Ісаі 6 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
У год сьмерці цара Азіі бачыў я Госпада, Які сядзеў на троне высокім і ўзьнесеным, і краі шатаў Ягоных напаўнялі ўвесь храм.
У год, у якім памёр цар Озія, бачыў я Госпада, Які сядзеў на высокім і паднятым пасадзе, а фрэнзлі Яго шатаў запаўнялі святыню.
Вакол Яго стаялі серафімы; у кожнага зь іх па шэсьць крылаў: двума засланяў кожны аблічча сваё, і двума засланяў ногі свае, і двума лётаў.
Серафіны стаялі каля Яго, кожны з іх меў па шэсць крылаў. Двума закрываў аблічча сваё, а двума закрываў ногі свае, а на двух лятаў.
І клікалі адзін аднаму і казалі: Сьвяты, Сьвяты, Сьвяты Гасподзь Саваоф! уся зямля поўная славы Ягонай!
І ўсклікаў адзін да аднаго, і гаварыў: «Святы, святы, святы Госпад, Бог Усемагутны, — уся зямля поўная славы Тваёй!»
І затрэсьліся бэлькі ў браме ад голасу тых, што клікалі, і дом напоўніўся дымам ахвярным.
І зварухнуліся верхнія перакладзіны дзвярэй ад голасу гамонячага, і дом напоўніўся дымам.
І сказаў я: гора мне! загінуў я! бо я чалавек зь нячыстымі вуснамі, і жыву сярод люду таксама зь нячыстымі вуснамі, — і вочы мае бачылі Цара, Госпада Саваофа.
Тады я сказаў: «Гора мне! Я загінуў! Бо я чалавек нячысты вуснамі і жыву я сярод народа, які мае нячыстыя вусны, а вачамі сваімі бачыў Валадара, Госпада Магуццяў!»
Тады прыляцеў да мяне адзін серафім, і ў руцэ ў яго распалены вугаль, які ён узяў абцугамі з ахвярніка,
І падляцеў да мяне адзін з серафінаў, і ў руцэ яго — вугаль, які шчыпцамі ўзяў з ахвярніка,
і дакрануўся да вуснаў маіх і сказаў: вось, гэта кранулася вуснаў тваіх, і беззаконьне тваё адведзена ад цябе, і грэх твой ачышчаны.
і дакрануўся ім да вуснаў маіх, і сказаў: «Вось жа, дакрануўся ён да вуснаў тваіх, і знікне правіннасць твая і будзе ачышчаны грэх твой».
І пачуў я голас Госпада, Які сказаў: каго Мне паслаць? і хто туды пойдзе за вас? І сказаў я: вось я, пашлі мяне.
Прытым пачуў я голас Госпадаў, Які казаў: «Каго маю паслаць? Ды хто ад нас пойдзе?» А я адказаў: «Вось я, пашлі мяне».
А Ён сказаў: ідзі і скажы гэтаму народу: слыхам пачуеце, і не ўразумееце; і вачыма глядзецьмеце, і ня ўбачыце.
А Ён сказаў: «Ідзі да народа гэтага і скажы ім: “Пільна слухайце, і не зразумееце, пільна ўглядайцеся, і не ўбачыце”.
Агрубела бо сэрца ў людзей гэтых, і цяжка чуюць вушыма, і зьмежылі вочы свае, хай ня ўгледзяць вачыма, і не пачуюць вушыма, і сэрцам не ўразумеюць, і не навернуцца, каб Я ацаліў іх.
Бо закамянела сэрца народа гэтага, і вушамі слаба чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб часам не пабачыць вачамі, і не пачуць вушамі, і не зразумець сэрцам, ды не навярнуцца, і каб Я іх не аздаравіў».
І сказаў я: ці надоўга, Госпадзе? Ён сказаў: пакуль не апусьцеюць гарады, і не застануцца без жыхароў, і дамы бязь людзей, і пакуль зямля гэтая зусім не запусьцеецца.
Тады я спытаў: «Як доўга, Госпадзе?» Ён адказаў: «Пакуль не апусцеюць гарады без жыхароў і дом без чалавека, ды пакуль зямля зусім не апусцее».
І выдаліць Гасподзь людзей, і вялікае запусьценьне будзе на гэтай зямлі.
І далёка адкіне Госпад людзей, і будзе вялікая пустэча пасярод краіны;
І калі яшчэ застанецца дзясятая частка на ёй, і вернецца, яна зноў будзе спустошана; але, як ад ліпы і як ад дуба, калі яны сьсечаны, застаецца корань іх, так сьвятое насеньне будзе коранем яе.
І, калі нават [застанецца] у ёй дзесятая частка, яна зноў будзе аддадзена на вынішчэнне; як тэрэбініт або як дуб, ад якіх, калі іх ссякуць, штосьці трывалае застаецца. Святым насеннем будзе тое, што застанецца пасля яго.