Ісаі 7 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І было ў дні Ахаза, сына Ёатамавага, сына Азіі, цара Юдэйскага, Рэцын, цар Сірыйскі, і Факей, сын Рэмаліінаў, цар Ізраільскі, пайшлі супроць Ерусаліма, каб заваяваць яго, — але не маглі заваяваць.
 
І сталася ў дні Ахаза, сына Ёатама, сына Озіі, цара Юдэйскага, пайшоў Разін, цар Сірыйскі, і Фацэй, сын Рамэліі, цар Ізраэльскі, на Ерузалім, каб ваяваць супраць яго; і не змаглі здабыць яго.

І было абвешчана дому Давідаваму, і сказана: Сірыяне разьмясьціліся ў зямлі Яфрэмавай; і пахіснулася сэрца ягонае і сэрца народа ягонага, як хістаюцца ад ветру дрэвы ў лесе.
 
І паведамілі яны дому Давідаву, кажучы: «Сірыя стаіць лагерам у Эфраіме!» Затрэслася тады сэрца цара і сэрца яго народа, як трасуцца дрэвы ў лесе ад ветру.

І сказаў Гасподзь Ісаю: выйдзі ты і сын твой, Шэарасуў насустрач Ахазу, да канца канала верхняй сажалкі, на дарогу да поля бялільнага,
 
Госпад жа сказаў Ісаі: «Выйдзі насустрач Ахазу ты і твой сын Сэар-Ясуб на канец канала Верхняй крыніцы, на дарогу Поля Валюшніка,

і скажы яму: сачы і будзь спакойны; ня бойся, і хай не занепадае сэрца тваё і не палохаецца гэтых двух недагарэлых дымных галавешак, ад распаленага гневу Рэцына і Сірыянаў, і сына Рэмаліінавага.
 
і скажы яму: “Глядзі, каб маўчаў, не палохайся і хай тваё сэрца не трывожыцца дзеля гэтых двух хвастоў дымных галавешак, з прычыны шалёнай злосці Разіна, і Сірыі, і сына Рамэліі,

Сірыя, Яфрэм і сын Рэмаліінаў намышляюць супроць цябе ліхое, кажучы:
 
якія, Сірыя і сын Рамэліі, сумесна з Эфраімам уступілі ў падступную змову супраць цябе, кажучы:

пойдзем на Юдэю, і ўзбурым яе, і авалодаем ёю, і паставім у ёй царом сына Тавэілавага.
 
“Нападзём на Юду, напалохаем яе, далучым яе да сябе і паставім у ёй царом сына Табээля!”

Але Гасподзь Бог так кажа: гэта ня станецца і ня збудзецца;
 
Вось што кажа Госпад Бог: “Не станецца і не будзе!

бо галава Сірыі — Дамаск, і галава Дамаска — Рэцын; а праз шасьцьдзясят пяць гадоў Яфрэм перастане быць народам;
 
Бо сталіца Сірыі — Дамаск, а галава Дамаска — Разін. Яшчэ вось шэсцьдзесят пяць гадоў, і Эфраім перастане быць народам,

і галава Яфрэма — Самарыя, і галава Самарыі — сын Рэмаліінаў. Калі вы ня верыце, дык таму, што вы не засьведчаныя.
 
ды сталіца Эфраіма — Самарыя, а галава Самарыі — сын Рамэліі. Калі не будзеце верыць, не ўцалееце”».

І Гасподзь гаварыў далей да Ахаза, і сказаў:
 
І зноў пачаў прамаўляць Госпад да Ахаза, кажучы:

прасі сабе азнакі ў Госпада Бога твайго: прасі альбо ў глыбіні, альбо на вышыні.
 
«Прасі сабе знака ў Госпада, Бога твайго: ці то ў глыбіні апраметнай, ці высока ўгары».

І сказаў Ахаз: ня буду прасіць і ня буду спакушаць Госпада.
 
Ды адказаў Ахаз: «Не буду прасіць ды спакушаць Госпада».

Тады сказаў Ісая: слухайце ж, доме Давідаў! няўжо мала вам абцяжваць людзей, што вы хочаце абцяжваць і Бога майго?
 
Тады сказаў Ісая: «Дык слухайце, дом Давідаў: ці ж мала вам, што дакучаеце вы людзям, бо ўжо надакучылі вы і Богу майму.

Дык вось Сам Гасподзь дасьць вам азнаку: вось, Дзева ва ўлоньні зачне і народзіць Сына, і дадуць імя Яму: Эмануіл.
 
Дзеля таго дасць вам Сам Госпад знак. Вось жа, Дзева панясе ва ўлонні і народзіць Сына, і назавуць імя Яго: Імануэль.

Ён будзе карміцца малаком і мёдам, пакуль ня будзе ўмець адкідаць благое і выбіраць добрае.
 
Масла і мёд будзе Ён есці, каб умеў адкідаць ліхоцце, а выбіраць дабро.

Бо, перш чым гэтае дзіця ўмецьме адкідаць благое і выбіраць добрае, зямля тая, якое ты баішся, будзе пакінута абодвума царамі яе.
 
Бо перш чым навучыцца Дзіця адкідаць ліхоцце, а выбіраць дабро, будзе спустошана зямля, двух цароў якой ты збаяўся.

Але навядзе Гасподзь на цябе і на народ твой і на дом бацькі твайго дні, якія ня прыходзілі з часу адпаду Яфрэма ад Юды, навядзе цара Асірыйскага.
 
Госпад навядзе на цябе, і на народ твой, і на дом бацькі твайго дні, якіх не было ад дзён адлучэння Эфраіма ад Юды, — цара асірыйцаў.

І станецца ў той дзень: Гасподзь дасьць знак мусе, якая пры ўтоку ракі Егіпецкай, і пчале, якая ў зямлі Асірыйскай,
 
І будзе ў той дзень так: свістам пакліча Госпад муху пры вусці рэк Егіпта, і пчалу, якая ў зямлі Асур,

і прыляцяць і пасядуць яны ўсе па далінах апусьцелых і па расколінах скал, і па ўсім калючым кустоўі і па ўсіх дрэвах.
 
і прыляцяць, і сядуць на ўсіх у рачных долах і ў развалінах скал, і на ўсіх калючых кустах ды на ўсіх выганах.

У той дзень паголіць Гасподзь брытваю, узятаю па той бок ракі царом Асірыйскім, галаву і валасы на нагах, і нават здыме бараду.
 
У той дзень паголіць Госпад брытваю, пазычанаю з краіны за ракой, — царом асірыйцаў, — галаву і валасы на нагах, а таксама і бараду абголіць.

І станецца ў той дзень: хто будзе трымаць карову і дзьве авечкі,
 
І будзе ў той дзень так: чалавек будзе гадаваць ялаўку і дзвюх авечак,

з багацьця малака, якое яны дадуць, спажываць будзе масла; масла і мёд будуць есьці ўсе, што засталіся ў гэтай зямлі.
 
а дзеля вялікага ўдою малака будзе есці масла. Сапраўды, кожны, хто застанецца на зямлі, будзе есці масла і мёд.

І станецца ў той дзень: на ўсякім месцы, дзе расла тысяча вінаградных лозаў на тысячу срэбранікаў, будзе церне і калючы хмыз.
 
І будзе ў той дзень так: кожнае месца, дзе будзе тысяча вінаградных лоз вартасцю тысячу срэбранікаў, стане калючкамі і цернем.

Са стрэламі і лукамі хадзіцьмуць туды, бо ўся зямля будзе цернем і калючым хмызам.
 
Увойдуць туды са стрэламі і лукамі, бо ўся зямля будзе калючкамі і цернем.

І ні на адну гару, якую капалі рыдлёўкамі, ня пойдзеш, баючыся церняў і калючых хмызаў: туды будуць выганяць валоў, і дробнае быдла таптацьме іх.
 
А ў горы ўсе, якія абрабляліся матычкай, ніхто не пойдзе, баючыся калючак і церняў; прыдадуцца яны на выпас валоў ды на таптанне жывёлы».