4 царстваў 20 разьдзел

Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

У тыя дні захварэў Эзэкія сьмяротна; і прыйшоў да яго Ісая, сын Амосаў, прарок, і сказаў яму: так кажа Гасподзь: учыні тастамент дому твайму, бо памрэш ты і ня выздаравееш.
 
У тыя дні Эзэкія захварэў смяротна. І прыйшоў да яго прарок Ісая, сын Амоса, і сказаў яму: «Гэта кажа Госпад: “Упарадкуй дом свой, бо памрэш і не будзеш жыць”».

І адвярнуўся Эзэкія тварам сваім да сьцяны і маліўся Госпаду, кажучы:
 
Ён адвярнуў свой твар да сцяны і маліўся да Госпада, кажучы:

о, Госпадзе, успомні, што я хадзіў прад абліччам Тваім верна і з адданым сэрцам, і рабіў спадобнае ў вачах Тваіх. І заплакаў Эзэкія моцна.
 
«О Госпадзе! Узгадай, як я хадзіў перад Табою верна і са шчырым сэрцам, і рабіў тое, што міла Табе». І заплакаў Эзэкія ўголас.

Ісая яшчэ ня выйшаў з горада, як было яму слова Гасподняе:
 
І перад тым як Ісая дайшоў да сярэдзіны пакоя, прамовіў да яго Госпад, кажучы:

вярніся і скажы Эзэкію, уладыку народу Майго: так кажа Гасподзь Бог Давіда, бацькі твайго: Я пачуў малітву тваю, убачыў сьлёзы твае. Вось, я ацалю цябе; на трэці дзень пойдзеш у дом Гасподні;
 
«Вярніся і скажы Эзэкіі, валадару народа Майго: “Гэта кажа Госпад, Бог Давіда, бацькі твайго: “Пачуў Я малітву тваю, убачыў слёзы твае, і, вось, Я аздараўлю цябе, і на трэці дзень ты пойдзеш у святыню Госпада.

і дадам да дзён тваіх пятнаццаць гадоў, і ад рукі цара Асірыйскага ўратую цябе і горад гэты, і абараню горад гэты дзеля Сябе і дзеля Давіда, раба Майго.
 
І Я дадам да дзён тваіх пятнаццаць гадоў; і вызвалю з рукі цара асірыйцаў цябе і горад гэты, і вазьму пад апеку горад гэты дзеля Сябе і дзеля Давіда, паслугача Майго”».

І сказаў Ісая: вазьмеце скрылік смоквы. І ўзялі, і прыклалі да нарыву: і ён выздаравеў.
 
І сказаў Ісая: «Вазьміце кавалак фігавы». Калі ўзялі яго, і паклалі на яго нарыў, ён ачуняў.

І сказаў Эзэкія Ісаю: якая азнака, што Гасподзь ацаліў мяне, і што пайду я на трэці дзень у дом Гасподні?
 
І сказаў Эзэкія Ісаі: «Што за знак будзе, што Госпад аздаровіць мяне і што на трэці дзень я пайду ў святыню Госпада?»

І сказаў Ісая: вось табе азнака ад Госпада, што выканае Гасподзь слова, якое Ён мовіў: ці наперад прайсьці ценю на дзесяць прыступак ці вярнуцца на дзесяць прыступак?
 
Ісая сказаў яму: «Такі будзе табе знак ад Госпада, што Госпад споўніць слова, якое Ён сказаў: жадаеш, каб цень прайшоў наперад на дзесяць ступеней ці каб ён адступіўся на дзесяць ступеней?»

І сказаў Эзэкія: лёгка ценю пасунуцца наперад на дзесяць прыступак; не, хай вернецца цень назад на дзесяць прыступак.
 
І Эзэкія сказаў: «Лёгка для ценю прайсці наперад на дзесяць ступеней, і не хачу, каб здарылася гэтак, але хай цень вернецца назад на дзесяць ступеней!»

І заклікаў Ісая прарок Госпада, і вярнуў цень на прыступках, дзе цень апускаўся па прыступках Ахазавых, на дзесяць прыступак.
 
І прызваў прарок Ісая Госпада, і Ён перасунуў цень на ступенях, па якіх ужо спускаўся Ахаз, назад на дзесяць ступеней.

Тым часам паслаў Бэродах Баладан, сын Баладана, цар Вавілонскі, лісты і дарунак Эзэкію, бо ён чуў, што Эзэкія быў хворы.
 
У той час Мерадахбаладан, сын Баладана, цар Бабілона, паслаў лісты і падарункі Эзэкіі; бо даведаўся, што ён захварэў.

Эзэкія, выслухаўшы пасланцаў, паказаў ім кладоўкі свае, срэбра і золата, і пахошчы, і масьці дарагія, і ўвесь збройны дом свой і ўсё, што было ў скарбніцах ягоных: не заставалася ніводнай рэчы, якой не паказаў бы ім Эзэкія ў доме сваім і ва ўсім валоданьні сваім.
 
І цешыўся Эзэкія з-за іх прыбыцця, і паказаў ім увесь скарб скарбоўніцы сваёй: срэбра і золата, вострыя духмяныя прыправы і найлепшы алей, і ўсю колькасць посуду свайго, і ўсё, што знаходзілася ў яго скарбоўніцах; не засталося ніводнай рэчы, якой бы Эзэкія не паказаў ім у палацы сваім і ва ўсёй маёмасці сваёй.

І прыйшоў Ісая прарок да цара Эзэкіі і сказаў яму: што казалі гэтыя людзі, і адкуль яны прыходзілі да цябе? І сказаў Эзэкія: зь зямлі далёкай яны прыходзілі, з Вавілона.
 
І прыйшоў да цара Эзэкіі прарок Ісая і сказаў яму: «Што казалі тыя людзі і адкуль прыбылі яны да цябе?» Эзэкія сказаў яму: «З далёкай зямлі прыбылі яны, з Бабілона».

І сказаў Ісая: што яны бачылі ў доме тваім? І сказаў Эзэкія: усё, што ў доме маім, бачылі, не засталося ніводнай рэчы, якое б я не паказаў ім у скарбніцах маіх.
 
А той спытаўся: «Што бачылі яны ў доме тваім?» Эзэкія адказаў: «Усё, што ёсць у доме маім, бачылі яны; не было ніводнай рэчы, якой бы я не паказаў ім з каштоўнасцей сваіх».

І сказаў Ісая Эзэкію; выслухай слова Гасподняе:
 
Тады Ісая сказаў Эзэкіі: «Паслухай слова Госпада:

вось прыйдуць дні, і ўзята будзе ўсё, што ў доме тваім і, што сабралі бацькі твае да сёньня, у Вавілон; нічога не застанецца, кажа Гасподзь.
 
“Вось, прыйдуць дні, і ўсё, што ў палацы тваім і што сабралі бацькі твае аж да гэтага дня, забяруць у Бабілон; не застанецца нічога, — кажа Госпад. —

З сыноў тваіх, якія пойдуць ад цябе, якіх народзіш ты, возьмуць, і будуць яны еўнухамі ў палацы цара Вавілонскага.
 
Таксама і дзяцей тваіх, якія выйдуць з цябе, якіх ты народзіш, забяруць, і стануць яны еўнухамі ў палацы цара Бабілона”».

І сказаў Эзэкія Ісаю: добрае слова Гасподняе, якое ты сказаў. І сказаў далей: хай будзе мір і дабрабыт у дні мае!
 
Сказаў Эзэкія Ісаі: «Добрае слова Госпада, якое ты сказаў». І падумаў: «Будзе супакой і бяспека, прынамсі, у мае дні».

Астатняе пра Эзэкію і пра ўсе подзьвігі ягоныя, і пра тое, што ён зрабіў сажалку і вадаправод і правёў ваду ў горад, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.
 
А іншыя дзеянні Эзэкіі, і ўся мужнасць яго, і як ён выкапаў студню і канал, і ўвёў воды ў горад, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэі?

І спачыў Эзэкія з бацькамі сваімі, і зацараваў Манасія, сын ягоны, замест яго.
 
І супачыў Эзэкія з бацькамі сваімі, і пасля яго цараваў Манаса, сын яго.