Ісаі 37 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
Калі пачуў гэта цар Эзэкія, дык разадраў вопратку на сабе і накрыўся вярэтаю, і пайшоў у дом Гасподні;
Калі гэта пачуў цар Эзэкія, раздзёр сваё адзенне, ахінуўся зрэбніцай і ўвайшоў у дом Госпада.
і паслаў Эліякіма, начальніка палаца, і Сэўну пісара, і старэйшых сьвятароў, накрытых вярэтаю, да прарока Ісаі, сына Амосавага.
Потым паслаў Эліякіма, загадчыка палаца, і Собну, пісара, і старэйшых святароў, ахутаных у зрэбніцы, да прарока Ісаі, сына Амоса,
І яны сказалі яму: так кажа Эзэкія: дзень скрухі і кары і паганьбеньня — дзень гэты, бо дзеці прыйшлі нарадзіцца з улоньня матчынага, а сілы няма нарадзіць.
і сказалі яму: «Гэта кажа Эзэкія: “Дзень гэты ёсць днём смутку, і кары, і ганьбы, бо дайшлі дзеці да народзін, ды няма сілы нарадзіць.
Можа, пачуе Гасподзь Бог твой словы Рабсака, якога паслаў цар Асірыйскі, гаспадар ягоны, ганіць Бога жывога і бэсьціць словамі, якія чуў Гасподзь Бог твой; узьнясі ж малітву за тых, што засталіся, якія жывыя яшчэ.
Можа, твой Госпад Бог пачуе словы рабсака, якога паслаў гаспадар яго, цар асірыйцаў, каб блюзніць на Бога жывога, ды пакарае за словы, якія чуў Госпад, Бог твой; дык уздымі малітву за астатніх”».
І прыйшлі слугі цара Эзэкіі да Ісаі.
І прыйшлі слугі цара Эзэкіі да Ісаі.
І сказаў ім Ісая: дык скажэце гаспадару вашаму: так кажа Гасподзь: ня бойся слоў, якія ты чуў, якімі бэсьцілі Мяне слугі цара Асірыйскага.
І сказаў ім: «Скажыце гэта гаспадару вашаму: вось што кажа Госпад: “Не палохайцеся слоў, якія вы чулі, якімі слугі цара асірыйцаў блюзнілі на Мяне.
Вось, Я пашлю ў яго дух, і ён пачуе вестку і вернецца ў зямлю сваю, і Я заб’ю яго мечам у зямлі ягонай.
Вось, Я дам яму дух і пачуе ён вестку, вернецца ў сваю зямлю, ды зраблю, што ў зямлі сваёй прападзе ад меча”».
І вярнуўся Рабсак і знайшоў цара Асірыйскага, які ваяваў супроць Ліўны; бо ён чуў, што той адышоў ад Лахіса.
Вярнуўся рабсак і знайшоў цара асірыйцаў, здабываючага Лебну: пачуў бо, што цар адступіў з-пад Лахіса.
І пачуў ён пра Тыргака, цара Эфіопскага; яму сказалі: вось, ён выйшаў біцца з табою. Пачуўшы гэта, ён паслаў да Эзэкіі, сказаўшы:
І пачуў [Санхэрыб], як казалі пра Тарака, цара Этыёпіі: «Ён выйшаў ваяваць супраць цябе». Калі гэта пачуў, выправіў пасланцоў да Эзэкіі сказаць:
так скажэце Эзэкіі, цару Юдэйскаму: хай не ашуквае цябе Бог твой, на Якога ты спадзяешся, думаючы: ня будзе аддадзены Ерусалім у рукі цара Асірыйскага.
«Вось што скажаце Эзэкіі, цару Юды: “Хай цябе не падманвае Бог твой, на Якога ты спадзяешся, кажучы: “Не будзе выдадзен Ерузалім у рукі цара асірыйцаў”.
Вось, ты чуў, што зрабілі цары Асірыйскія з усімі землямі, паклаўшы на іх закляцьце; ці ты ацалееш?
Дык жа чуў ты пра ўсё, што зрабілі цары асірыйцаў усім землям, якія прызначылі яны на загубу, а ты зможаш ухавацца?
Багі народаў, якіх зруйнавалі бацькі мае, ці ж уратавалі іх, ці ўратавалі Гозан і Харан, і Рэцэф і сыноў Элена, што ў Таласары?
Ці ж збавілі іх багі народаў, якіх знішчылі бацькі мае? Газан, і Харан, і Рэзэф, ды сыноў Эдэна, якія жылі ў Тэласары?
Дзе — цар Эмата і цар Арпада, і цар горада Сэпарваіма, Эны і Івы?
Дзе ж цар Эмата, і цар Арпада, і цар горада Сэпарваіма, Аны і Авы?”»
І ўзяў Эзэкія ліст з рукі пасланцаў і прачытаў яго, і пайшоў у дом Гасподні і разгарнуў яго Эзэкія перад абліччам Гасподнім;
Эзэкія ўзяў пісьмо з рукі пасланцоў і перачытаў яго. І пайшоў у дом Госпада, і развярнуў яго Эзэкія перад Госпадам.
і маліўся Эзэкія перад абліччам Гасподнім і казаў:
І маліўся Эзэкія да Госпада, кажучы:
Госпадзе Саваофе, Божа Ізраілеў, Які сядзіць на херувімах! Ты адзін — Бог усіх царстваў зямлі; Ты стварыў неба і зямлю.
«О Госпадзе Магуццяў, Божа Ізраэля, Які сядзіш над херубінамі, Ты — адзіны Бог над усімі валадарствамі зямлі; Ты стварыў неба і зямлю.
Прыхілі, Госпадзе, вуха Тваё і пачуй; адамкні, Госпадзе, вочы Твае і зірні, і пачуй словы Сэнахірыма, які паслаў бэсьціць Цябе, Бога жывога.
Схілі, Госпадзе, вуха сваё і пачуй, адкрый, Госпадзе, вочы свае і пабач ды выслухай усе словы Санхэрыба, якія перадаў ён, каб зняважыць Бога жывога!
Праўда, о Госпадзе! цары Асірыйскія спустошылі ўсе краіны і землі іхнія,
Праўда вось, Госпадзе, што цары асірыйскія знішчылі народы і іх краіны
і пакідалі багоў іхніх у агонь; але гэта былі не багі, а вырабы рук чалавечых, дрэва і камень, таму і вынішчылі іх.
і аддалі агню іх багоў, бо яны не былі багі, але творы рук чалавечых, дрэва і камень, дык іх паразбівалі.
І сёньня, Госпадзе Божа наш, уратуй нас ад рукі ягонай; і ўведаюць усе царствы зямлі, што Ты, Госпадзе, Бог адзін.
Дык вось, Госпадзе, Божа наш, ухавай нас ад рукі яго, і хай даведаюцца ўсе валадарствы зямлі, што Ты, Госпадзе, адзіны Бог!»
І паслаў Ісая, сын Амосаў, да Эзэкіі сказаць: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: за што ты молішся супроць Сэнахірыма, цара Асірыйскага,
Дык паслаў Ісая, сын Амоса, да Эзэкіі сказаць: «Вось што кажа Госпад, Бог Ізраэля, адносна таго, што прасіў ты мяне ў справе Санхэрыба, цара асірыйскага;
вось слова, якое Гасподзь прамовіў пра яго: пагрэбуе табою, пасьмяецца зь цябе дзевая дачка Сіёна, пахітае ўсьлед табе галавою дачка Ерусаліма.
гэта вось слова, якое сказаў Госпад наконт яго: “Брыдзіцца табою, кпіць з цябе дзева, дачка Сіёна: за табою ківае галавой дачка Ерузаліма.
Каго ты ганіў і бэсьціў? і на каго ўзвысіў голас, і падняў так высока вочы твае? на Сьвятога Ізраілевага.
Каго ты зневажаў і на Каго блюзніў? Ды супраць Каго падняў ты голас? І супраць Каго ўзняў вочы свае ўгору? Супраць Святога Ізраэлева!
Праз рабоў тваіх ты ганіў Госпада і сказаў: «з мноствам калясьніц маіх я ўзышоў на вышыню гор, на хрыбты Лівана, і сьсек гонкія кедры яго, выдатныя кіпарысы яго, і прыйшоў на самую вяршыню яго, у гай саду яго;
Праз сваіх вестуноў папракнуў ты Госпада і сказаў: “З мноствам маіх калясніц узышоў я на горныя узвышшы, на вяршыні Лібана; ды ссек вершаліны кедраў яго і найпрыгажэйшыя яліны яго, і дайшоў аж да межаў яго, у нетры густыя.
і адкопваў я і піў ваду; і асушу ступакамі ног маіх усе рэкі Егіпецкія».
Я капаў і піў ваду чужую і высушыў слядамі ног сваіх усе ручаі егіпецкія”.
Хіба ня чуў ты, што Я даўно зрабіў гэта, у старадаўнія дні наперад вызначыў гэта, а цяпер зьдзейсьніў праз тое, што ты спусташаеш моцныя гарады, ператвараючы іх у груды руінаў?
Ці не чуў? З даўнасці ўчыніў Я гэта, з дзён старажытнасці Я задумаў гэта, а цяпер здзейсніў, каб было на выкараненне, каб гарады ўмацаваныя абярнуліся каменнем.
І жыхары іх зрабіліся нясілыя, трымцяць і застаюцца ў ганьбе; яны зрабіліся як трава на полі і пяшчотная зеляніна, як парасьліна на дахах і апаленая рунь, перш чым выкаласіцца.
Жыхары іх, страціўшы сілу, задрыжалі і пакрыліся сорамам; сталіся, як сена на полі, і трава зялёная, і трава на стрэхах, што высахла ад ветру ўсходняга.
Ці сядзеш ты, ці выйдзеш, а ці ўвойдзеш, Я ведаю ўсё, ведаю і дзёрзкасьць тваю супроць Мяне.
Ведаю, калі ты сядаеш, калі выходзіш і ўваходзіш, неразумнасць тваю адносна Мяне.
За тваю дзёрзкасьць супроць Мяне і за тое, што пыхлівасьць твая дайшла да вушэй Маіх, Я ўвяду колца Маё ў ноздры твае і цуглі Мае — у рот твой, і вярну цябе назад тою самаю дарогаю, якою ты прыйшоў.
За тое, што бунтуеш ты супраць Мяне і пыха твая дайшла да вушэй Маіх, удзену кальцо ў ноздры твае ды цуглі ў вусны твае і адвяду цябе на дарогу, якою ты прыйшоў.
І вось, табе, Эзэкія, азнака: ежце сёлета, што вырасла ад апалага насеньня, і налета — самасейнае; а на трэці год сейце і жнеце, і садзеце вінаградныя сады, і ежце плады іх.
А гэта будзе табе знакам: у гэтым годзе хай спажываюць тое, што змагло быць сабрана, і на наступны год — што само нарадзілася, а на трэці год сейце і жніце, закладайце вінаграднікі і ежце іх плады.
І ацалелыя ў доме Юдавым рэшта пусьціць зноў корань унізе і прынясе плод угары,
А тое, што ўцалее з дому Юды, што засталося, хай зноў пусціць корань у глыб зямлі і выдасць плод наверх.
бо зь Ерусаліма пойдзе рэшта, а выратаваньне — ад гары Сіёна. Руплівасьць Госпада Саваофа ўчыніць гэта.
Бо, вось, з Ерузаліма выйдзе рэшта і з гары Сіён — што ўцалее. Любоўна апякуючая руплівасць Госпада Магуццяў здзейсніць гэта”».
Пасьля гэтага так кажа Гасподзь пра цара Асірыйскага: «ня ўвойдзе ён у гэты горад і ня кіне туды стрэлаў, і не падступіцца да яго з шчытом і не насыпле супроць яго вала:
Таму вось гэта кажа Госпад пра цара асірыйцаў: «Не ўвойдзе ён у гэты горад, не выпусціць ён там стралы; не паставіць супраць яго шчыта, ані насыпле супраць яго валу.
па той самай дарозе, па якой прыйшоў, — вернецца, а ў горад гэты ня ўвойдзе, кажа Гасподзь.
Дарогай, якою прыйшоў, тою вернецца, ды ў горад гэты не ўвойдзе, — кажа Госпад. —
Я буду бараніць горад гэты, каб уратаваць яго дзеля Сябе і дзеля Давіда, раба Майго».
І Я абараню гэты горад, каб уратаваць яго, дзеля Мяне ды дзеля паслугача Майго Давіда».
І выйшаў анёл Гасподні і забіў у лагеры Асірыйскім сто восемдзесят пяць тысяч чалавек. І ўсталі раніцай, і вось, усе — целы мёртвыя.
І выйшаў анёл Госпадаў, і забіў у лагеры асірыйцаў сто восемдзесят пяць тысяч; і абудзіліся раніцай, і вось, усе яны — мёртвыя трупы.
І адступіў, і пайшоў і вярнуўся Сэнахірым, цар Асірыйскі, і жыў у Нінэвіі.
І выйшаў ён, і адышоў; і вярнуўся Санхэрыб, цар асірыйцаў, і абжыўся ў Нініве.
І калі ён пакланяўся ў доме Нісроха, бога свайго, Арамэлэх і Шарэцэр, сыны ягоныя, забілі яго мечам, а самыя ўцяклі ў зямлю Арарацкую. І зацараваў Асардан, сын ягоны, замест яго.
Ды сталася, калі ён маліўся ў храме Нэсроха, бога свайго, сыны яго, Адрамэлех і Сарасар, забілі яго і ўцяклі ў зямлю Арарат. І сын яго, Асархадон, стаў цараваць замест яго.