1 Пятра 5 разьдзел

Першае пасланьне Пятра
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Ста́ршыняў, якія між вамі, я ўпрошваю, суста́ршыня і сьведка пакутаў Хрыста і саўдзельнік славы, якая набліжаецца да адкрыцьця:
 
Старшых сярод вас вельмі прашу я, такжа старшы і сьветка мукі Хрыстуса ды супольнік тае хвалы, што мае аб’явіцца:

пасіце стада Бога, якое ў вас, наглядаючы за ім бяз прымусу, але ахвотна і ня дзеля карысьці, але са стараньнем;
 
пасеце статак Божы, што пры вас, наглядаючы за ім ня з прынукі, але ахвоча для Бога ды не дзеля агіднай нажывы, а з чыстай шчырасьці волі;

і ня як пану́ючыя над удзелам, але становячыся прыкладам для стада.
 
і не пануючы над клерам, але даючы добры прыклад аўчарні;

І калі будзе зьяўлены Найвышэйшы Пастыр, дастанеце вянок славы, што ня вяне.
 
калі-ж з’явіцца князь пастыраў, атрымаеце невянучы вянок славы.

Таксама і вы, малодшыя (па падпарадкаваньню), падпара́дкуйцеся старшыням; і ўсе, адзін аднаму падпара́дкуючыся, падперажыцеся сьціпласьцяй, бо Бог ганарлівым супрацьста́віцца, пакорным жа дае Багадаць.
 
Такжа і вы малодшыя будзьце паслухмянымі старшым. Дый усе аказывайце пакорнасьць адны другім, Бог бо пышным супраціўляецца, а пакорным ласку дае.

Дык вось, скарыцеся пад моцную Руку Бога, каб Ён узвысіў вас у свой час.
 
Скарэцеся, восьжа, пад моцную руку Божую, каб у сваім часе ўзвысіў вас,

Увесь клопат ваш ускладзіце на Яго, бо Ён рупіцца пра вас.
 
здайце на Яго ўсе вашыя турботы, Ён бо турбуецца аб вас.

Будзьце цьвярозымі, чувайце, бо вораг ваш, д’ябал, як леў, які рыка́е, ходзіць шукаючы каго бы сажраць.
 
Цвярозымі будзьце й не драмеце, праціўнік бо ваш, дзьябал, бы леў рыклівы кружыць, шукаючы кагог зжэрці;

Яму супрацьстаньце няпахіснай верай, ведаючы, што гэткія ж мучэньні ў сьвеце здараюцца з вашымі братамі.
 
процістаўцеся яму цьвёрдаю вераю, памятаючы, што гэткаяж грозная дакуда суправаджае і вашу братву на сьвеце.

Бог жа ўсякай Багадаці, што паклікаў нас у вечную Сваю Славу ў Хрысьце Ісусе, вас, кароткачасова адпакутаваўшых, няхай удасканаліць вас, угрунтуе, умацуе, хай зробіць няпахіснымі.
 
А Бог усялякае ласкі, які паклікаў нас да вечнае хвалы свае ў Хрыстусе, хай вас, крыху прыцярпеўшых, удасканаліць, угрунтуе, падмацуе.

Яму Слава і Сіла на векі вякоў. Амін.
 
Яму хвала і сіла на вякі вечныя. Амэн.

Цераз Сілуана, як лічу вернага вам брата, я напісаў коратка, суцяшаючы і сьведчучы, што гэта праўдзівая Багадаць Бога, у якой вы стаіце.
 
Гэта вось коратка напісаў я вам праз Сыльвана, вернага — думаю — брата, каб упэўніцьвас ды заахвоціць, што ёсьць праўдзівая тая ласка Божая, ў якой вы трываеце.

Вітае вас (царква, што) ў Бабілёне, выбраная разам (з вамі), і Марк, сын мой.
 
Вітае вас выбраная з вамі эклезія ў Бабілёне ды Марак, мой сын.

Вітайце адзін аднаго пацалункам любові. Мір вам усім, каторыя ў Хрысьце Ісусе. Амін.
 
Паздароўцеся ўзаемна сьвятым цалункам. Супакой вам усім у Езусе Хрыстусе. Амэн.