4 царстваў 6 разьдзел

Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І сказалі сыны прарокавыя Елісею: вось, месца, дзе мы жывём пры табе, цесна нам;
 
І сказалі сыны прарокаў Элісею: «Вось, месца, у якім мы з табою жывём, цеснае для нас.

пойдзем да Ярдана і возьмем адтуль кожны па адным бервяне і зробім сабе там месца жыхарства. Ён сказаў: ідзеце.
 
Дык мы пойдзем да Ярдана і возьмем адтуль з лесу кожны па аднаму бервяну, і зробім сабе там месца на пражыванне». Ён сказаў: «Ідзіце!»

І сказаў адзін: зрабі ласку, ідзі і ты з рабамі тваімі. І сказаў ён: пайду.
 
І сказаў нехта з іх: «Ідзі таксама і ты з паслугачамі сваімі». Ён адказаў: «Пайду».

І пайшоў зь імі, і прыйшлі да Ярдана і пачалі сячы дрэвы.
 
І пайшоў ён з імі. І калі прыйшлі яны да Ярдана, то пачалі секчы дрэвы.

І калі адзін валіў бервяно, сякера ягоная ўпала ў ваду. І закрычаў ён і сказаў: ах, гаспадару мой! а ён узяў быў на патрыманьне!
 
А здарылася, што, калі адзін сек дрэва, сякера ўпала ў ваду, і закрычаў ён і сказаў: «О гаспадару мой! Яна ж пазычаная!»

І сказаў чалавек Божы: дзе яна ўпала? Ён паказаў яму месца. І адсек ён кавалак дрэва і кінуў туды, і выплыла сякера.
 
І сказаў чалавек Божы: «Дзе яна ўпала?» І той паказаў яму месца. Тады адсек ён кавалак дрэва і закінуў туды, і выплыла сякера.

І сказаў ён: вазьмі сабе. Ён працягнуў руку сваю і ўзяў яе.
 
І сказаў ён: «Вазьмі яе!» — той выцягнуў руку, і ўзяў яе.

Цар Сірыйскі пайшоў вайною на Ізраільцян і раіўся са слугамі сваімі, кажучы: там-та і ў такім-та месцы я раскіну свой табар.
 
А цар сірыйскі ваяваў з Ізраэлем; і раіўся ён з паслугачамі сваімі, кажучы: «У такім і такім месцы зробім засаду».

І пасылаў чалавек Божы да цара Ізраільскага сказаць: сьцеражэцеся праходзіць гэтым месцам, бо там Сірыйцы залеглі.
 
Такім чынам, чалавек Божы пасылаў да цара Ізраэля, каб сказаць яму: «Сцеражыся пераходзіць у тым месцы, бо там у засадзе заляглі сірыйцы».

І пасылаў цар Ізраільскі на тое месца, пра якое казаў яму чалавек Божы і перасьцерагаў яго; і зьбярог сябе там ня раз і ня два.
 
Цар Ізраэля пасылаў людзей у тое месца, аб якім яму гаварыў чалавек Божы і адносна якога перасцерагаў яго, і збярог сябе так не раз і не два.

І ўстрывожылася сэрца цара Сірыйскага з гэтай нагоды, і паклікаў ён рабоў сваіх і сказаў ім: скажэце мне, хто з вашых мае зносіны з царом Ізраільскім?
 
І ўстрывожылася сэрца цара Сірыі дзеля гэтай справы, і склікаў ён паслугачоў сваіх, і спытаўся ў іх: «Чаму вы не паказваеце мне, хто здраджвае мне перад царом Ізраэля?»

І сказаў адзін слуга ягоны: ніхто, гаспадару мой цар; а Елісей прарок, які ў Ізраіля, пераказвае цару Ізраільскаму і тыя словы, якія ты кажаш у спальні тваёй.
 
І сказаў адзін з паслугачоў яго: «Ніхто, гаспадару мой, цар. Але ў Ізраэлі ёсць прарок Элісей, які паведамляе цару Ізраэля ўсе словы, якія ты гаворыш у спальні сваёй».

І сказаў ён: ідзеце, даведайцеся, дзе ён; я пашлю і вазьму яго. І данесьлі яму і сказалі: вось, ён у Датаіме.
 
Ён сказаў ім: «Ідзіце і даведайцеся, дзе ён, а я пашлю і вазьму яго». І паведамілі яму, кажучы: «Ён у Датайне».

І паслаў туды коні і калясьніцы і шмат войска. І прыйшлі ноччу і акружылі горад.
 
Дык паслаў ён туды коней, і калясніцы, і моцную дружыну ваяроў; калі прыйшлі яны ноччу, яны акружылі горад.

Раніцай служка чалавека Божага ўстаў і выйшаў; і вось, войска вакол горада і коні і калясьніцы. І сказаў яму слуга ягоны: шкада, гаспадару мой! што нам рабіць?
 
А паслугач чалавека Божага, устаўшы рана, выйшаў і ўбачыў войска вакол горада, і коней, і калясніцы, і паведаміў яму, кажучы: «О гаспадару мой, што будзем рабіць?»

І сказаў ён: ня бойся, бо тых, якія з намі, больш, чым тых, якія зь імі.
 
А ён адказаў: «Не бойся, бо болей тых, хто з намі, чым тых, хто з імі».

І маліўся Елісей і казаў: Госпадзе! разамкні яму вочы, каб ён убачыў. І разамкнуў Гасподзь вочы слузе, і ён убачыў, і вось, уся гара напоўнена конямі і калясьніцамі вогненнымі вакол Елісея.
 
І маліўся Элісей гэтымі словамі: «Госпадзе, адкрый вочы яму, каб ён убачыў». І адкрыў Госпад вочы паслугачу, і ён убачыў, і, вось, гара запоўнена конямі і калясніцамі вогненнымі вакол Элісея.

Калі пайшлі да яго Сірыйцы, Елісей памаліўся Госпаду і сказаў: спадобі іх сьлепатою. І Ён спадобіў іх сьлепатою па слове Елісея.
 
А ворагі сыходзіліся да яго. А Элісей маліўся да Госпада і казаў: «Удар, прашу, народ гэты слепатою!» І ўдарыў іх Госпад, каб не бачылі, паводле слова Элісея.

І сказаў ім Елісей: гэта ня тая дарога і ня той горад; ідзеце за мною, я правяду вас да таго чалавека, якога вы шукаеце. І прывёў іх у Самарыю.
 
І сказаў ім Элісей: «Гэта не тая дарога і не той горад; ідзіце за мною, і я пакажу вам чалавека, якога вы шукаеце». Такім чынам, завёў ён іх у Самарыю.

Калі яны прыйшлі ў Самарыю, Елісей сказаў: Госпадзе! разамкні вочы ім, каб яны бачылі. І разамкнуў Гасподзь вочы ім, і ўбачылі, што яны ўсярэдзіне Самарыі.
 
Калі прыйшлі яны ў Самарыю, маліўся Элісей: «Госпадзе, адкрый вочы іх, каб бачылі». І адкрыў Госпад вочы іх, і ўбачылі яны, што знаходзяцца пасярод Самарыі.

І сказаў цар Ізраільскі Елісею, убачыўшы іх: ці не пабіць іх, бацька мой?
 
І, калі ўбачыў іх цар Ізраэля, спытаўся ў Элісея: «Ці не пазабіваць іх, айцец мой?»

І сказаў ён: не забівай. Хіба мечам тваім і лукам тваім ты паланіў іх, каб забіваць іх? Прапануй ім хлеба і вады; няхай ядуць і п’юць, і пойдуць да гаспадара свайго.
 
Але ён сказаў: «Не забівай. Ці ж мечам сваім і лукам узяў ты іх у палон, каб іх забіваць? Дай ім хлеба і вады, каб паелі і напіліся, і хай вяртаюцца да гаспадара свайго».

І прыгатаваў ім вялікі абед, і яны елі і пілі. І адпусьціў іх, і пайшлі да гаспадара свайго. І не хадзілі больш тыя полчышчы Сірыйскія ў зямлю Ізраілеву.
 
І справіў ім цар вялікае частаванне, і яны наеліся і напіліся, і ён адпусціў іх; і пайшлі яны да гаспадара свайго, і дружыны сірыйцаў не нападалі больш на зямлю Ізраэля.

Пасьля таго сабраў Вэнадад, цар Сірыйскі, усё войска сваё і выступіў, і аблажыў Самарыю.
 
А сталася пасля гэтага, што Бэнадад, цар Сірыі, сабраў усё войска сваё, і пайшоў, і абкружыў Самарыю.

І быў вялікі голад у Самарыі, калі яны аблажылі яе, так што асьліная галава прадавалася па восемдзесят сікляў срэбра, і чацьвёртая частка каба галубінага памёту — па пяць сікляў срэбра.
 
І запанаваў вялікі голад у Самарыі, бо доўга трымалася аблога, пакуль галава асла каштавала восемдзесят сікляў срэбра, а чвэрць каба галубінага памёту — пяць сікляў срэбра.

Аднойчы цар Ізраільскі праходзіў па сьцяне, і жанчына зь лямантам казала яму: памажы, гаспадару мой цар.
 
І, калі цар Ізраэля праходзіў па муры, адна жанчына закрычала да яго, кажучы: «Ратуй мяне, гаспадару мой, цар!»

І сказаў ён: калі не паможа табе Гасподзь, з чаго я памагу табе? ці з гумна, ці з чавільні?
 
Сказаў ён: «Не, збавіць цябе Госпад. Як я магу збавіць цябе? З тока або з давільні?»

І сказаў ёй цар: што табе? І сказала яна: гэтая жанчына казала мне: аддай свайго сына, зьямо яго сёньня, а сына майго зьямо заўтра.
 
І спытаў яе цар: «Што трэба табе?» Яна адказала: «Гэтая жанчына сказала мне: “Дай сына свайго, і мы з’ямо яго сёння, і майго сына з’ямо заўтра”.

І згатавалі мы майго сына, і зьелі яго. І я сказала ёй на другі дзень: аддай жа твайго сына, і зьямо яго. Але яна схавала свайго сына.
 
Дык зварылі мы майго сына і з’елі яго. І другога дня сказала я ёй: “Дай сына твайго, каб мы з’елі яго”; а яна схавала сына свайго».

Цар, выслухаўшы словы жанчыны, падраў вопратку на сабе; і праходзіў ён па сьцяне, і народ бачыў, што вярэта на самім целе ягоным.
 
Калі пачуў гэта цар, раздзёр шаты свае. І праходзіў ён па муры, і ўвесь народ бачыў зрэбніцу, якую насіў ён як сподняе на целе сваім.

І сказаў: няхай тое і тое зробіць мне Бог, і яшчэ болей зробіць, калі застанецца галава Елісея, сына Сафатавага, на ім сёньня.
 
І сказаў ён: «Хай зробіць мне Бог тое і тое, і яшчэ болей зробіць, калі галава Элісея, сына Сафата, застанецца на ім яшчэ сёння!»

А Елісей сядзеў у сваім доме і старцы сядзелі ў яго. І паслаў цар чалавека ад сябе. Перш чым прыйшоў пасланы да яго, ён сказаў старцам: бачыце, што гэты сын забойцы паслаў зьняць зь мяне галаву? Глядзеце, калі прыйдзе пасланец, зачынеце дзьверы і прыцісьніце яго дзьвярмі. А вось і тупат ног гаспадара яго за ім!
 
А Элісей сядзеў у доме сваім, і старэйшыны сядзелі разам з ім. І цар паслаў перад сабою чалавека. Але перш, чым пасланец увайшоў да Элісея, ён сказаў старэйшынам: «Ці вы ведаеце, што гэты сын забойцы паслаў чалавека па маю галаву? Дык глядзіце, калі прыйдзе пасланец, замкніце дзверы і не дазвольце яму ўвайсці; вось, бо ўжо чуваць стукат ног гаспадара яго, які ідзе за ім».

Яшчэ гаварыў ён зь імі, і вось пасланец прыходзіць да яго, і сказаў: вось якое бедства ад Госпада! чаго мне далей чакаць ад Госпада?
 
І калі ён яшчэ гаварыў з імі, з’явіўся цар, які падышоў да яго і сказаў: «Глядзі, колькі няшчасця ад Госпада! Чаго яшчэ маю чакаць ад Госпада?»