2 летапісаў 22 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
І паставілі царом жыхары Ерусаліма Ахозію, меншага сына ягонага, замест яго, бо ўсіх старэйшых перабіла полчышча, якое прыходзіла з Аравіцянамі да табара, — і зацараваў Ахозія, сын Ёрама, цара Юдэйскага;
А на яго месца жыхары Ерузаліма выбралі царом Ахазію, найменшага яго сына, бо ўсе старэйшыя былі забіты шайкай, якая з арабамі напала на лагер; і цараваў Ахазія, сын Ярама, цара Юдэі.
дваццаць два гады было Ахозію, калі зацараваў, і адзін год валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Гатолія, дачка Амврыя.
А калі стаў ён царом, меў Ахазія дваццаць два гады, і адзін год быў ён царом у Ерузаліме. Імя маці яго — Аталія, дачка Амры.
Ён таксама хадзіў шляхамі дома Ахававага, бо маці ягоная была дарадчыца яму на беззаконныя дзеі.
Але і ён пайшоў дарогамі сям’і Ахаба; бо маці яго падштурхнула яго, каб ён дзейнічаў нягодна.
І рабіў ён незаўгоднае ў вачах Гасподніх, падобна дому Ахававаму, бо ён быў яму дарадцам, пасьля сьмерці бацькі ягонага, на пагібель яму.
Такім чынам, рабіў ён ліхое ў вачах Госпада, як дом Ахаба; бо яны на яго загубу былі яму дарадчыкамі па смерці яго бацькі.
Таксама прымаючы параду іхнюю, ён пайшоў за Ёрамам, сынам Ахававым, царом Ізраільскім, на вайну супроць Азаіла, цара Сірыйскага, у Рамот Галаадскі. І паранілі Сірыйцы Ёрама,
І ішоў за іх парадамі, і пайшоў з Ярамам, сынам Ахаба, царом Ізраэля, ваяваць супраць Газаэля, цара Сірыі, у Рамот Галаадскі, і сірыйцы ранілі Ярама.
і вярнуўся ён у Ізрэель лячыцца ад ранаў, якія прычынілі яму ў Раме, калі ён ваяваў з Азаілам, царом Сірыйскім. Ахозія, сын Ёрама, цар Юдэйскі, прыйшоў наведаць Ёрама, сына Ахававага, у Ізрэель, бо той быў хворы.
Ён вярнуўся, каб лячыцца ў Езрагэлі ад ран, якія атрымаў у вышэй названым баі. Дык Ахазія, сын Ярама, цар Юдэі, выбраўся, каб наведаць Ярама, сына Ахаба, які ў Езрагэлі хварэў.
І ад Бога было гэта на пагібель Ахозіі, што ён прыйшоў да Ёрама: бо пасьля прыходу свайго ён выйшаў з Ёрамам супроць Іуя, сына Намэсіевага, якога памазаў Гасподзь на вынішчэньне дома Ахававага.
Але воляй Божай было супраць Ахазіі, каб ён наведаў Ярама; і калі ён прыбыў, то разам з Ярамам пайшоў супраць Егу, сына Намсі, якога Госпад намасціў на цара, каб ён знішчыў дом Ахаба.
Калі чыніў Іуй суд над домам Ахава, тады ён знайшоў князёў Юдэйскіх і сыноў братоў Ахозіі, якія служылі Ахозію, і забіў іх.
Такім чынам, у час, калі Егу спраўляў суд над домам Ахаба, знайшоў князёў Юдэі і сыноў братоў Ахазіі, якія служылі яму, і забіў іх.
І загадаў ён шукаць Ахозію, і ўзялі яго, калі ён хаваўся ў Самарыі, і прывялі яго да Іуя, і забілі яго, і пахавалі яго, бо казалі: ён сын Ёсафата, які ўісьціў Госпада ад усяго сэрца свайго. І не засталося ў доме Ахозіі, хто мог бы валадарыць.
І шукаў потым самога Ахазію, і схапілі яго, калі ён хаваўся ў Самарыі, і завялі да Егу, і ён забіў яго. І пахавалі яго таму, што казалі, што ён сын Язафата, які ўсім сэрцам сваім шукаў Госпада. І не было тады нікога з нашчадкаў Ахазіі, хто мог бы быць царом.
І Гатолія, маці Ахозіі, убачыўшы, што памёр сын яе, устала і зьнішчыла ўсё царскае племя дома Юдавага.
Калі Аталія, маці Ахазіі, даведалася, што сын яе памёр, паднялася і загубіла ўсіх нашчадкаў царскага дому Юдэі.
Але Ёсавэт, дачка царская, узяла Ёаса, сына Ахозіі, і выкрала яго з асяродзьдзя царскіх сыноў, якіх забівалі, і разьмясьціла яго і карміцельку яго ў спальным пакоі; і такім чынам Ёсавэт, дачка цара Ёрама, жонка Ёдая сьвятара, сястра Ахозіі, схавала Ёаса ад Гатоліі, і не забіла яго.
Але Ёсабэт, дачка цара, узяла Ёаса, сына Ахазіі, і ўкрала яго паміж сыноў цара, калі іх забівалі, і схавала яго разам з нянькай яго ў спальным пакоі. Ёсабэт ж, якая схавала яго, была дачкой цара Ярама, жонкаю Ёяды першасвятара, сястрой Ахазіі; і з-за таго Аталія не забіла яго.
І быў ён у іх у доме Божым хаваны шэсьць гадоў; а Гатолія валадарыла над зямлёю.
Таму прабываў ён з імі, схаваны ў доме Божым, шэсць гадоў, у якія царавала над краем Аталія.