Ісаі 49 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
Слухайце Мяне, выспы, і ўважайце, народы далёкія: Гасподзь паклікаў Мяне ад улоньня, ад нутробы маці Маёй назваў імя Маё;
«Астравы, паслухайце мяне, далёкія народы, зважце. Госпад паклікаў мяне з улоння, з жывата маці маёй успомніў імя маё.
і зрабіў вусны Мае, як востры меч; ценем рукі Сваёй накрываў Мяне, і зрабіў Мяне стралою завостранаю: у калчане Сваім захоўваў Мяне;
І зрабіў вусны мае, як востры меч; у засені рукі Сваёй прыкрыў мяне і ўчыніў мяне выдатнаю стралою, у калчане Сваім схаваў мяне
і сказаў Мне: ты раб Мой, Ізраіле, — у табе Я праслаўлюся.
і сказаў мне: “Ты слуга Мой, Ізраэлю, у якім Я праслаўлюся”.
А Я сказаў: дарма Я працаваў, на нішто і марна нікчэмніў сілу Сваю. Але Маё права — у Госпада, і ўзнагарода Мая — у Бога Майго.
А я сказаў: “Надарма працаваў я без патрэбы і марна траціў свае сілы. А сапраўды, прысуд мой — з Госпадам і плата мая — з Богам маім”.
І сёньня кажа Гасподзь, Які выгадаваў Мяне ад улоньня рабом Сабе, каб павярнуць да Яго Якава, і каб Ізраіль сабраўся ў Яго; Я ўшанаваны ў вачах Госпада, і Бог мой — сіла Мая.
І цяпер кажа Госпад, Які ўфармаваў мяне з улоння маці на слугу Сабе, каб прывёў я Якуба да Яго і каб Ізраэль сабраўся да Яго: так праславіўся я ў вачах Госпада, і Бог мой стаўся крэпасцю маёй.
І Ён сказаў: мала таго, што ты будзеш рабом Маім на ўзнаўленьне каленаў Ізраілевых і дзеля вяртаньня рэшты Ізраіля, але Я зраблю Цябе сьвятлом народаў, каб ратаваньне Маё пашырылася да краю зямлі.
І сказаў Ён: “Замала, каб быў ты Мне слугою, каб уздымаць пакаленні Якуба і прыводзіць рэшткі Ізраэля: устанаўлю Я цябе святлом для паганаў, каб быў Ты збаўленнем аж па край зямлі”.
Так кажа Гасподзь, Адкупнік Ізраіля, Сьвяты Яго, пагарджанаму ўсімі, клятаму народам, рабу ўладароў: цары ўбачаць — і ўстануць; князі паклоняцца дзеля Госпада, Які верны, дзеля Сьвятога Ізраілевага, Які выбраў Цябе.
Гэта кажа Госпад, Адкупіцель Ізраэля, яго Святы да спаганенага ў душы, да абрыдлага ў паганаў, да слугі магнатаў: “Цары ўбачаць цябе і ўстануць, а князі яшчэ і паклоняцца дзеля Госпада, бо Ён верны, дзеля Святога Ізраэлева, Які выбраў цябе”.
Так кажа Гасподзь: у час спрыяльны Я пачуў Цябе, і ў дзень выратаваньня дапамог Табе; і Я буду ахоўваць Цябе і зраблю Цябе запаветам народу, каб узнавіць зямлю, каб вярнуць спадчыньнікам спадчыну спусташэньня,
Гэта кажа Госпад: “У час прыдатны выслухаў Я цябе ды ў дзень збаўлення ўспамог табе; і захаваў Я цябе, і ўстанавіў цябе прымірэннем для народа, каб ты аднавіў зямлю ды каб раздзяліў спустошаную спадчыну;
сказаў вязьням: «выходзьце», і тым, якія ў цемры: «пакажэцеся». Яны пры дарогах будуць пасьвіць, і на ўсіх пагорках будуць пашы іхнія;
каб сказаў тым, якія ўвязнены: “Выходзьце!” А тым, што ў цемры: “Пакажыцеся!” Яны будуць пасвіцца на дарогах, ды па ўсіх голых узгорках іх выган,
ня будуць цярпець голаду і смагі, і не дастане іх сьпёка і сонца; бо Той, Хто мілуе іх, будзе весьці іх і прывядзе іх да крыніцы водаў.
не будуць ужо галадаць ані смагнуць, і не ўдарыць іх спякота або сонца, бо кіраваць імі будзе Літасцівец іх ды павядзе іх да крыніц водаў.
І ўсе горы Мае зраблю шляхам, і дарогі Мае будуць паднятыя.
І замяню Я горы на дарогу, а сцежкі Мае будуць паднятыя.
Вось, яны прыйдуць здалёку; і вось, — адны з поўначы і мора, а другія — зь зямлі Сінім.
Вось жа, тыя прыходзяць здалёк, а вось гэтыя — з поўначы і ад мора, а іншыя — з краіны Сінім.
Радуйцеся, нябёсы, і весяліся, зямля, і гудзеце, горы, ад радасьці; бо суцешыў Гасподзь народ Свой і памілаваў пакутнікаў Сваіх.
Слаўце, нябёсы, і радуйся, зямля! Весяліцеся з песняю, горы! Бо цешыць Госпад народ Свой і бедных Сваіх шкадуе”.
А Сіён казаў: «пакінуў мяне Гасподзь, і Бог мой забыў мяне!»
І сказаў Сіён: “Пакінуў мяне Госпад, і забыўся пра мяне Госпад!”
Ці забудзе жанчына немаўля сваё, каб не пашкадаваць сына ўлоньня свайго? але калі б і яна забыла, дык Я не забуду цябе.
Ці ж можа забыцца жанчына пра дзіця сваё, каб не пашкадавала дзіцяці ўлоння свайго? Ды каб нават яна забылася, Я не забудуся пра цябе!
Вось, Я накрэсьліў цябе на далонях Маіх; сьцены твае заўсёды перада Мною.
Вось, Я запісаў цябе на далонях Маіх, муры твае заўсёды перада Мною.
Сыны твае пасьпяшаюцца да цябе, а руйнавальнікі і спусташальнікі твае пойдуць ад цябе.
Спяшаюцца будаўнікі твае; якія цябе бурылі і рассыпалі, выйдуць з цябе.
Узьвядзі вочы твае і паглядзі навокал, — усе яны зьбіраюцца, ідуць да цябе. Жыву Я! кажа Гасподзь, ва ўсіх іх ты апранешся, як ва ўбранства, і ўбярэшся ў іх, як нявеста.
Падымі вочы свае і паглядзі навокал: усе тыя сабраліся, прыбылі да цябе. “Я жывы, — кажа Госпад, — бо ў гэтых усіх апранешся, як бы ў каштоўнасці, і, як сужэнка, акружышся імі”.
Бо руіны твае і пустыні твае і спустошаная зямля твая — будуць цяпер занадта цесныя жыхарам, і тыя, што глыталі цябе, адыдуць ад цябе.
Бо руіны ў цябе і пустыні ў цябе, і зямля спустошаная: цяпер ты будзеш цеснай для жыхароў; і далёка будуць тыя, хто паглыналі цябе.
Дзеці, якія будуць у цябе пасьля страты ранейшых, скажуць уголас табе: «цеснае мне месца; саступі мне, каб я мог жыць».
Зноў будуць казаць у вушы твае сыны, пазбаўленыя цябе: “Завузкім ёсць для мяне месца, дай мне прастор, каб мог абжыцца”.
І ты скажаш у сэрцы тваім: «хто мне нарадзіў іх? я была бязьдзетная і бясплодная, адведзена ў палон і выгнана; хто ж выгадаваў іх? — вось, я заставалася адзінокая; дзе ж яны былі?»
Ты скажаш у сэрцы тваім: “Хто нарадзіў Мне гэтых? Была бяздзетная і няплодная, выгнана ды ў няволю заведзена, дык хто іх выгадаваў? Вось жа, заставалася сама, а тыя дзе былі?”
Так кажа Гасподзь Бог: вось, Я падыму руку Маю да народаў, і выстаўлю сьцяг Мой плямёнам, — і прынясуць сыноў тваіх на руках і дачок тваіх на плячах.
Гэта кажа Госпад Бог: “Вось жа, падыму Я руку Сваю на паганаў ды да народаў узнясу сцяг Мой; і панясуць сыноў тваіх на руках, а дочкі твае будуць несены на плячах.
І будуць цары карміцелямі тваімі, і царыцы іх — карміцелькамі тваімі; тварам да зямлі будуць кланяцца табе і лізаць пыл ног тваіх, і ўведаеш, што Я — Гасподзь, што тыя, хто спадзяецца на Мяне, ганьбы ня мецьмуць.
І цары будуць тваімі карміцелямі, а царыцы — нянькамі тваімі; пакланяцца будуць табе тварам да зямлі ды лізаць будуць пыл ля ног тваіх. Тады будзеш ведаць, што Я — Госпад: не будуць засаромлены, якія спадзяюцца на Мяне”.
Ці можа быць адабрана ў дужага здабыча, і ці могуць быць адабраны ў пераможцы палонныя?
Ці ж можна адабраць дабычу ў дужага, або тое, што захоплена, ці зможа выратавацца ад асілка?
Так! так кажа Гасподзь: і палонныя дужым будуць адабраныя, і здабыча тырана будзе вызвалена; бо я буду спаборнічаць з супраціўнікамі тваімі і сыноў тваіх Я выратую;
Вось што кажа Госпад: “Нават і палонны ў дужага будзе адабраны, і тое, што будзе аднята ў асілка, будзе выратавана, з тымі, якія спаборнічалі з табой, Я буду спаборнічаць, і сыноў тваіх Я выратую.
і ўціскальнікаў тваіх накармлю іхняю плоцьцю, і яны будуць упітыя крывёю сваёю, як маладым віном; і ўсякая плоць даведаецца, што Я — Гасподзь, Збаўца твой і Адкупнік твой, Моцны Якаваў.
І накармлю ворагаў тваіх іх целам, ды ўласнаю крывёю будуць упівацца, быццам маладым віном. Тады пераканаецца кожны чалавек, што Я — Госпад, Збаўца твой і Адкупіцель твой, Усемагутны Якуба”».