4 царстваў 22 разьдзел
Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
Восем гадоў было Ёсію, калі зацараваў, і трыццаць адзін год валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Едыда, дачка Адаі, з Боцкафы.
Осія меў восем гадоў, калі пачаў цараваць, і трыццаць адзін год быў царом у Ерузаліме. Маці яго называлася Ідыда, дачка Адаі з Баската.
І рабіў ён добрае ў вачах Гасподніх, і хадзіў ва ўсім шляхам Давіда, бацькі свайго, і ня ўхіляўся ні направа, ні налева.
І дзейнічаў справядліва перад абліччам Госпада, і хадзіў па ўсіх дарогах Давіда, бацькі свайго; не зварочваў ані ўправа, ані ўлева.
На васемнаццатым годзе цара Ёсіі, паслаў цар Шафана, сына Ацаліі, сына Мэшуламавага, пісца ў дом Гасподні, сказаўшы:
На васемнаццаты год цара Осіі паслаў цар пісара Сафана, сына Эсэліі, сына Мэсулы, у святыню Госпада, загадваючы яму:
ідзі да Хэлкіі першасьвятара, хай ён пералічыць срэбра, прынесенае ў дом Гасподні, якое сабралі ў народу дазорныя каля парога,
«Ідзі да першасвятара Хэлькіі, каб ён палічыў срэбра, якое ахвяравана ў святыні Госпада, якое сабралі брамнікі ад народа,
і хай аддадуць яго ў рукі майстрам на працы, што прыстаўлены да дома Гасподняга, а гэтыя хай раздаюць яго тым, што працуюць у доме Гасподнім, на паправу пашкодаў у доме,
і хай дадуць яго загадчыкам працы ў доме Госпада, і яны хай раздадуць яго тым, хто працуе ў святыні, падпраўляючы пашкоджанні святыні,
цесьлярам і каменярам, і мулярам сьцен, і на куплю драўніны і часанага каменю на папраўленьне дома;
гэта значыць: цеслям, і тым, хто адбудоўвае парушанае, і мулярам, і каб купіць дрэва, і камяні з каменяломняў дзеля аднаўлення святыні.
зрэшты не патрабаваць у іх адказу за срэбра, перададзенае ў рукі іхнія, бо яны сумленныя.
Толькі не трэба ім лічыць срэбра, якое яны атрымліваюць, бо яны працуюць паводле сваёй волі і сумлення».
І сказаў Хэлкія першасьвятар Шафану пісцу: кнігу закона я знайшоў у доме Гасподнім. І падаў Хэлкія кнігу Шафану, і ён чытаў яе.
А першасвятар Хэлькія сказаў пісару Сафану: «Знайшоў я кнігу закону ў доме Госпада». І даў Хэлькія кнігу Сафану, і ён прачытаў яе.
І прыйшоў Шафан пісец да цара, і прынёс цару адказ, і сказаў: узялі рабы твае срэбра, і знойдзена ў доме, перадалі яго ў руку майстрам працы, прыстаўленым да дома Гасподняга.
І пайшоў пісар Сафан да цара, і паведаміў яму тое, што ён загадаў, кажучы: «Паслугачы твае ўзялі грошы, якія знайшліся ў доме, і перадалі іх загадчыкам работ у святыні Госпада».
І данёс Шафан пісец цару, кажучы: кнігу даў мне Хэлкія сьвятар. І чытаў яе Шафан перад царом.
І паведаміў пісар Сафан цару, кажучы: «Святар Хэлькія даў мне кнігу». Калі Сафан прачытаў яе перад царом
Як пачуў цар словы кнігі закона, дык падраў вопратку на сабе.
і калі цар пачуў словы кнігі закону, раздзёр шаты свае
І загадаў цар Хэлкію сьвятару, і Ахікаму, сыну Шафанаваму, і Ахбору, сыну Міхееваму, і Шафану пісцу, і Асанію, слузе царскаму, кажучы:
і загадаў святару Хэлькіі, і Ахікаму, сыну Сафана, і Абдону, сыну Міхі, і Сафану, пісару, і Асаю, слузе цара, кажучы:
ідзеце, папрасеце Госпада за мяне і за народ і за ўсю Юдэю пра словы гэтай знойдзенай кнігі, бо вялікі гнеў Гасподні, які загарэўся на нас за тое, што ня слухалі бацькі нашыя слоў кнігі гэтай, каб рабіць згодна з прадпісаным нам.
«Ідзіце і спытайце Госпада адносна мяне, і адносна народа, і адносна ўсёй Юдэі паводле слоў гэтай кнігі, якая была знойдзена; бо вялікі гнеў Госпада ўзгарэўся супраць нас, бо не паслухалі бацькі нашы слоў кнігі гэтай, каб споўніць усё, што нам напісана».
І пайшоў Хэлкія сьвятар, і Ахікам, і Ахбор, і Шафан, і Асая да Алдамфы прарочыцы, жонкі Шалума, сына Тыквы, сына Хархаса, захавальніка вопраткі, — а жыла яна ў Ерусаліме, у другой частцы, — і гаварылі зь ёю.
І пайшлі святар Хэлькія, і Ахікам, і Абдон, і Сафан, і Асая да Гульды, прарочыцы, жонкі Сэлума, сына Тэквы, сына Харааса, вартаўніка адзення, якая жыла ў Ерузаліме, у другой яго частцы, і гаварылі з ёй,
І яна сказала ім: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: скажэце чалавеку, які паслаў вас да мяне:
і яна адказала ім: «Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Скажыце чалавеку, які паслаў вас да мяне.
так кажа Гасподзь: навяду ліха на месца гэтае і на жыхароў яго — усе словы кнігі, якую чытаў цар Юдэйскі.
Гэта кажа Госпад: “Вось, Я навяду ліха на гэтае месца і на яго жыхароў, паводле ўсіх слоў кнігі, якія прачытаў цар Юдэі,
За тое, што пакінулі Мяне, і дымяць іншым багам, каб раздражняць Мяне ўсімі дзеямі рук сваіх, загарэўся гнеў Мой на месца гэтае, і не патухне.
бо яны пакінулі Мяне і складалі ахвяры чужым багам, прагняўляючы Мяне ўсімі ўчынкамі рук сваіх, і ўзгарыцца гнеў Мой на гэтым месцы і не патухне”.
А цару Юдэйскаму, які паслаў вас папытацца ў Госпада, скажэце: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў пра словы, якія ты чуў:
А што да цара Юдэі, які паслаў вас, каб запытацца ў Госпада, скажыце так: “Вось што кажа Госпад, Бог Ізраэля: “За тое, што ты паслухаў словы кнігі,
як што зьмякчылася сэрца тваё, і ты ўпакорыўся прад Госпадам, пачуўшы тое, што Я сказаў пра месца гэтае і пра жыхароў яго, што яны будуць прадметам жаху і пракляцьця, і ты падраў вопратку сваю і плакаў прад Мною, дык і Я пачуў цябе, кажа Гасподзь.
і ўстрывожылася сэрца тваё, і ты ўпакорыўся перад Госпадам, пачуўшы прароцтвы супраць гэтага месца і жыхароў яго, што яны, напэўна, будуць у спусташэнні і ў праклёне, і раздзёр ты адзенне сваё, і плакаў перада Мною, — Я выслухаў цябе, — кажа Госпад. —
За гэта, Я прыкладу цябе да бацькоў тваіх, і ты пакладзены будзеш у магільніцу тваю ў міры, і ня ўбачаць вочы твае ўсяго таго бедства, якое Я навяду на месца гэтае. І прынесьлі цару адказ.
Таму Я далучу цябе да бацькоў тваіх, і будзеш ты пахаваны ў супакоі ў магіле сваёй, каб вочы твае не бачылі ўсяго таго гора, якое Я навяду на гэтае месца”». І яны расказалі цару тое, што Ён сказаў.