4 царстваў 25 разьдзел

Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

На дзявятым годзе валадараньня свайго, на дзясятым месяцы, у дзень дзясяты месяца прыйшоў Навухаданосар, цар Вавілонскі, з усім войскам сваім да Ерусаліма, і аблажыў яго, і насыпаў вакол яго вал.
 
А сталася на дзявяты год яго царавання, у дзесятым месяцы, у дзесяты дзень месяца, што прыйшоў сам Набукаданосар, цар Бабілона, і усё войска яго супраць Ерузаліма; і абклаў яго, і збудаваў вакол яго валы.

І быў горад у аблозе да адзінаццатага года цара Сэдэкіі.
 
І горад быў у аблозе і абнесены валамі аж да адзінаццатага года цара Сэдэцыі.

На дзявяты дзень месяца ўзмацніўся голад у горадзе, і ня было хлеба ў народу зямлі.
 
У чацвёртым месяцы дзевятага дня пачаўся голад у горадзе, і не было ўжо хлеба для народа зямлі.

І ўзяты быў горад, і пабеглі ўсе вайсковыя ўначы па дарозе да брамы, паміж дзьвюма сьценамі, што каля царскага саду; а Халдэі стаялі вакол горада, і цар пайшоў дарогаю па раўніне.
 
І быў прарыў у горадзе, і ноччу ўсе ваяры ўцяклі і выйшлі з горада па дарозе брамы, што між мурамі каля царскага саду, калі халдэі былі вакол горада. Такім чынам, выйшлі яны дарогай у кірунку да Арабы.

І пагналася войска Халдэйскае за царом, і дагналі яго на раўнінах Ерыхонскіх, і ўсё войска ягонае разьбеглася ад яго.
 
І войска халдэяў кінулася ў пагоню за царом, і дагналі яго на раўніне каля Ерыхона, і ўсё войска яго рассыпалася, і пакінула яно яго.

І ўзялі цара, і завялі яго да цара Вавілонскага ў Рыўлу, і ўчынілі над ім суд:
 
І схапілі цара, і прывялі да цара Бабілона ў Рэблу, які выдаў на яго прысуд.

і сыноў Сэдэкіі закалолі на вачах у яго, а самому Сэдэкію асьляпілі вочы і закавалі яго ў кайданы, і завялі яго ў Вавілон.
 
І забіў сыноў Сэдэцыі на яго вачах, і яму вырваў вочы, і закаваў яго ў медныя кайданы, і адвёў у Бабілон.

На пятым месяцы, у сёмы дзень месяца, гэта значыцца, на дзевятнаццатым годзе Навухаданосара, цара Вавілонскага, прыйшоў Навузардан, начальнік целаахоўцаў, слуга цара Вавілонскага, у Ерусалім
 
У пятым месяцы, у сёмы дзень месяца, а гэта быў дзевятнаццаты год Набукаданосара, цара Бабілонскага, увайшоў у Ерузалім Набузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, паслугач цара Бабілона,

і спаліў дом Гасподні і дом цара, і ўсе дамы ў Ерусаліме, і ўсе дамы вялікія спаліў агнём;
 
і спаліў ён дом Госпада, і палац цара, і ўсе дамы ў Ерузаліме, і кожны дом спаліў агнём.

і сьцены вакол Ерусаліма разбурыла войска Халдэйскае, якое было ў начальніка целаахоўцаў.
 
А войска халдэйскае, якое было разам з кіраўніком целаахоўнікаў, разбурыла муры вакол Ерузаліма.

І астатні люд, які заставаўся ў горадзе, і перабежчыкаў, якія перакінуліся да цара Вавілонскага і астатні просты люд выселіў Навузардан, начальнік целаахоўцаў.
 
А рэшту народа, якая засталася ў горадзе, і ўцекачоў, якія перайшлі да цара Бабілона, а таксама простых людзей Набузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, перасяліў;

Толькі некалькіх зь беднага люду зямлі пакінуў начальнік целаахоўцаў работнікамі вінаграднікаў і ратаямі.
 
і з бедных людзей зямлі ён пакінуў толькі вінаградараў і земляробаў.

І слупы медныя, якія былі каля дома Гасподняга, і падставы, і мора меднае, якое ў доме Гасподнім, паламалі Халдэі, і занесьлі медзь іх у Вавілон;
 
І паламалі халдэі медныя слупы, якія былі ў святыні Госпада, і падножжы, і меднае мора, якое было ў доме Госпада, і забралі ўсю медзь у Бабілон;

і тазы, і лапаткі, і нажы, і лыжкі, і ўвесь посуд медны, які ўжываўся пры служэньні, узялі;
 
таксама забралі катлы, і лапаткі, і нажы, і чары, і ўвесь медны посуд, якім карысталіся пры служэнні;

і кадзільніцы, і чары, што было залатое і што было срэбнае, узяў начальнік целаахоўцаў:
 
кіраўнік целаахоўнікаў забраў таксама курыльніцы для духмянасцей, і келіхі, якія былі з найчысцейшага золата і срэбра;

слупы лікам два, мора адно, і падставы, якія зрабіў Саламон у дом Гасподні, — медзі ва ўсіх гэтых рэчах ня было вагі.
 
медзь з двух слупоў, аднаго мора і падножжаў, якія Саламон зрабіў для святыні Госпада, — нельга было ўзважыць усе гэтыя рэчы.

Васемнаццаць локцяў вышыні ў адным слупе; вянок на ім медны, а вышыня вянка тры локці, і сетка і гранатавыя яблыкі вакол вянка — усе зь медзі. Тое самае і на другім слупе зь сеткаю.
 
Васемнаццаць локцяў меў у вышыню адзін слуп, і капітэль над ім была з медзі вышынёю пяць локцяў; і вакол на капітэлі была сетка і яблыкі граната, — усё з медзі; і другі слуп меў таксама падобнае ўпрыгожванне.

І ўзяў начальнік целаахоўцаў Сэраю першасьвятара і Цэфанію, сьвятара другога, і трох, якія стаялі на варце каля парога.
 
Кіраўнік целаахоўнікаў узяў таксама Сараю, першасвятара, і яго намесніка Сафонію, а таксама трох прыдзвернікаў,

І з горада ўзяў аднаго еўнуха, які начальнічаў над людзьмі ваеннымі, і пяць чалавек, якія стаяць перад абліччам цара, якія былі ў горадзе, і пісца галоўнага ў войску, які запісваў у войска людзей зямлі, якія былі ў горадзе.
 
і з горада ўзяў ён аднаго еўнуха, які быў кіраўніком войска, і пяць чалавек з атачэння цара, якіх знайшоў у горадзе, і галоўнага пісара войска, які запісваў у войска народ зямлі, і шэсцьдзесят простых людзей, што былі ў горадзе;

І ўзяў іх Навузардан, начальнік целаахоўцаў, і адвёў іх да цара Вавілонскага ў Рыўлу.
 
узяў іх Набузардан, кіраўнік целаахоўнікаў, і завёў да цара Бабілона ў Рэблу,

І пабіў іх цар Вавілонскі і забіў іх у Рыўле, у зямлі Эмат. І выселены Юдэі зь зямлі сваёй.
 
і цар Бабілона ўдарыў іх, і забіў у Рэблі, у зямлі Эмат. І быў Юда выселены са сваёй зямлі.

А над людам, які заставаўся ў зямлі Юдэйскай, які пакінуў Навухаданосар, цар Вавілонскі, — над імі паставіў начальнікам Гадолію, сына Ахікама, сына Шафанавага.
 
А над народам, што застаўся ў зямлі Юдэі, які пакінуў Набукаданосар, цар Бабілона, паставіў кіраўніком Гадалію, сына Ахікама, сына Сафана.

Калі пачулі ўсе ваеначальнікі, яны і людзі іх, што цар Вавілонскі паставіў начальнікам Гадолію, дык прыйшлі да Гадоліі ў Масіфу, і менавіта: Ісмаіл, сын Нэтаніі, і Ёханан, сын Карэя, і Сэрая, сын Танхумэта з Нэтафата, і Езанія, сын Маахіцяніна, яны і людзі іхнія.
 
Калі ўсе кіраўнікі войска і іх людзі даведаліся аб тым, што цар Бабілона прызначыў Гадалію кіраўніком, прыбылі да Гадаліі ў Міцпу: прыйшлі Ізмаэль, сын Натаніі, і Ёханан, сын Карэя, і Сарая, сын Тангумэта з Нэтофы, і Язанія, сын Маахатыта, яны і людзі іх.

І запрысягнуўся Гадолія ім і людзям іхнім, і сказаў ім: ня бойцеся быць падуладнымі Халдэям, сялецеся на зямлі і служэце цару Вавілонскаму, і хай будзе добра вам.
 
І пакляўся Гадалія ім і людзям іх, кажучы: «Не бойцеся служыць халдэям; жывіце на зямлі і служыце цару Бабілона, і добра будзе вам».

Але на сёмым месяцы прыйшоў Ісмаіл, сын Нэтаніі, сына Элішамы, з племя царскага, зь дзесяцьцю чалавекамі, і пабіў Гадолію, і ён памёр, і Юдэяў і Халдэяў, якія былі зь ім у Масіфе.
 
Але сталася ў сёмы месяц, што прыйшоў Ізмаэль, сын Натаніі, сына Элісамы, з царскага роду, і з ім дзесяць чалавек; і забілі яны Гадалію, які памёр, а таксама юдэяў і халдэяў, якія былі з ім у Міцпе.

І ўстаў увесь народ, ад малога да вялікага, і ваеначальнікі, і пайшлі ў Егіпет, бо баяліся Халдэяў.
 
І ўстаў народ, ад малога да вялікага, і кіраўнікі войска, і пайшлі ў Егіпет, бо баяліся халдэяў.

На трыццаць сёмым годзе перасяленьня Еханіі, цара Юдэйскага, на дванаццатым месяцы, у дваццаць сёмы дзень месяца, Эвілмэродах, цар Вавілонскі, у год свайго ўцараваньня, вывеў Еханію, цара Юдэйскага, з дома турэмнага.
 
А сталася ў трыццаць сёмым годзе па высяленні ў няволю Ёахіна, цара Юдэі, у дванаццаты месяц, у дваццаць сёмы дзень месяца, Эвілмэрадах, цар Бабілона, у год, у які пачаў цараваць, вызваліў Ёахіна, цара Юдэі, з вязніцы.

і гаварыў зь ім дружалюбна, і паставіў трон ягоны вышэй за трон цароў, якія былі ў яго ў Вавілоне;
 
І ён гаварыў з ім ласкава, і падняў яго пасад па-над пасадамі цароў, якія былі з ім у Бабілоне,

і перамяніў турэмную вопратку ягоную, і ён усюды меў ежу ў яго, ва ўсе дні жыцьця ягонага.
 
і зняў Ёахін шаты свае астрожныя; і еў заўсёды хлеб перад царом ва ўсе дні жыцця свайго.

І ўтрыманьне яго, утрыманьне пастаяннае, выдавалася яму ад цара, дзень у дзень, ва ўсе дні жыцьця ягонага.
 
Таксама той забяспечыў яму пастаянныя харчы, якія выдаваліся яму царом дзень у дзень, ува ўсе дні жыцця яго.