4 царстваў 14 разьдзел
Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
У другі год Ёаса, сына Ёахазавага, цара Ізраільскага, зацараваў Амасія, сын Ёаса, цар Юдэйскі:
На другі год Ёаса, сына Ёахаза, цара Ізраэля, стаў царом Амазія, сын Ёаса, цара Юдэі.
дваццаць пяць гадоў было яму, калі зацараваў, і дваццаць дзевяць гадоў валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай Егаадань, зь Ерусаліма.
Меў ён дваццаць пяць гадоў, калі пачаў цараваць, і дваццаць дзевяць гадоў быў царом у Ерузаліме. Маці яго называлася Ёадэн з Ерузаліма.
І рабіў ён добрае ў вачах Гасподніх, хоць і ня так, як бацька ягоны Давід: ён ва ўсім рабіў так, як бацька яго Ёас.
І рабіў ён справядлівае перад абліччам Госпада, але не так, як Давід, бацька яго. Рабіў ён усё так, як бацька яго, Ёас,
Толькі вышыні ня былі адменены: народ учыняў яшчэ ахвяры і дымленьні на вышынях.
толькі ўзгоркі ён не знішчыў, бо народ яшчэ складаў крывавыя ахвяры і кадзіў на ўзгорках.
Калі ўмацавалася царства ў руках яго, тады ён аддаў сьмерці слуг сваіх, якія забілі цара, бацьку ягонага.
І калі ўмацаваў ён уладу сваю, то забіў паслугачоў сваіх, якія забілі цара, бацьку яго;
Але дзяцей забойцаў не забіў, бо напісана ў кнізе закона Майсеевага, у якой наказваў Гасподзь, кажучы: не павінны быць караныя сьмерцю бацькі за дзяцей, ні дзеці не павінны быць караныя сьмерцю за бацькоў, а кожны за сваё злачынства павінен быць караны сьмерцю.
а сыноў іх не забіў, паводле таго, што напісана ў кнізе закону Майсея, як загадаў Госпад, кажучы: «Бацькі не будуць пакараныя смерцю за сыноў, і сыны не памруць за бацькоў, але кожны за грэх свой будзе пакараны смерцю».
Ён пабіў дзесяць тысяч Ідумэянаў у даліне Саляной, і ўзяў Сэлу вайною, і даў ёй імя Ёктэіл, якое і да сёньня.
Гэта ён пабіў Эдом у Саляным лагу, лікам дзесяць тысяч, і захапіў Петру ў бітве і назваў яе Ецэтэль, і так ёсць па сённяшні дзень.
Тады паслаў Амасія паслоў да Ёаса, цара Ізраільскага, сына Ёахаза, сына Іуя, сказаць: выйдзі, пабачымся асабіста.
Тады Амазія паслаў пасланцоў да Ёаса, сына Ёахаза, сына Егу, цара Ізраэля, сказаць яму: «Прыйдзі і пабачымся!»
І паслаў Ёас, цар Ізраільскі, да Амасіі, цара Юдэйскага, сказаць: цярне, якое на Ліване, паслаў да кедра, які таксама на Ліване, сказаць: аддай дачку сваю за жонку сыну майму. Але прайшлі дзікія зьвяры, што на Ліване, і вытапталі гэтае цярне.
І Ёас, цар Ізраэля, перадаў Амазіі, цару Юдэі, такі адказ: «Лібанскі церн пераслаў кедру на Лібане такую просьбу: “Дай дачку сваю сыну майму за жонку”. І прыйшлі дзікія звяры, якія жывуць на Лібане, і вытапталі церн.
Ты пабіў Ідумэянаў, і заганарылася сэрца тваё. Вялічайся і сядзі ў сябе дома. Навошта табе распальваць свару сабе на бяду? Загінеш ты і Юда з табою.
Ты, пабіўшы Эдом, узмацніўся і сэрца тваё ўзганарылася; будзь задаволены славаю і заставайся ў доме сваім! Навошта ты выклікаеш няшчасце, каб упаў ты і Юдэя разам з табою?»
Але не паслухаўся Амасія. І выступіў Ёас, цар Ізраільскі, і пабачыліся асабіста ён і Амасія, цар Юдэйскі, у Бэтсамісе, што ў Юдэі.
І Амазія не паслухаў. І Ёас, цар Ізраэля, выйшаў, і ўбачылі адзін аднаго ён і Амазія, цар Юдэі, у Бэтсамэсе, горадзе Юдэі.
І разьбіты былі Юдэі Ізраільцянамі, і разьбегліся па намётах сваіх.
І Юда быў пабіты Ізраэлем, і ўцёк кожны ў сваю палатку.
І Амасію, цара Юдэйскага, сына Ёаса, сына Ахозіі, захапіў Ёас, цар Ізраільскі, у Бэтсамісе, і пайшоў у Ерусалім і разбурыў сьцяну Ерусалімскую ад брамы Яфрэмавай да брамаў вуглавых на чатырыста локцяў.
А Ёас злавіў Амазію, цара Юдэі, сына Ёаса, унука Ахазіі, у Бэтсамэсе і завёў яго ў Ерузалім. І зрабіў пралом у муры Ерузаліма ад брамы Эфраіма аж да брамы Вуглавой на чатырыста локцяў.
І ўзяў усё золата і срэбра, і ўвесь посуд, які знайшоўся ў доме Гасподнім і ў скарбніцах царскага дома, і заложнікаў, і вярнуўся ў Самарыю.
І забраў усё золата і срэбра, і ўсе рэчы, якія знаходзіліся ў доме Госпада і ў скарбніцах царскіх, і закладнікаў, і вярнуўся ў Самарыю.
Астатняе пра Ёаса, што ён зрабіў, і пра мужныя подзьвігі ягоныя, і як ён ваяваў з Амасіем, царом Юдэйскім, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.
А астатнія дзеянні Ёаса, якія ён зрабіў, і мужнасць яго, з якою ваяваў супраць Амазіі, цара Юдэі, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля?
І спачыў Ёас з бацькамі сваімі, і пахаваны ў Самарыі з царамі Ізраільскімі. І зацараваў Ераваам, сын ягоны, замест яго.
І заснуў Ёас з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў Самарыі разам з царамі Ізраэля; і па ім стаў царом сын яго Ерабаам.
І жыў Амасія, сын Ёасаў, цар Юдэйскі, пасьля сьмерці Ёаса, сына Ёахазавага, цара Ізраільскага, пятнаццаць гадоў.
А Амазія, сын Ёаса, цар Юдэі, жыў яшчэ пятнаццаць гадоў пасля смерці Ёаса, сына Ёахаза, цара Ізраэля.
Астатнія дзеі Амасіі запісаны ў летапісе цароў Юдэйскіх.
А іншыя дзеянні Амазіі — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэі?
І склалі супроць яго змову ў Ерусаліме, і ўцёк ён у Лахіс. І паслалі за ім у Лахіс, і забілі яго там.
І зрабілі супраць яго змову ў Ерузаліме, але ён уцёк у Лахіс; і паслалі па яго ў Лахіс, і там забілі яго.
І прывезьлі яго на конях, і пахаваны ён быў у Ерусаліме з бацькамі сваімі ў горадзе Давідавым.
І прывезлі яго конямі, і быў ён пахаваны ў Ерузаліме з бацькамі сваімі ў горадзе Давіда.
І ўзяў увесь народ Юдэйскі Азарыю, якому было шаснаццаць гадоў, і ўзьвялі яго ў цара замест бацькі ягонага Амасія.
А ўвесь народ Юдэі ўзяў Азарыю, які меў шаснаццаць гадоў, і паставілі яго царом на месца бацькі яго, Амазіі.
Ён забудаваў Элат і вярнуў яго Юдэі, пасьля таго як цар спачыў з бацькамі сваімі.
Ён адбудаваў Элат і вярнуў яго Юдэі, пасля таго як заснуў цар з бацькамі сваімі.
У пятнаццаты год Амасіі, сына Ёасавага, цара Юдэйскага, зацараваў Ераваам, сын Ёасаў, цар Ізраільскі, у Самарыі і валадарыў сорак адзін год,
На пятнаццаты год Амазіі, сына Ёаса, цара Юдэі, Ерабаам, сын Ёаса, стаў царом Ізраэля, і цараваў у Самарыі сорак адзін год.
і рабіў ён благое ў вачах Гасподніх: не адступаўся ад усіх грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіля ў грэх.
І дапускаўся ён ліхога ў вачах Госпада; і не адвярнуўся ад усіх грахоў Ерабаама, сына Набата, які ўводзіў у грэх Ізраэль.
Ён аднавіў межы Ізраіля, ад уваходу ў Эмат да мора пустыні, паводле слова Госпада Бога Ізраілевага, якое Ён сказаў праз раба Свайго Ёну, сына Аматыінага, прарока з Гатхэфэра,
Ён вярнуў межы Ізраэля ад уваходу ў Эмат і аж да мора Арабы па слове Госпада, Бога Ізраэля, якое сказаў Ён праз паслугача Свайго Ёну, сына Амаці, прарока, які быў з Гет-Хефэра.
бо Гасподзь бачыў бедства Ізраіля, вельмі горкае, так што не заставалася ні замкнутага, ні таго, хто застаўся, і ня было памочніка ў Ізраіля.
Бо бачыў Госпад надта вялікі смутак Ізраэля, бо былі знішчаны і маладыя, і дарослыя, і не было нікога, хто б дапамог Ізраэлю.
І не захацеў Гасподзь выкараніць імя Ізраільцян з паднябеснай, і выратаваў іх рукою Ераваама, сына Ёасавага.
І не сказаў Госпад, каб знішчана было імя Ізраэля з-пад неба, але ўратаваў яго рукою Ерабаама, сына Ёаса.
Астатняе пра Ераваама і пра ўсё, што ён зрабіў, і пра мужныя подзьвігі ягоныя, як ён ваяваў і як вярнуў Ізраілю Дамаск і Эмат, што належаў Юду, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.
А астатнія дзеянні Ерабаама і ўсё, што ён зрабіў, і яго мужнасць, з якой ён ваяваў ды з якой вярнуў Ізраэлю тое, што належала Юдэі ад межаў Дамаска і Эмата, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля?
І спачыў Ераваам з бацькамі сваімі, з царамі Ізраільскімі. І зацараваў Захарый, сын ягоны, замест яго.
І супачыў Ерабаам з бацькамі сваімі, з царамі Ізраэля; і сын яго Захарыя стаў царом пасля яго.