2 летапісаў 5 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
І закончылася ўся праца, якую вёў Саламон для дома Гасподняга. І прынёс Саламон пасьвечанае Давідам, бацькам ягоным, і срэбра і золата і ўсе рэчы аддаў у скарбніцы дома Божага.
І так закончана была ўся праца, якую зрабіў Саламон у доме Госпада. Тады ўнёс Саламон усё, што прыракаў Давід, бацька яго: срэбра і золата, дый увесь посуд памясціў у скарбоўнях дома Божага.
Тады сабраў Саламон старэйшынаў Ізраілевых і ўсіх узначальцаў плямёнаў, начальнікаў пакаленьняў сыноў Ізраілевых, у Ерусалім, дзеля перанясеньня каўчэга запавета Гасподняга з горада Давіда, зь Сіёна.
Затым сазваў старэйшын Ізраэля, і ўсіх кіраўнікоў пакаленняў, і князёў родаў Ізраэля ў Ерузалім, каб перанесці каўчэг прымірэння Госпадава з горада Давіда, якім з’яўляецца Сіён.
І сабраліся да цара ўсе Ізраільцяне на сьвята, на сёмым месяцы.
Дык сабраліся да цара ўсе ізраэльцы ў дзень урачыстага сёмага месяца.
І прыйшлі ўсе старэйшыны Ізраілевыя. Лявіты ўзялі каўчэг
І калі прыйшлі ўсе старэйшыны Ізраэля, тады левіты ўзялі каўчэг
і панесьлі каўчэг і скінію сходу і ўсе рэчы сьвяшчэнныя, якія ў скініі, — панесьлі іх сьвятары і лявіты.
і ўнеслі яго ў палатку сустрэчы, ды ўсе прыналежнасці святыя, што былі ў палатцы. Перанеслі іх святары і левіты.
А цар Саламон і ўсё супольства Ізраілевае, якое сабралася да яго перад каўчэгам, прыносілі ахвяры з авечак і валоў, якіх немагчыма палічыць і вызначыць з прычыны мноства.
Цар жа Саламон ды ўся супольнасць Ізраэля, сабраная пры ім перад каўчэгам, складалі ў ахвяру авечак і валоў без ліку: такое бо было мноства ахвяр.
І прынесьлі сьвятары каўчэг запавета Гасподняга на месца яго, у давір храма — у Сьвятое Сьвятых пад крылы херувімаў.
І ўнеслі святары каўчэг прымірэння Госпадавага на яго месца, у Дабір святыні, у святое з святых, пад крылы херубінаў,
І херувімы распасьціралі крылы над месцам каўчэга, і пакрывалі херувімы каўчэг і жэрдзі яго зьверху.
так што херубіны раскідвалі свае крылы над месцам, у якім размясцілі каўчэг, і накрывалі сам каўчэг і яго жэрдкі зверху.
І высунуліся жэрдзі, так што галоўкі жэрдак каўчэга відны былі перад давірам, але ня выходзілі вонкі, і яны там да гэтага дня.
А канцы жэрдак, на якіх неслі каўчэг, — бо былі жэрдкі даволі доўгія, — віднеліся перад Дабірам; а калі хто быў звонку, то бачыць іх не мог. Такім чынам, быў там каўчэг і застаецца ён там па сённяшні дзень.
Ня было ў каўчэзе нічога, апрача двух скрыжаляў, якія паклаў Майсей на Харыве. Калі Гасподзь заключыў запавет з сынамі Ізраілевымі, пасьля выхаду іх зь Егіпта.
І ў каўчэгу не было нічога іншага, акрамя дзвюх табліц, якія паклаў Майсей у Гарэбе, калі Госпад заключыў запавет з сынамі Ізраэля ў час іх выхаду з Егіпта.
Калі сьвятары выйшлі са сьвятыні, бо ўсе асьвяціліся без адрозьненьня аддзелаў;
Калі ж святары выйшлі з месца святое з святых, — бо ўсе святары, якія знаходзіліся там, былі асвячоныя, нягледзячы на чаргу і парадак службы,
і лявіты сьпевакі, — усе яны, Асаф, Эман, Ідытун і сыны іхнія і браты іхнія, — апранутыя ў вісон, з кімваламі і псалтырамі і цытрамі стаялі на ўсходнім баку ахвярніка, і зь імі сто дваццаць сьвятароў, якія трубілі трубамі,
і левіты ўсе, што былі спевакамі пад Асафам, і якія былі пад Геманам, і якія былі пад Ідытунам, сыны і браты іх, апранутыя ў вісон, стаялі на ўсход ад ахвярніка, граючы на цымбалах, і псалтэрыёнах, і цытрах, і з імі сто дваццаць святароў, што гралі на трубах, —
і былі як адзін трубачы і сьпевакі, якія ў адзін голас хвалілі і славасловілі Госпада, — і калі загрымеў гук трубаў і кімвалаў і музычных інструментаў, і хвалілі Госпада, бо вечная міласьць Яго; тады дом, дом Гасподні, напоўніла воблака,
такім чынам, калі ўсе як адзін і затрубілі, і заспявалі, і зайгралі на цымбалах і іншых музычных інструментах, і высока ўзнялі голас, пачалі яны славіць Госпада аднагалосна і казаць: «Дзякуйма Госпаду, бо Ён добры, бо вечная ёсць міласэрнасць Яго», — запоўніўся воблакам дом Божы,
і не маглі сьвятары стаяць на служэньні з прычыны воблака, бо слава Гасподняя напоўніла дом Божы.
і не змаглі святары там заставацца і спаўняць службу дзеля воблака, бо слава Госпада запоўніла дом Божы.