4 царстваў 15 разьдзел

Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

У дваццаць сёмы год Ераваама, цара Ізраільскага, зацараваў Азарый, сын Амасія, цар Юдэйскі:
 
На дваццаць сёмы год Ерабаама, цара Ізраэля, Азарыя, сын Амазіі, цара Юдэі, пачаў цараваць.

шаснаццаць гадоў было яму, калі зацараваў, і пяцьдзясят два гады валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай Ехолія, зь Ерусаліма.
 
Меў ён шаснаццаць гадоў, калі стаў царом, і цараваў у Ерузаліме пяцьдзесят два гады. Маці яго называлася Яхэлія з Ерузаліма.

Ён рабіў спадобнае ў вачах Гасподніх ва ўсім так, як рабіў Амасій, бацька ягоны.
 
І рабіў ён тое, што добрым было ў вачах Госпада, паводле ўсяго, што рабіў бацька яго, Амазія.

Толькі вышыні ня былі адменены: народ учыняў яшчэ ахвяры і дымленьні на вышынях.
 
Толькі ўзгоркі не былі знішчаны; народ усё яшчэ складаў крывавыя ахвяры і кадзіў на ўзгорках.

І пабіў Гасподзь цара, і быў ён пракажоны да дня сьмерці сваёй і жыў у асобным доме. А Ётам, сын цароў, начальнічаў над палацам і кіраваў народам зямлі.
 
І пакараў Госпад цара праказай, і быў ён пракажаны аж да дня сваёй смерці, і жыў у доме ў адзіноце; а сын цара Ёатам быў кіраўніком над палацам і судзіў народ зямлі.

Астатняе пра Азарыя і пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.
 
А іншыя дзеянні Азарыі і ўсё, што ён рабіў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэі?

І спачыў Азарый з бацькамі сваімі, і пахавалі яго з бацькамі ягонымі ў горадзе Давідавым. І зацараваў Ётам, сын ягоны, замест яго.
 
І супачыў Азарыя з бацькамі сваімі, і пахавалі яго з бацькамі яго ў горадзе Давіда, і па ім царом стаў сын яго Ёатам.

У трыццаць восьмы год Азарыя, цара Юдэйскага, зацараваў Захарый, сын Ераваама, над Ізраілем у Самарыі і валадарыў шэсьць месяцаў.
 
На трыццаць восьмы год Азарыі, цара Юдэі, Захарыя, сын Ерабаама, стаў царом Ізраэля ў Самарыі на шэсць месяцаў.

Ён рабіў благое ў вачах Гасподніх, як рабілі бацькі ягоныя; не адставаў ад грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіля ў грэх.
 
І рабіў ён тое, што было ліхім у вачах Госпада, як рабілі бацькі яго; не адступіў ад грахоў Ерабаама, сына Набата, які ўводзіў у грэх Ізраэль.

І склаў супроць яго змову Сэлум, сын Явіса, і ўдарыў яго перад народам, і забіў яго, і зацараваў замест яго.
 
А Сэлум, сын Явіса, змовіўся супраць яго, і напаў на яго ў Іблеаме і забіў, і цараваў на месцы яго.

Астатняе пра Захарыя напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.
 
А іншыя дзеянні Захарыі — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля?

Такое было слова Госпада, якое Ён сказаў Іую, сказаўшы: сыны твае да чацьвёртага роду будуць сядзець на троне Ізраілевым. І збылося так.
 
Такое было слова Госпада, якое сказаў ён Егу, кажучы: «Сыны твае аж да чацвёртага пакалення будуць сядзець на пасадзе Ізраэля». І так сталася.

Сэлум, сын Явіса, зацараваў на трыццаць дзявятым годзе Азарыя, цара Юдэйскага, і цараваў адзін месяц у Самарыі.
 
Сэлум, сын Явіса, стаў царом на трыццаць дзевяты год Азарыі, цара Юдэі, і цараваў адзін месяц у Самарыі.

І пайшоў Менаім, сын Гадыя з Тырцы, і прыйшоў у Самарыю, і пабіў Сэлума, сына Явісавага, у Самарыі, і забіў яго, і зацараваў замест яго.
 
І прыйшоў Манагэм, сын Гадзі, з Тэрсы, і прыбыў у Самарыю, і напаў на Сэлума, сына Явіса, у Самарыі і забіў яго, і стаў царом замест яго.

Астатняе пра Сэлума і пра змову ягоную, якую ён склаў, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.
 
А рэшта дзеянняў Сэлума і змова яго, якую ён учыніў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля?

І пабіў Менаім Тыпсах і ўсіх, што былі ў ім і ў межах яго, ад Тырцы, за тое, што горад не адчыніў брамы, і разьбіў яго, і ўсіх цяжарных жанчын у ім парубаў.
 
Тады Манагэм спустошыў Тыпсах і ўсё, што ў ім было, і яго межы, пачынаючы ад Тэрсы; бо горад не пажадаў адчыніць яму. І ён забіў цяжарных жанчын і пасек іх.

На трыццаць дзявятым годзе Азарыя, цара Юдэйскага, зацараваў Менаім, сын Гадыя, над Ізраілем; і валадарыў дзесяць гадоў у Самарыі;
 
На трыццаць дзевяты год Азарыі, цара Юдэі, Манагэм, сын Гадзі, стаў царом Ізраэля ў Самарыі на дзесяць гадоў.

і рабіў ён благое ў вачах Гасподніх: не адставаў ад грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіль у грэх, ва ўсе дні свае.
 
І рабіў ён ліхое ў вачах Госпада; не адступіў ад грахоў Ерабаама, сына Набата, які ўводзіў у грэх Ізраэль.

Тады прыйшоў Фул, цар Асірыйскі, на зямлю Ізраілевую. І даў Менаім Фулу тысячу талантаў срэбра, каб рукі ягоныя былі за яго і каб умацаваць царства ў руцэ сваёй.
 
У яго дні прыйшоў Пул, цар асірыйцаў, у зямлю Ізраэля, і Манагэм даў Пулу тысячу талентаў срэбра, каб заручыцца яго дапамогай і ўмацаваць уладу ў сваіх руках.

І расклаў Менаім гэта срэбра на Ізраільцянаў, на ўсіх людзей багатых, па пяцьдзясят сікляў срэбра на кожнага чалавека, каб аддаць цару Асірыйскаму. І пайшоў назад цар Асірыйскі, і не застаўся там у зямлі.
 
А пасля Манагэм гэта срэбра размеркаваў на ізраэльцаў, на ўсіх людзей багатых, па пяцьдзесят сікляў срэбра на кожнага чалавека, каб аддаць цару Асірыі. І цар асірыйцаў вярнуўся назад і не застаўся ў зямлі Ізраэля.

Астатняе пра Менаіма і пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.
 
А іншыя дзеянні Манагэма і ўсё, што ён зрабіў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля?

І спачыў Менаім з бацькамі сваімі. І зацараваў Факія, сын ягоны, замест яго.
 
І супачыў Манагэм з бацькамі сваімі; а пасля яго царом стаў Пацэя, сын яго.

На пяцідзясятым годзе Азарыя, цара Юдэйскага, зацараваў Факія, сын Менаіма, над Ізраілем у Самарыі, і валадарыў два гады;
 
На пяцідзесяты год Азарыі, цара Юдэі, Пацэя, сын Манагэма, стаў царом Ізраэля ў Самарыі на два гады.

і рабіў ён благое ў вачах Гасподніх: не адставаў ад грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіль у грэх.
 
І дапускаўся ён таго, што ліхім было ў вачах Госпада; не адступіў ад грахоў Ерабаама, сына Набата, які ўводзіў у грэх Ізраэль.

І склаў супроць яго змову Факей, сын Рэмалія, саноўнік ягоны, і пабіў яго ў Самарыі ў палаце царскага дома, з Арговам і Арыем, маючы пры сабе шэсьцьдзясят чалавек Галаадыцянаў, і забіў яго, і зацараваў замест яго
 
А змовіўся супраць яго Фацэй, сын Рамэліі, кіраўнік яго, і забіў яго ў Самарыі ў вежы царскага палаца, і з ім было пяцьдзесят ваяроў з сыноў галаадцаў. І ён забіў яго, і стаў царом пасля яго.

Астатняе пра Факея і пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.
 
А іншыя дзеянні Пацэі і ўсё, што ён зрабіў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля?

У пяцьдзясят другі год Азарыя, цара Юдэйскага, зацараваў Факей, сын Рэмалія, над Ізраілем у Самарыі і валадарыў дваццаць гадоў;
 
На пяцьдзесят другі год Азарыі, цара Юдэі, Фацэй, сын Рамэліі, стаў царом Ізраэля ў Самарыі на дваццаць гадоў.

і рабіў ён благое ў вачах Гасподніх: не адставаў ад грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіля ў грэх.
 
І дапускаўся ён таго, што ліхім было ў вачах Госпада; не адступаў ад грахоў Ерабаама, сына Набата, які ўводзіў у грэх Ізраэль.

У дні Факея, цара Ізраільскага, прыйшоў Тэглатфэласар, цар Асірыйскі, і ўзяў Ён, Авэл-бэт-Мааху і Янох і Кедэс і Асор, і Галаад і Галілею, усю зямлю Нэфталімавую, і перасяліў іх у Асірыю.
 
У дні Фацэя, цара Ізраэля, прыйшоў Тэглатпаласар, цар Асура, і ўзяў ён Агіён, і Абэл-Бэт-Мааху, і Яноэ, і Кадэс, і Асор, і Галаад, і Галілею, усю зямлю Нэфталі, і перасяліў іх у Асур.

І склаў змову Асія, сын Ілы, супроць Факея, сына Рэмаліінага, і пабіў яго, і забіў яго, і зацараваў замест яго ў дваццаты год Ёатама, сына Азіінага.
 
А Осія, сын Элы, змовіўся супраць Фацэя, сына Рамэліі, і напаў на яго, і забіў яго, і стаў царом замест яго на дваццаты год Ёатама, сына Озіі, цара Юдэі.

Астатняе пра Факея і пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.
 
А іншыя дзеянні Фацэя і ўсё, што ён зрабіў — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля?

На другім годзе Факея, сына Рэмаліінага, цара Ізраільскага, зацараваў Ёатам, сын Азіі, цара Юдэйскага.
 
На другі год Фацэя, сына Рамэліі, цара Ізраэля, стаў цараваць Ёатам, сын Озіі, цара Юдэі.

дваццаць пяць гадоў было яму, калі зацараваў, і шаснаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай Еруша, дачка Садока.
 
Меў ён дваццаць пяць гадоў, калі стаў царом, і шаснаццаць гадоў быў царом у Ерузаліме. Маці яго называлася Еруса, дачка Садока.

Ён рабіў спадобнае ў вачах Гасподніх: ва ўсім, як рабіў Азія, бацька ягоны, так рабіў і ён.
 
І рабіў ён тое, што падабалася Госпаду; паводле ўсяго, што рабіў Озія, бацька яго, ён рабіў.

Толькі вышыні ня былі адменены: народ учыняў яшчэ ахвяры і дымленьні на вышынях. Ён пабудаваў верхнюю браму пры доме Гасподнім.
 
Аднак узгоркі ён не знішчыў, і народ усё яшчэ складаў крывавыя ахвяры і кадзіў на ўзгорках. А пабудаваў ён Верхнюю браму дома Госпада.

Астатняе пра Ёатама і пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.
 
А астатнія дзеянні Ёатама і ўсё, што ён зрабіў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэі?

У тыя дні пачаў Гасподзь пасылаць у Юдэю Рэцына, цара Сірыйскага, і Факея, сына Рэмаліінага.
 
У тыя дні Госпад пачаў пасылаць на Юдэю Разіна, цара Сірыі, і Фацэя, сына Рамэліі.

І спачыў Ёатам з бацькамі сваімі ў горадзе Давіда, бацькі ягонага. І зацараваў Ахаз, сын ягоны, замест яго.
 
І супачыў Ёатам з бацькамі сваімі, і быў пахаваны з імі ў горадзе Давіда, бацькі свайго; і па ім пачаў цараваць Ахаз, сын яго.