4 царстваў 16 разьдзел

Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

На семнаццатым годзе Факея, сына Рэмаліінага, зацараваў Ахаз, сын Ёатама, цара Юдэйскага:
 
На сямнаццаты год Фацэя, сына Рамэліі, Ахаз, сын Ёатама, цара Юдэі, стаў цараваць.

дваццаць гадоў было Ахазу, калі зацараваў, і шаснаццаць гадоў валадарыў ён у Ерусаліме, і не рабіў спадобнага ў вачах Госпада Бога свайго, як Давід, бацька ягоны,
 
Ахаз меў дваццаць гадоў, калі стаў царом, і шаснаццаць гадоў цараваў у Ерузаліме; не рабіў ён таго, што падабалася Госпаду, Богу яго, як Давід, бацька яго.

а хадзіў шляхам цароў Ізраільскіх, і нават сына свайго правёў праз агонь, пераймаючы мярзоты народаў, якіх прагнаў Гасподзь ад аблічча сыноў Ізраілевых,
 
Але хадзіў ён дарогай цароў Ізраэля. І нават сына свайго ён пасвяціў, правёўшы праз агонь, паводле агіднасцей народаў, якіх Госпад прагнаў перад сынамі Ізраэля;

і ўчыняў ахвяры і дымленьні на вышынях і на пагорках і пад кожным галінастым дрэвам.
 
таксама складаў ён крывавыя ахвяры і кадзіў на ўзгорках, і на ўзвышшах, і пад кожным зялёным дрэвам.

Тады пайшоў Рэцын, цар Сірыйскі, і Факей, сын Рэмаліін, цар Ізраільскі, супроць Ерусаліма, каб заваяваць яго, і трымалі Ахаза ў аблозе, але адолець не маглі.
 
Тады Разін, цар Сірыі, і Фацэй, сын Рамэліі, цар Ізраэля, пайшлі ваяваць супраць Ерузаліма; і, калі трымалі яны Ахаза ў аблозе, не здолелі перамагчы.

Тым часам Рэцын, цар Сірыйскі, вярнуў Сірыі Элат і прагнаў Юдэяў з Элата; і Ідумэяне ўступілі ў Элат, і жывуць там да сёньня.
 
У той час Разін, цар Сірыі, далучыў Элат да Эдома і выгнаў юдэяў з Элата; і прыйшлі эдомцы ў Элат, і абжыліся там да сённяшняга дня.

І паслаў Ахаз паслоў да Тэглатфэласара, цара Асірыйскага, сказаць: раб твой і сын твой я; прыйдзі і абарані мяне ад рукі цара Сірыйскага і ад рукі цара Ізраільскага, што паўсталі на мяне.
 
І паслаў Ахаз пасланцоў да Тэглатпаласара, цара асірыйцаў, паведамляючы: «Я — паслугач твой і сын твой. Прыйдзі і збаў мяне ад рукі цара Сірыі і ад рукі цара Ізраэля, якія напалі на мяне».

І ўзяў Ахаз срэбра і золата, якое знайшлося ў доме Гасподнім і ў скарбніцах дома царскага, і паслаў цару Асірыйскаму ў дарунак.
 
І, калі сабраў ён срэбра і золата, якое мог знайсці ў доме Госпада і ў скарбніцах царскіх, паслаў як дар цару асірыйцаў.

І паслухаўся яго цар Асірыйскі; і пайшоў цар Асірыйскі ў Дамаск і ўзяў яго, і перасяліў жыхароў яго ў Кір, а Рэцына аддаў сьмерці.
 
І ён паслухаў яго. Бо прыйшоў цар асірыйцаў у Дамаск, і знішчыў яго, і жыхароў яго перасяліў у Кір; а Разіна забіў.

І пайшоў цар Ахаз насустрач Тэглатфэласару, цару Асірыйскаму, у Дамаск, і ўбачыў ахвярнік, які ў Дамаску, і паслаў цар Ахаз да Урыя сьвятара выяву ахвярніка і рысунак усёй будовы.
 
І пайшоў цар Ахаз насустрач Тэглатпаласару, цару асірыйцаў у Дамаск. І, калі ўбачыў ахвярнік у Дамаску, тады цар Ахаз пераслаў святару Урыі выяву яго і ўзор усёй яго пабудовы.

І пабудаваў сьвятар Урыя ахвярнік паводле ўзору, які прыслаў цар Ахаз з Дамаска; і зрабіў так сьвятар Урыя да прыбыцьця цара Ахаза з Дамаска.
 
І пабудаваў святар Урыя ахвярнік; паводле ўсяго таго, што прыслаў цар Ахаз з Дамаска, так зрабіў святар Урыя, пакуль вярнуўся цар Ахаз з Дамаска.

І прыйшоў цар з Дамаска, і ўбачыў цар ахвярнік, і падышоў цар да ахвярніка, і прынёс на ім ахвяру;
 
І, калі вярнуўся цар з Дамаска, убачыў ён ахвярнік і падышоў да яго, і прыступіўся да ахвярніка і склаў на ім ахвяру,

і ўчыніў цэласпаленьне сваё і хлебнае прынашэньне, і ўчыніў выліваньне сваё, і акрапіў крывёю мірнай ахвяры сваёй ахвярнік.
 
і спаліў ён цэласпаленне і ахвяры хлебныя, і выліў ахвяру вадкую, і крывёй сваіх ахвяраў прымірэння пакрапіў ахвярнік.

А медны ахвярнік, які прад абліччам Гасподнім, ён перасунуў ад пярэдняга боку храма, зь месца паміж ахвярнікам новым і домам Гасподнім, і паставіў яго збоку гэтага ахвярніка на поўнач.
 
А медны ахвярнік, які стаяў перад Госпадам, ён перанёс з пярэдняга боку святыні і з месца паміж ахвярнікам і святыняй Госпада, і паставіў яго побач з ахвярнікам на паўночным баку.

І даў загад цар Ахаз сьвятару Урыю, сказаўшы: на вялікім ахвярніку ўчыняй ранішняе цэласпаленьне і вячэрняе хлебнае прынашэньне, і цэласпаленьне ад цара і хлебнае прынашэньне ад яго, і цэласпаленьне ад усіх людзей зямлі і хлебнае прынашэньне ад іх, і выліваньне ад іх і ўсякай крывёю цэласпаленьняў і ўсякаю крывёю ахвяр акрапляй яго, а ахвярнік медны застанецца да маёй распарады.
 
А святару Урыі цар Ахаз загадаў, кажучы: «На большым ахвярніку палі ранішняе цэласпаленне і ахвяру з ежы вячэрнюю, і ахвяру цэласпалення цара і яго ахвяру з ежы, і ахвяру цэласпалення ўсяго народа зямлі, яго ахвяры з ежы і іх ахвяры вадкія; і вылівай на яго ўсю кроў ахвяр цэласпалення і ўсю кроў ахвяр крывавых. А ахвярнік медны будзе ў маім распараджэнні».

І зрабіў сьвятар Урыя ўсё так, як загадаў цар Ахаз.
 
Такім чынам, святар Урыя споўніў усё, што яму загадаў цар Ахаз.

І абламаў цар Ахаз абадкі на падстаўках, і зьняў зь іх умывальніцы, і мора зьняў з медных валоў, якія былі пад ім, і паставіў яго на каменную падлогу.
 
А цар Ахаз абламаў ліштвы з падножжаў і зняў купель, што была зверху, і зняў мора з медных валоў, якія падтрымлівалі яго, і паставіў яго на каменную падлогу.

І адмяніў крыты суботні ход, які збудавалі пры храме, і зьнешні царскі ўваход да дома Гасподняга, дзеля цара Асірыйскага.
 
Таксама зняў ён крыты суботні праход, які пабудавалі ў святыні, і вонкавы ўваход для цара ў святыні Госпада дзеля цара асірыйцаў.

Астатняе пра Ахаза, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.
 
А іншыя дзеянні Ахаза і ўся яго дзейнасць — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэі?

І спачыў Ахаз з бацькамі сваімі, і пахаваны з бацькамі сваімі ў доме Давідавым. І зацараваў Эзэкія, сын ягоны, замест яго.
 
І супачыў Ахаз з бацькамі сваімі, і быў пахаваны з імі ў горадзе Давіда; і па ім стаў цараваць сын яго Эзэкія.