4 царстваў 11 разьдзел
Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
Гатолія, маці Ахозіі, бачачы, што сын яе памёр, устала і вынішчыла ўсё царскае племя.
А Аталія, маці Ахазіі, даведалася, што сын яе памёр, устала яна і забіла ўсіх царскіх нашчадкаў.
Але Ёсавеф, дачка цара Ёрама, сястра Ахозіі, узяла Ёаса, сына Ахозіі, і тайна зьвяла яго з атачэньня забіваных сыноў царскіх, яго і карміцельку ягоную, у пасьцельны пакой; і схавалі яго ад Гатоліі, і ён ня быў забіты.
Але Ёсаба, дачка цара Ярама, сястра Ахазіі, узяла Ёаса, сына Ахазіі, і выкрала яго з сыноў цара, якіх забівалі, разам з карміцелькай яго, і схавала яго ад Аталіі, каб не быў забіты, у пакоі спальным.
І хавалі яго зь ёю ў доме Гасподнім шэсьць гадоў, тым часам як Гатолія царавала над зямлёю.
І хаваўся ён з ёй шэсць гадоў у доме Госпада; а Аталія гаспадарыла ў краіне.
У сёмы год паслаў Ёдай, і ўзяў сотнікаў зь целаахоўцаў і скараходаў, і прывёў іх да сябе ў дом Гасподні, і ўчыніў зь імі ўгоду, і ўзяў зь іх клятву ў доме Гасподнім, і паказаў ім царскага сына;
А на сёмы год Ёяда паслаў, і ўзяў сотнікаў, і карыйцаў, і пасланцоў, і ўвёў іх да сябе ў святыню Госпада, і заключыў з імі дамову, і, узяўшы прысягу з іх у доме Госпадавым, паказаў ім сына царскага
і даў ім загад, сказаўшы: вось, што вы зрабеце: трэцяя частка з вас, з тых, што прыходзяць у суботу, будзе трымаць варту пры царскім доме;
і загадаў ім, кажучы: «Гэта загад, які вы маеце выканаць: трэцяя частка вас, што прыходзіць у суботу, будзе вартаваць пры царскім палацы;
трэцяя частка каля брамы Сур, і трэцяя частка каля брамы ззаду целаахоўцаў, і трымайце варту дома, каб ня было якое пашкоды;
а трэцяя частка — пры браме Сур, і яшчэ адна трэцяя — пры браме, што за жыллём пасланнікаў, і вы будзеце вартаваць дом па чарзе.
і дзьве часткі з вас, з усіх, што адыходзяць у суботу, будуць трымаць варту каля дома Гасподняга дзеля цара;
А дзве дружыны з вас, усе, што адыходзяць у суботу, будуць вартаваць пры доме Госпадавым, пры цары.
і атачэце цара з усіх бакоў, кожны са зброяй сваёй у руцэ сваёй; і хто ўвайшоў бы ў рады, той хай будзе забіты; і будзьце пры цары, калі ён выходзіць і калі ўваходзіць.
І абараняйце яго, трымаючы зброю ў руцэ сваёй; а хто ўвойдзе за агароджу святыні, хай будзе забіты; і будзьце вы з царом, калі ён уваходзіць і выходзіць».
І зрабілі сотнікі ўсё, што загадаў Ёдай сьвятар і ўзялі кожны людзей сваіх, што прыходзяць у суботу і што адыходзяць у суботу, і прыйшлі да Ёдая сьвятара.
І зрабілі сотнікі ўсё, як ім загадаў святар Ёяда, і ўзяў кожны сваіх людзей, якія прыходзілі ў суботу, з тымі, якія адыходзілі ў суботу, і прыйшлі да святара Ёяды.
І раздаў сьвятар сотнікам дзіды і шчыты цара Давіда, якія былі ў доме Гасподнім.
Той раздаў сотнікам дзіды і шчыты цара Давіда, якія былі ў доме Госпада.
І сталі скараходы, кожны са зброяй ў руцэ сваёй, з правага боку дома да левага боку дома, каля ахвярніка і каля дома, вакол цара.
І сталі пасланцы, кожны са зброяй у руцэ сваёй, ад правага боку святыні аж да левага боку святыні, перад ахвярнікам і святыняй вакол цара.
І вывеў ён царскага сына, і ўсклаў на яго царскі вянок і кляйноды, і ўцаравалі яго, і памазалі яго, і пляскалі ў далоні і ўсклікалі: хай жыве цар!
І ён вывеў сына цара і ўсклаў на яго вянец і сведчанне; і паставілі яны яго царом, і намасцілі яго, і, пляскаючы ў далоні, крычалі: «Хай жыве цар!»
І пачула Гатолія голас народу, які бег, і пайшла да народу ў дом Гасподні.
А Аталія пачула гоман народа і, выйшаўшы да людзей у святыню Госпада,
І бачыць, і вось цар стаіць на ўзвышэньні, паводле звычаю, і князі і трубы каля цара; і ўвесь народ зямлі радуецца, і трубяць у трубы. І падрала Гатолія вопратку на сабе, і закрычала: змова! змова!
убачыла яна цара, які стаяў на ўзвышшы, па звычаю, і князёў, і трубы каля яго, і ўвесь народ зямлі, які радуецца і трубіць у трубы; і раздзерла яна шаты свае і крыкнула: «Змова, змова!»
І даў загад Ёдай сьвятар сотнікам, начальнікам над войскам, і сказаў ім: выведзіце яе за рады, а хто пойдзе за ёю, забівайце мечам, бо сьвятар думаў, каб не забілі яе ў доме Гасподнім.
А святар Ёяда загадаў сотнікам, якія былі над войскам, і сказаў ім: «Выведзіце яе за агароджу святыні, і, калі хто пойдзе за ёй, хай памрэ ад меча». Святар бо сказаў: «Нельга забіваць у святыні Госпада».
І далі ёй месца, і яна прайшла праз уваход конскі да дома царскага, і аддадзена сьмерці там.
І схапілі яе, і пацягнулі яе дарогай, па якой уязджаюць коні ў палац, і там была яна забіта.
І заключыў Ёдай запавет паміж Госпадам і царом і народам, каб ён быў народам Гасподнім, і паміж царом і народам.
А Ёяда заключыў дамову паміж Госпадам і царом, і народам, каб быў ён народам Госпадавым, і паміж царом і народам.
І пайшоў увесь народ зямлі ў дом Ваала, і разбурылі ахвярнікі яго, і выявы ягоныя зусім пабілі, і Матфана, жраца Ваалавага, забілі перад ахвярнікамі. І ўстанавіў сьвятар нагляд над домам Гасподнім.
І ўвесь народ зямлі ўвайшоў у храм Баала і зруйнавалі яго, і ахвярнікі яго, і ідалаў разбілі ўшчэнт; таксама Матана, святара Баала, забілі перад ахвярнікамі. І святар паставіў варту пры доме Госпада.
І ўзяў сотнікаў і целаахоўцаў і скараходаў і ўвесь народ зямлі, і праводзілі цара з дома Гасподняга, і прыйшлі па дарозе праз браму целаахоўцаў у дом царскі; і ён сеў на троне цароў.
І ўзяў ён сотнікаў, і карыйцаў, і хуткаходаў, і ўвесь народ зямлі; і вывелі яны цара з дома Госпада. І павялі па дарозе да брамы целаахоўнікаў у палац, і сеў ён на царскім пасадзе.
І весяліўся ўвесь народ зямлі, і горад супакоіўся. А Гатолію ўсьмерцілі мечам у царскім доме.
І радаваўся ўвесь народ зямлі, і горад напоўніўся супакоем; а Аталію забілі мечам у царскім доме.
Сем гадоў было Ёасу, калі зацараваў.