Ісаі 52 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
Паўстань, паўстань, апраніся ў сілу тваю, Сіёне! Апраніся ў строі велічы тваёй, Ерусаліме, горадзе сьвяты! бо ня будзе болей уваходзіць у цябе неабрэзаны і нячысты.
Прабудзіся, прабудзіся! Апраніся ў мужнасць сваю, Сіёне; апраніся ў шаты славы сваёй, Ерузалім, горад святасці! Бо не наважыцца болей неабрэзаны ды нячысты, каб прайсці праз цябе.
Абтрасі зь сябе пыл; устань, палонны Ерусаліме! здымі ланцугі з шыі тваёй, паланёная дачка Сіёна!
Абтрасіся ад пылу, устань, о паланянка ерузалімская! Развяжы сабе вяроўкі на шыі, паланянка, дачка Сіёна!
Бо так кажа Гасподзь: за нішто былі вы прададзены, і бяз срэбра адкуплены будзеце;
Бо вось што кажа Госпад: «Задарма былі вы прададзеныя і без срэбра адкуплены».
бо так кажа Гасподзь: народ Мой хадзіў раней у Егіпет, каб там пажыць, і Асур уціскаў яго нізавошта.
Бо вось гэта кажа Госпад: «Народ Мой калісьці перабраўся ў Егіпет, каб зрабіцца там пасяленцам, а Асірыя без прычыны прыгнятала яго.
І цяпер што ў Мяне тут? кажа Гасподзь, — народ Мой узяты дарам, уладары іхнія шалеюць, кажа Гасподзь, і ўвесь час, кожны дзень імя Маё няславіцца.
А цяпер, што мне з гэтага, — кажа Госпад, — бо народ Мой забраны задарма. Валадары яго з радасці крычаць, — кажа Госпад, — і ўсцяж, штодзень блюзнераць на імя Маё.
Таму народ Мой уведае імя Маё; таму ўведае ў той дзень, што Я той самы, Які сказаў: вось Я!
Дзеля таго народ Мой пазнае імя Маё ў той дзень, бо Я Той Самы, Які гаварыў: “Я тут прысутны!”»
Якія прыгожыя на горах ногі дабравесьніка, што абвяшчае мір, зьвястуе радасьць, прапаведуе збавеньне, кажа Сіёну: «зацараваў Бог твой!»
О, як прыгожыя ногі таго, хто абвяшчае на гарах і прадказвае супакой, таго, хто абвяшчае дабро і прадказвае збаўленне, таго, хто кажа Сіёну: «Заваладарыў Бог твой».
Голас вартаўнікоў тваіх — яны ўзвысілі голас, і ўсе разам радуюцца, бо на свае вочы бачаць, што Гасподзь вяртаецца ў Сіён.
Гоман вартаўнікоў тваіх: узнялі голас, разам будуць цешыцца, бо ўвачавідкі бачаць, як вяртаецца Госпад на Сіён.
Радуйцеся, сьпявайце разам, руіны Ерусаліма, бо суцешыў Гасподзь народ Свой — адкупіў Ерусалім.
Радуйцеся і цешцеся ўсе разам, апусцелы Ерузалім, бо суцешыў Госпад народ Свой, адкупіў Ерузалім!
Агаліў Гасподзь сьвятую сілу Сваю на вачах усіх народаў, — і ўсе канцы зямлі ўбачаць збавеньне Бога нашага.
Агаліў вось Госпад руку Сваю святую перад абліччам усіх народаў, і пабачаць збаўленне Бога нашага ўсе канцы зямлі.
Ідзеце, ідзеце, выходзьце адтуль: не дакранайцеся да нячыстага; выходзьце з асяродзьдзя ягонага, ачысьціце сябе, носьбіты сасудаў Гасподніх!
Выйдзіце, выйдзіце, адлучыцеся ад гэтага! Не дакранайцеся ні да чаго нячыстага! Выйдзіце з сярэдзіны яго! Ачысціцеся вы, якія несяце посуд Госпада!
бо вы выйдзеце не пасьпешліва, і не пабяжыце; бо паперадзе ў вас пойдзе Гасподзь, і Бог Ізраілеў будзе вартаю за вамі.
Бо выйдзеце не ў паспешнасці і не кінецеся наўцёкі; бо Госпад пойдзе наперадзе вас, і злучыць вас Бог Ізраэля.
Вось, раб мой будзе ўсьцешаны посьпехам, узвысіцца і ўзьнясецца і ўзьвялічыцца.
«Вось жа, пашчаслівіцца паслугачу Майму; узвысіцца і ўзнясецца, і будзе вельмі вялікі».
Як многія дзіву даваліся, гледзячы на Цябе, — так было зьнявечана больш за ўсякага чалавека аблічча Яго, і выгляд Ягоны больш за сыноў чалавечых!
Як многа аслупянела перад Ім, — гэткі агідны Ён быў, быццам выгляд Яго — не чалавечы, постаць — не як у сыноў чалавечых,
Так многія народы прывядзе Ён да подзіву; цары затуляць перад Ім вусны свае, бо яны ўбачаць тое, пра што ня было казана ім, і даведаюцца пра тое, чаго ня чулі.
так здзівіць Ён многія народы, цары зашчымяць вусны свае перад Ім, бо тыя, якім аб Ім не было абвешчана, убачаць і тыя, што не чулі, даведаюцца.