2 летапісаў 23 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
А на сёмым годзе ўзбадзёрыўся Ёдай і прыняў у саюз з сабою начальнікаў сотняў: Азарыю, сына Ерахамавага, і Ісмаіла, сына Егахананавага, і Азарыю, сына Авэдавага, і Маасэю, сына Адаі, і Элішафата, сына Зіхры.
А на сёмы год Ёяда, набраўшыся сілы, прыняў у змову сотнікаў: Азарыю, сына Ерахама, і Ізмаэля, сына Ёганана, таксама Азарыю, сына Абэда, і Маасію, сына Адаі, і Элісафата, сына Зэхры, і з імі ўвайшоў у змову.
І яны прайшлі па Юдэі і сабралі лявітаў з усіх гарадоў Юдэі і ўзначальцаў пакаленьняў Ізраілевых, і прыйшлі ў Ерусалім.
Яны абышлі зямлю Юдэі ды сабралі левітаў з усіх гарадоў Юдэі і кіраўнікоў родаў Ізраэля і прыбылі ў Ерузалім.
І заключыў увесь сход спрымірэнства ў доме Божым з царом. І сказаў ім Ёдай: вось сын цара павінен быць царом, як сказаў Гасподзь пра сыноў Давідавых.
Затым уся гэта супольнасць у доме Божым заключыла запавет з царом. Сказаў ім Ёяда: «Вось, сын цара будзе валадарыць, як прадказаў Госпад адносна сыноў Давіда.
Вось што вы зрабеце: траціна вас, што прыходзяць у суботу, са сьвятароў і лявітаў, будзе брамнікамі каля парогаў,
Дык гэта маеце рабіць.
і траціна пры доме царскім, і траціна каля брамы Есод, а ўвесь народ на дварах дома Гасподняга.
Трэцяя частка вас: са святароў, і левітаў, і прыдзверных, якія спаўняеце службу ў суботу, — будзе ў брамах, трэцяя ж частка — ля дома цара, і трэцяя — уся ў браме, якая завецца Падмуркам; а рэшта народа хай будзе на панадворку святыні Госпада.
І ніхто хай не заходзіць у дом Гасподні, акрамя сьвятароў і служак зь лявітаў. Яны могуць увайсьці, бо асьвечаныя; а ўвесь народ хай стаіць на варце Гасподняй.
І хай ніхто іншы не ўваходзіць у дом Госпада, апрача святароў і тых, хто служыць з левітаў; толькі яны ўваходзяць, бо яны асвячоныя. І ўвесь астатні народ хай захавае вернасць Госпаду.
І хай лявіты абступяць цара з усіх бакоў, кожны са зброяй сваёй у руцэ сваёй, і хто будзе ўваходзіць у храм, хай будзе забіты. І будзьце вы пры цары, калі ён будзе ўваходзіць і выходзіць.
А левіты хай акружаць цара з усіх бакоў, маючы кожны зброю сваю ў руках. І калі хто іншы ўвойдзе ў святыню, хай будзе забіты. І будзьце з царом, калі ён будзе ўваходзіць або выходзіць».
І зрабілі лявіты і ўсе Юдэі, што загадаў Ёдай сьвятар; і ўзялі кожны людзей сваіх, якія прыходзяць у суботу з тымі, што адыходзяць у суботу, бо не адпусьціў сьвятар Ёдай чэргаў, якія зьмяніліся.
Дык левіты ды ўсе з Юдэі зрабілі ўсё так, як загадаў ім першасвятар Яяда. Кожны ўзяў сваіх людзей, якія прыходзілі ў суботу, з тымі, якія выходзілі ў суботу: бо першасвятар Ёяда не дазволіў адысці дружынам, якія звычайна змяняліся кожны тыдзень.
І раздаў Ёдай сьвятар начальнікам сотняў дзіды і малыя і вялікія шчыты цара Давіда, якія былі ў доме Божым;
І далей першасвятар Ёяда даў сотнікам дзіды, і шчыты, і кальчугі цара Давіда, якія былі ў святыні Божай.
і паставіў увесь народ, кожнага са зброяю ягонай у руцэ ягонай, ад правага боку храма да левага боку храма, каля ахвярніка і каля дома, вакол цара.
І расставіў увесь народ са зброяй у руках вакол цара ўздоўж святыні ад правага боку аж да левага боку перад ахвярнікам і святыняй.
І вывелі сына цара, і ўсклалі на яго вянок і аздобы, і паставілі яго царом; і памазалі яго Ёдай і сыны ягоныя і сказалі: хай жыве цар!
І вывелі сына цара, і ўсклалі яму дыядэму і сведчанне ды паставілі яго царом. Таксама Ёяда першасвятар і сыны яго намасцілі яго; і загаманілі ўголас, і сказалі: «Хай жыве цар!»
І пачула Гатолія голас народу, які бег і абвяшчаў пра цара, і выйшла да народу ў дом Гасподні,
Калі Аталія пачула гоман людзей, якія бегалі і славілі цара, накіравалася яна да народа ў святыню Госпада.
і ўбачыла: і вось цар стаіць на ўзвышэньні сваім каля ўваходу, і князі і трубы каля цара, і ўвесь народ зямлі весяліцца, і трубяць у трубы, і сьпевакі са спарудамі музычнымі і ўмелыя ў славаслоўі. І падрала Гатолія вопратку на сабе і закрычала: змова! змова!
Глянула: аж стаіць цар на прыступцы сваёй пры ўваходзе, і князёў, і трубы каля яго, і ўвесь народ зямлі, які радуецца і трубіць у трубы, і спевакоў з рознымі музычнымі інструментамі, якія спяваюць гімны хвалы, то раздзерла яна шаты свае і закрычала: «Змова, змова!»
І выклікаў Ёдай сьвятар начальнікаў сотняў, начальнікаў над войскам, і сказаў ім: выведзіце яе прэч, і хто пойдзе за ёю, хай будзе забіты мечам. Бо сьвятар сказаў: ня ўсьмерціце яе ў доме Гасподнім.
А першасвятар Ёяда загадаў сотнікам, што былі над войскам, кажучы: «Выведзіце яе за агароджу святыні. А хто пойдзе за ёй, забіце яе звонку мечам». Бо сказаў першасвятар: «Не забівайце яе ў доме Госпада!»
І далі ёй месца, і калі яна прайшла да ўваходу конскае брамы царскага дома, там забілі яе.
І схапілі яе; і, калі ўваходзіла ў браму, дзе ўязджаюць коні ў палац царскі, забілі яе там.
І заключыў Ёдай запавет паміж сабою і ўсім народам і царом, каб быць народам Гасподнім.
А Ёяда заключыў дамову між сабою і ўсім народам і царом, каб былі народам Госпадавым.
І пайшоў увесь народ у капішча Ваала, і разбурылі яго, і ахвярнікі ягоныя і балванаў ягоных пабілі, і Матана, жраца Ваалавага, забілі перад ахвярнікамі.
Затым увесь народ увайшоў у дом Баала і разбурылі яго, і ахвярнікі і статуі яго паразбівалі; таксама святара Баала Матана забілі перад ахвярнікам.
І даручыў Ёдай справы дома Гасподняга сьвятарам і лявітам, як разьмеркаваў Давід у доме Гасподнім, дзеля прынашэньня цэласпаленьняў Госпаду, як напісана ў законе Майсеевым, з радасьцю і сьпевамі, паводле статуту Давідавага.
А Ёяда паставіў загадчыкаў у доме Госпадавым пад кіраўніцтвам святароў і левітаў, якіх Давід падзяліў у доме Госпада, каб складалі цэласпаленні Госпаду, як запісана ў законе Майсея, з радасцю і са спевамі па распараджэнні Давіда.
І паставіў ён брамнікаў каля брамы дома Гасподняга, каб не ўваходзіў нячысты ў чым-небудзь.
Паставіў ён таксама прыдзверных пры брамах святыні Госпадавай, каб часам не ўвайшоў туды хто нячысты ў якой-небудзь справе.
І ўзяў начальнікаў сотняў, і вяльможаў, і начальнікаў у народзе, і ўвесь народ зямлі, і правёў цара з дома Гасподняга і прайшлі праз верхнюю браму ў дом царскі, і пасадзілі цара на царскі трон.
І ўзяў сотнікаў і наймужнейшых ваяроў і кіраўнікоў народа ды ўвесь народ зямлі, і вывелі цара з дома Госпада, і пасадзілі яго на пасадзе царскім.
І весяліўся ўвесь народ, і горад супакоіўся. А Гатолію забілі мечам.
І цешыўся ўвесь народ краю, і горад жыў спакойна; а Аталію забілі мечам.