2 летапісаў 29 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Эзэкія зацараваў у дваццаць пяць гадоў, і дваццаць дзевяць гадоў валадарыў у Ерусаліме; імя маці яго Авія, дачка Захара.
 
Такім чынам, Эзэкія, маючы дваццаць пяць гадоў, стаў царом. Дваццаць дзевяць гадоў цараваў у Ерузаліме. Імя маці яго — Абі, дачка Захарыі.

І рабіў ён заўгоднае ў вачах Гасподніх гэтак сама, як рабіў Давід, бацька ягоны.
 
І дзейнічаў справядліва перад абліччам Госпада, рабіў усё, як Давід, бацька яго.

У першы год валадараньня свайго, у першы месяц, ён адчыніў дзьверы дома і аднавіў іх,
 
У першы месяц першага года свайго царавання ён адчыніў дзверы дома Госпада і аднавіў іх.

і загадалі прыйсьці сьвятарам і лявітам, і сабраў іх на пляцы ўсходнім,
 
І прывёў святароў і левітаў, і сабраў іх на Усходняй плошчы,

і сказаў ім: паслухайце мяне, лявіты. Сёньня асьвяцецеся самі і асьвяцеце дом Госпада Бога бацькоў вашых, і выкіньце нячыстае са сьвятыні.
 
і прамовіў да іх: «Слухайце мяне, левіты! Цяпер асвяціце сябе; ачысціце дом Госпада, Бога бацькоў сваіх, ды прыміце ўсю нячыстасць са святога месца.

Бо бацькі нашыя рабілі беззаконна, і рабілі незаўгоднае ў вачах Госпада Бога нашага, і пакінулі Яго, і адвялі яны твары свае ад жытлішча Гасподняга, і павярнуліся сьпінаю,
 
Награшылі бацькі нашы і дапускаліся ліха перад абліччам Госпада, Бога нашага, адварочваючыся ад Яго; адвярнулі твары свае ад палаткі Госпада і павярнуліся плячамі.

і замкнулі дзьверы бабінца, і патушылі сьвяцільні, і не палілі дымленьня, і ня ўзносілі цэласпаленьняў у сьвятыні Бога Ізраілевага.
 
Звыш таго, зачынілі дзверы, што былі ў панадворку, і пагасілі свяцільнікі, і не ўспальвалі кадзіла, і не складалі цэласпаленняў у свяцілішчы Бога Ізраэля.

І быў гнеў Госпада на Юдэю і на Ерусалім, і Ён аддаў іх на ганьбу, на спусташэньне і на пасьмешышча, як вы бачыце на вочы вашыя.
 
Таму ўзгарэлася абурэнне Госпада на Юду і на Ерузалім, і аддаў іх на ганенне, і на здзіўленне, і на асвістанне, як самі бачыце сваімі вачамі.

І вось загінулі бацькі нашыя ад меча, а сыны нашыя і дочкі нашыя і жонкі нашыя за гэта ў палоне дагэтуль.
 
Вось, бацькі нашы загінулі ад мечаў, сыны нашы, і дочкі нашы, і жонкі трапілі ў палон дзеля гэтага злачынства.

Цяпер у мяне на сэрцы — заключыць запавет з Госпадам Богам Ізраілевым, хай ухіліць ад нас полымя гневу Свайго.
 
Дык вось цяпер хочацца мне аднавіць прымірэнне з Госпадам, Богам Ізраэля, і хай адверне ад нас абурэнне гневу Свайго.

Дзеці мае, ня будзьце неахайныя, бо вас выбраў Гасподзь стаяць прад абліччам Ягоным і быць у Яго службітамі і запальвачамі дымленьня.
 
Дзеткі мае! Старайцеся; вас бо выбраў Госпад, каб стаялі ў прысутнасці Яго, і служылі Яму, і пакланяліся Яму, і ўспальвалі».

І ўсталі лявіты: Махат, сын Амасая, і Ёэль, сын Азарыі, з сыноў Каатавых; і з сыноў Мэрарыных; Кіс, сын Аўдыя, і Азарыя, сын Егалелела; і з племя Гірсонавага: Ёах, сын Зімы, і Элдэн, сын Ёаха;
 
Дык паўсталі левіты: Магат, сын Амасая, і Ёэль, сын Азарыі з сыноў Кагата; далей з сыноў Мэрары — Кіс, сын Абдзі, і Азарыя, сын Ялелэля; з сыноў жа Гэрсона — Ёах, сын Зімы, і Эдэн, сын Ёаха;

і з сыноў Эліцафанавых: Шымры і Еэл; і з сыноў Асафавых: Захар і Матанія;
 
з сыноў жа Элісафана: Сэмры і Егіэль; таксама з сыноў Асафа: Захарыя і Матанія;

і з сыноў Эманавых: Ехіэл і Шымэй; і з сыноў Ідытунавых: Шэмая і Ўзіел.
 
а таксама з сыноў Гемана: Егіэль і Сямэй; з сыноў жа Ідытуна: Сямэя і Азіэль.

Яны сабралі братоў сваіх і асьвяціліся, і пайшлі па загадзе цара ачышчаць дом Гасподні па словах Госпада.
 
І сабралі сваіх братоў, і яны асвяціліся, і ўвайшлі па загадзе цара і па волі Госпада, каб ачысціць дом Божы.

І ўвайшлі сьвятары ўсярэдзіну дома Гасподняга дзеля ачышчэньня, і вынесьлі ўсё нячыстае, што знайшлі ў храме Гасподнім, на двор дома Гасподняга, а лявіты ўзялі гэта, каб вынесьці прэч да патока Кедрона.
 
Таксама святары ўвайшлі ў святыню Госпада, каб ачысціць яе; вынеслі яны ўсё нячыстае, што знайшлі ўнутры, на двор дома Госпада, усё гэта ўзялі левіты і вынеслі навонкі да ручая Цэдрон.

І пачалі ачышчаць у першы дзень першага месяца, і ў восьмы дзень таго самага месяца ўвайшлі ў бабінец Гасподні; і асьвячалі дом Гасподні восем дзён, а на шаснаццаты дзень першага месяца закончылі.
 
Пачалі ж асвячаць у першы дзень першага месяца, і ў восьмы дзень таго ж месяца ўвайшлі ў панадворак святыні Госпада ды ў восем дзён асвяцілі святыню Госпада; у шаснаццаты дзень таго ж месяца, у які пачалі, скончылі.

І прыйшлі ў дом да цара Эзэкіі і сказалі: мы ачысьцілі дом Гасподні, і ахвярнік для цэласпаленьняў, і ўвесь посуд яго, і стол для пакладных хлябоў, і ўвесь посуд яго;
 
Таксама пайшлі да цара Эзэкіі і сказалі яму: «Ачысцілі мы ўвесь дом Госпада і ахвярнік цэласпаленняў, і пасудзіны яго, а таксама стол пакладных хлябоў з усімі прыладамі яго,

і ўвесь посуд, які занядбаў цар Ахаз у час валадараньня свайго, у беззаконьні сваім, мы падрыхтавалі і асьвяцілі, і вось ён перад ахвярнікам Гасподнім.
 
і ўсе рэчы святыні, якія выкінуў цар Ахаз падчас свайго царавання ў сваёй пераваротнасці, мы аднавілі і асвяцілі. Вось, усе яны пакладзены перад ахвярнікам Госпада».

І ўстаў цар Эзэкія з самага рана і сабраў начальнікаў горада, і пайшоў у дом Гасподні.
 
Дык на світанні ўстаў цар Эзэкія, і сабраў кіраўнікоў горада, і пайшоў у дом Госпада.

І прывялі сем цялят і сем бараноў, і сем ягнят і сем казлоў на ахвяру за грэх царства і за сьвятыню і за Юдэю; і загадаў ён сынам Ааронавым, сьвятарам, узьнесьці цэласпаленьне на ахвярнік Гасподні.
 
І прывялі ў той жа час сем валоў, сем бараноў, сем ягнят ды сем казлоў за грэх, за царства, за святыню, за Юдэю; загадаў ён таксама святарам, сынам Аарона, каб ускладалі ахвяры на ахвярнік Госпада.

І закалолі цялят, і ўзялі сьвятары кроў, і акрапілі ахвярнік, і закалолі бараноў, і акрапілі крывёю ахвярнік, і закалолі ягнят, і акрапілі крывёю ахвярнік.
 
Дык забілі валоў, і святары ўзялі з іх кроў і ёю пакрапілі ахвярнік; забілі таксама бараноў і пакрапілі іх крывёю ахвярнік.

І прывялі казлоў за грэх перад аблічча цара і сходу, і яны ўсклалі рукі свае на іх.
 
Прывялі казлоў, прызначаных на ахвяру за грэх, перад царом і перад усёю супольнасцю, і ўсклалі на іх рукі свае,

І закалолі іх сьвятары, і ачысьцілі крывёю іхняй ахвярнік для загладжваньня грахоў усяго Ізраіля, бо за ўсяго Ізраіля загадаў цар прынесьці цэласпаленьне і ахвяру за грэх.
 
і святары забілі іх, і іх кроў вылілі на ахвярнік як ахвяру збавення за ўвесь Ізраэль; бо цар загадаў цэласпаленне за ўвесь Ізраэль і за грэх.

І паставіў ён лявітаў у доме Гасподнім з кімваламі, псалтырамі і цытрамі, па статуце Давіда і Гада, празорліўца царовага, і Натана прарока, бо ад Госпада быў статут гэты праз прарокаў Ягоных.
 
Паставіў таксама левітаў у доме Госпада з цымбаламі, псалтэрыёнамі і цытрамі па распараджэнні Давіда і Гада, Прадракальніка цара, і прарока Натана; бо загад быў ад Госпада праз прарокаў Яго.

І сталі лявіты з музычнымі спарудамі Давідавымі і сьвятары з трубамі.
 
І сталі левіты з музычнымі інструментамі Давіда, і святары з трубамі.

І загадаў Эзэкія ўзьнесьці цэласпаленьне на ахвярнік. І ў той час, як пачалося цэласпаленьне, пачалося сьпяваньне Госпаду, пад гукі труб і спарудаў Давіда, цара Ізраілевага.
 
І загадаў Эзэкія, каб склалі цэласпаленне на ахвярніку; і калі складалі цэласпаленне — пачалі спяваць пахвалы Госпаду, і трубіць у трубы, і граць на ўсякіх інструментах Давіда, цара Ізраэля.

І ўвесь сход маліўся, і сьпевакі сьпявалі, і трубілі трубы, пакуль не закончылася цэласпаленьне.
 
А калі ўся супольнасць пакланілася, спевакі і тыя, што трымалі трубы, спаўнялі свой абавязак, пакуль не скончылася ахвяра цэласпалення.

Пасьля заканчэньня цэласпаленьня, цар і ўсе, хто быў пры ім, укленчылі і пакланіліся.
 
І, калі скончылася ахвярапрынашэнне, цар і ўсе, што з ім былі, палі на калені з пашанаю і пакланіліся тварам да зямлі.

І сказаў цар Эзэкія і князі лявітам, каб яны славілі Госпада словамі Давіда і Асафа празорліўца, і яны славілі з радасьцю, і кленчылі і кланяліся.
 
І загадаў Эзэкія і кіраўнікі левітам, каб славілі яны Госпада словамі Давіда і Асафа Прадракальніка: яны хвалілі Яго з вялікай радасцю і, укленчыўшы, пакланіліся тварам да зямлі.

І Эзэкія сказаў далей: цяпер вы прысьвяцілі сябе Госпаду; прыступайце і прыносьце ахвяры і падзякавальныя прынашэньні ў дом Гасподні. І панёс сход ахвяры і падзякавальныя прынашэньні, і кожны, хто прыхільны быў сэрцам, — цэласпаленьні.
 
А Эзэкія, між іншым, дадаў такое: «Цяпер, напоўніўшы рукі свае Госпадам, прыступіце і ўскладайце крывавыя ахвяры ў доме Госпада на падзяку». Ды кожны, хто хацеў, складаў таксама ахвяры цэласпалення.

І быў лік цэласпаленьняў, якія прывёў сход: семдзесят валоў, сто бараноў, дзьвесьце ягнят — усё гэта на цэласпаленьне Госпаду.
 
Лік жа цэласпаленняў, якія супольнасць прынесла, быў такі: валоў — семдзесят, бараноў — сто, ягнят — дзвесце — усё гэта ахвяры цэласпалення для Госпада.

Іншых сьвяшчэнных ахвяраў было: шасьцьсот з буйнога быдла і тры тысячы з дробнага быдла.
 
І асвяцілі Госпаду шэсцьсот валоў ды тры тысячы авечак.

Але сьвятароў было мала, і яны не маглі зьдзіраць скуру з усіх цэласпаленьняў, і дапамагалі ім браты іхнія лявіты, да заканчэньня справы і пакуль асьвяціліся іншыя сьвятары, бо лявіты былі больш старанныя ў асьвячэньні сябе, чым сьвятары.
 
Замала ж было святароў і не змаглі здзіраць шкуры з усіх ахвяр цэласпалення; дык дапамаглі ім браты іх, левіты, аж да заканчэння працы і да асвячэння святароў; бо левіты былі са шчырым сэрцам, так што асвяціліся яны больш, чым святары.

Прытым цэласпаленьняў было мноства з тлушчам і мірных ахвяраў і з паліваньнем пры цэласпаленьні. Так адноўлена служэньне ў доме Гасподнім.
 
Такім чынам, цэласпаленняў было вельмі многа, з тлушчам мірных ахвяр і ўзліваннямі, што належалі да цэласпаленняў. Так была ўзноўлена служба ў доме Госпада.

І радаваўся Эзэкія і ўвесь народ за тое, што Бог так схіліў народ, бо гэта ўчынілася неспадзявана.
 
І ўзрадаваўся Эзэкія ды ўвесь народ з таго, што прыгатаваў Госпад для народа; сталася бо гэта ў імгненне.