаць са сьлязьмі кожнага з вас.
І цяпер (я) аддаю вас, браты, Богу і Слову Багадаці Ягонай, якое можа збудаваць і даць вам спадчыну з усімі сьвятымі.
І цяпер паручаю вас Богу і слову ласкі ягонай, каторы мае моц збудаваць і даць спадчыну і даць спадчыну між усіх пасьвячоных.
Ні срэбра, ні золата, ні вопраткі (я) ні ад кога ня пажадаў:
Серабра і золата або адзежы я ў нікога не пажадаў, як
самі ж (вы) ведаеце, што патрэбам маім і тых, што былі са мною, паслужылі рукі гэтыя.
самі ведаеце, што на мае патрэбы і тых, каторыя ёсьць са мною, служылі гэтыя рукі.
Ува ўсім паказаў (я) вам, што, гэтак працуючы, трэба падтрымліваць слабых ды памятаць словы Госпада Ісуса, як Ён сказаў: шчасьлíвей даваць, чым браць.
Усё вам паказаў, што так працуючы трэба падтрымліваць слабых і помніць слова Пана Езуса, што ён сказаў: шчасьлівей даваць, чым браць.
І сказаўшы гэтае (ды) сукланіўшы калені свае, памаліўся з усімі імі.
І калі гэтае сказаў, стаўшы на калені свае, маліўся з імі ўсімі.
Тады ўзьняўся вялікі плач усіх, і ўпаўшы на шыю Паўлы цалавалі яго,
І ўзьняўся вялікі плач усіх, і кідаючыся на шыю Паўла, цалавалі яго,
сумуючы найбольш дзеля слова, якое (ён) сказаў, што ўжо больш ня ўбачаць аблічча ягонага. І праводзілі яго да карабля.
адчуваючы жаль найболей з таго слова, якое ён сказаў, што болей ня ўгледзяць вобліку ягонага. І праводзілі яго да карабля.