Ісаі 40 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Суцяшайце, суцяшайце народ Мой, кажа Бог ваш;
 
«Пацяшайце, пацяшайце народ Мой, — кажа Бог ваш. —

кажэце да сэрца Ерусаліма і абвяшчайце яму, што споўніўся час змаганьня ягонага, што за няпраўды яго дадзена дараваньне, бо ён ад рукі Гасподняй атрымаў удвая за ўсе грахі свае.
 
Прамаўляйце да сэрца Ерузаліма і крычыце да яго, бо скончылася ліхота яго, адпакутавана правіннасць яго; атрымала з рукі Госпада падвоеную кару за ўсе грахі свае».

Голас таго, хто кліча: у пустыні падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабеце ў стэпе сьцежкі Богу нашаму;
 
Голас таго, хто кліча ў пустыні: «Рыхтуйце дарогу Госпаду, прастуйце сцежкі на пустыні Богу нашаму.

кожны дол хай напоўніцца, і кожная гара і пагорак хай панізяцца, крывізны выпрастуюцца, і няроўныя дарогі зробяцца гладкімі;
 
Хай усякая яма будзе засыпана, і кожная гара і ўзгорак хай будуць паніжаны, і крывізны хай стануць роўнымі, а церні — гладкімі дарогамі.

і зьявіцца слава Гасподняя, і ўбачыць кожная плоць выратаваньне Божае; бо вусны Гасподнія мовілі гэта.
 
І аб’явіцца ласка Госпада, ды таксама ўбачыць кожнае цела, што сказалі вусны Госпада».

Голас кажа: абвяшчай! і сказаў: што мне абвяшчаць? Кожная плоць — трава і ўся краса яе — нібы кветка польная.
 
Голас кажучага: «Крычы!» А я сказаў: «Што маю крычаць?» Кожнае цела — сена, і ўся яго слава — як кветка палявая.

Жухне трава; вяне кветка, як павее на яе ад Госпада: так і народ — трава.
 
Высахла сена, і завяла кветка, бо дух — вецер Госпадаў — падуў на яе; сапраўды, народ ёсць сена.

Трава жухне, кветка вяне, а слова Бога нашага жыцьме вечна.
 
Высахла сена, і завяла кветка, слова, аднак, Бога нашага трывае вечна.

Узыдзі на высокую гару, Сіёне, які абвяшчаеш дабро! узвысь моцна твой голас, Ерусаліме, які абвяшчаеш дабро! узвысь, ня бойся; скажы гарадам Юдавым: вось — Бог ваш!
 
Узыдзі на высокую гару, ты, што абвяшчаеш добрую навіну на Сіёне; падымі мужна голас твой, ты, якая абвяшчаеш добрую навіну ў Ерузаліме, падымі голас, не бойся, кажы гарадам Юды: «Вось Бог ваш!

Вось, Гасподзь Бог ідзе з моцаю, і сіла Яго з уладаю. Вось, узнагарода Яго зь Ім і аддача Ягоная перад абліччам Яго.
 
Вось, Госпад Бог прыходзіць з моцай, і плячо Яго заваладарыць: вось, адплата Яго з Ім разам і перад абліччам Яго ўзнагарода Яго.

Як пастух Ён будзе пасьвіць Свой статак; ягнят будзе браць на рукі і насіць на грудзях Сваіх, і вадзіць дойных.
 
Як пастыр, пасе статак Свой, зганяе рукою Сваёй ягнят ды прыціскае іх да грудзей Сваіх; Сам носіць матак».

Хто вычарпаў воды прыгаршчамі сваімі і пядзяю вымераў нябёсы, і паклаў у меру пыл зямлі і ўзважыў на вагах горы і на шалях вагавых пагоркі?
 
Хто змераў жменяй воды, ды хто далонню змераў нябёсы? Хто меркаю ахапіў глебу зямную? Хто зважыў на вагах горы і на шалях узгоркі?

Хто ўразумеў дух Госпада, і быў дарадцам у Яго і вучыў Яго?
 
Хто пакіраваў духам Госпада? Або хто быў дарадчыкам Яго?

З кім раіцца Ён, і хто наводзіць на розум Яго і настаўляе Яго на шлях праўды, і вучыць Яго ведам і паказвае Яму дарогу мудрасьці?
 
З кім Ён раіўся, і хто вучыў Яго, і хто Яго настаўляў на шлях справядлівасці і перадаваў Яму веды ды паказаў Яму дарогу разважлівасці?

Вось народы — як кропля зь вядра, і лічацца як пылінка на вагах. Вось, выспы як парушынку ўзносіць Ён.
 
Вось жа, народы — як кропля ў пасудзіне, і ўважаюцца як дробка парахна на шалях; і астравы — як пылінка малая.

І Лівана ня хопіць на ахвярны агонь, і жывёлаў на ім — на цэласпаленьне.
 
І Лібана не хопіць для падпалу, і жывёл яго не хопіць на цэласпаленні.

Усе народы перад Ім як нішто, — менш за нішто і за пустату ўважаюцца ў Яго.
 
Усе народы перад Ім — як быццам іх няма; за нішто і за марнасць уважаюцца Ім.

Дык вось, да каго ж прыпадобніце вы Бога? І якое падабенства знойдзеце Яму?
 
Дык каму падобным зробіце Бога? Або які абраз прымяркуеце Яму?

Балвана вылівае майстар і залатар пакрывае яго золатам і срэбныя ланцужкі прырабляе.
 
Скульптуру адлівае рамеснік, залатых спраў майстра пацягвае яе золатам, і бляшкамі срэбранымі — срабрыцель.

А хто бедны на такое прынашэньне, выбірае нятрухлае дрэва, шукае сабе ўмелага майстра, каб зрабіць балвана, які стаяў бы цьвёрда.
 
Вельмі бедны, каб пасвяціць дрэва негніючае, падбірае сабе мудрага мастака, каб паставіў статую, якая не пахіснулася б.

Хіба ня ведаеце? хіба вы ня чулі? хіба вам не казана было ад пачатку? хіба вы не ўразумелі асноваў зямлі?
 
Ці вы не ведаеце? Ці вы не чулі? Ці вам не было абвешчана ад пачатку? Ці ж вы не зразумелі асновы зямлі?

Ён ёсьць Той, Які сядзіць над колам зямлі, і жыхары яе — як саранча перад Ім; Ён распрасьцёр нябёсы, як тонкую тканіну, і расхінуў іх, як намёт пад жытло.
 
Хто сядзіць на акрузе зямлі, і жыхары яе — як саранча; хто расцягнуў, як парус, нябёсы, і раскінуў іх, як палатку для пражывання?

Ён ператварае князёў у нішто, нікчэмніць судзьдзяў зямных.
 
Ён князёў зводзіць на нішто, суддзяў зямлі робіць марнасцю.

Ледзь толькі яны пасаджаны, ледзь толькі пасеяны, ледзь толькі ўкараніўся ў зямлю камель іх, як толькі Ён дзьмухнуў на іх, яны высахлі, і віхура іх зьнесла, як салому.
 
Ды вось нават не пасаджаны, нават не засеяны, нават не закараніўся іх камель у зямлі; раптам дыхнуў на іх — і павысыхалі, і віхор, як салому, панясе іх.

Да каго ж вы Мяне прыпадобніце і з кім параўнаеце? кажа Сьвяты.
 
«Дык да каго ж вы прыпадобніце Мяне, каб быў Я яму быццам роўны?» — кажа Святы.

Узьвядзеце вочы вашыя ў высі нябёсаў і паглядзеце, хто стварыў іх? Хто выводзіць войска іх лікам? Ён іх усіх называе імем: праз моцную магутнасьць і вялікую сілу ў Яго нішто не прападае.
 
Падыміце вочы вашы да вышыняў і паглядзіце: Хто стварыў гэта? Той, Хто парадкам вядзе іх войска і заве іх па імені; дзеля такой вялікасці моцы і магутнасці і дужасці Яго аніводнага не бракуе.

Як жа кажаш ты, Якаве, і выказваеш, Ізраіле: «дарога мая схавана ад Госпада, і дзея мая забытая ў Бога майго»?
 
Чаму кажаш, Якубе, і ты гаворыш, Ізраэлю: «Схавалася дарога мая перад Госпадам. І закон мой ідзе міма Бога майго»?

Хіба ты ня ведаеш? хіба ты ня чуў, што вечны Гасподзь Бог, Які стварыў канцы зямлі, не стамляецца і не зьнемагае; розум Яго недасьледны.
 
Ці не ведаеш? Або ці не чуў? Бог, спрадвечны Госпад, Які стварыў межы зямлі, Ён не спыніцца, і не стоміцца, і не зняможацца; немагчыма спасцігнуць мудрасць Яго!

Ён дае стомленаму сілу і даруе зьнямогламу маладосьць.
 
Ён дае знямогламу сілу, а кволаму моц павялічвае.

Стамляюцца і юнакі і слабнуць, і маладыя людзі падаюць,
 
Хлапчукі аслабнуць і знямогуцца, ды юнакі паваляцца ў стоме.

а тыя, што спадзяюцца на Госпада, абновяцца ў сіле: падымуць крылы, як арлы, пацякуць і ня стомяцца, пойдуць і ня стомяцца.
 
Тыя ж, што даверыліся Госпаду, адновяць сілу, атрымаюць, як арлы, крылы, пабягуць і не стомяцца, пойдуць і не саслабеюць.