Ісаі 7 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

І было за дзён Агаза, сына Ёфама Узянка, караля Юдэйскага: узышоў Рэцын, кароль Арамскі, і Пека Рэмалёнак, кароль Ізраельскі, на Ерузалім, каб ваяваць ізь ім; але не маглі заваяваць яго.
 
І сталася ў дні Ахаза, сына Ёатама, сына Озіі, цара Юдэйскага, пайшоў Разін, цар Сірыйскі, і Фацэй, сын Рамэліі, цар Ізраэльскі, на Ерузалім, каб ваяваць супраць яго; і не змаглі здабыць яго.

І было наказана дому Давідаваму, кажучы: «Арам аблёг разам ізь Яхрэмам». І захісталася сэрца ягонае й сэрца люду ягонага, як хістаюцца лесавыя дзервы ад ветру.
 
І паведамілі яны дому Давідаву, кажучы: «Сірыя стаіць лагерам у Эфраіме!» Затрэслася тады сэрца цара і сэрца яго народа, як трасуцца дрэвы ў лесе ад ветру.

І сказаў СПАДАР Ісаі: «Ідзі ж наўпярэймы Агазу, ты а сын твой Шэар-Яшуў, на канец вадаводу вышняе копані, па дарозе да валельнага поля,
 
Госпад жа сказаў Ісаі: «Выйдзі насустрач Ахазу ты і твой сын Сэар-Ясуб на канец канала Верхняй крыніцы, на дарогу Поля Валюшніка,

І скажы яму: "Сьцеражыся й будзь супакойны; ня бойся й хай ня кволее сэрца твае ад двух хвастоў гэтых курачых галавешак, ад палкага гневу Рэцына а Арама а Рэмалёнка.
 
і скажы яму: “Глядзі, каб маўчаў, не палохайся і хай тваё сэрца не трывожыцца дзеля гэтых двух хвастоў дымных галавешак, з прычыны шалёнай злосці Разіна, і Сірыі, і сына Рамэліі,

Затым што зраджаюцца на ліха супроці цябе Арам, Яхрэм а Рэмалёнак, кажучы:
 
якія, Сірыя і сын Рамэліі, сумесна з Эфраімам уступілі ў падступную змову супраць цябе, кажучы:

’Зыйдзем на Юдэю, уцісьнем яе, і расьсячэм сабе, і пастановім за караля Тавеленка’;
 
“Нападзём на Юду, напалохаем яе, далучым яе да сябе і паставім у ёй царом сына Табээля!”

Дык гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Ня станецца, ня будзе;
 
Вось што кажа Госпад Бог: “Не станецца і не будзе!

Бо галава Араму Дамашк, і галаве Дамашку Рэцын, і ўжо за шасьцьдзясят пяць год Яхрэм перастаў быць народам;
 
Бо сталіца Сірыі — Дамаск, а галава Дамаска — Разін. Яшчэ вось шэсцьдзесят пяць гадоў, і Эфраім перастане быць народам,

І галава Яхрэма Самара, і галаве Самары Рэмалёнак. Калі вы ня верыце, то затым, што вы ня верныя"».
 
ды сталіца Эфраіма — Самарыя, а галава Самарыі — сын Рамэліі. Калі не будзеце верыць, не ўцалееце”».

І казаў далей СПАДАР Агазу, кажучы:
 
І зноў пачаў прамаўляць Госпад да Ахаза, кажучы:

«Прасі сабе знаку ў СПАДАРА, Бога, свайго; прасі сабе альбо глыбокага, альбо высокага».
 
«Прасі сабе знака ў Госпада, Бога твайго: ці то ў глыбіні апраметнай, ці высока ўгары».

Але Агаз сказаў: «Ня буду прасіць і ня буду спакушаць СПАДАРА».
 
Ды адказаў Ахаз: «Не буду прасіць ды спакушаць Госпада».

І сказаў: «Слухайце ж, доме Давідаў: мала вам таго, што вы тамуеце людзёў, вы тамуеце Бога майго;
 
Тады сказаў Ісая: «Дык слухайце, дом Давідаў: ці ж мала вам, што дакучаеце вы людзям, бо ўжо надакучылі вы і Богу майму.

Затым Спадар Сам дасьць вам знак: вось, тая Дзявушчая зачнець а народзе Сына, і назавець імя Ягонае: Імануель.
 
Дзеля таго дасць вам Сам Госпад знак. Вось жа, Дзева панясе ва ўлонні і народзіць Сына, і назавуць імя Яго: Імануэль.

Маслам а мёдам Ён будзе жывіцца, пакуль ня прыдбае веды адкідаць благое й абіраць добрае.
 
Масла і мёд будзе Ён есці, каб умеў адкідаць ліхоцце, а выбіраць дабро.

Але ўперад, чымся Хлопчык прыдбае веду адкідаць благое й абіраць добрае, будзе пакінена тая зямля, каторай ты баішся, двума каралямі яе.
 
Бо перш чым навучыцца Дзіця адкідаць ліхоцце, а выбіраць дабро, будзе спустошана зямля, двух цароў якой ты збаяўся.

Прывядзець СПАДАР на цябе а на люд твой а на дом айца твайго дні, якая ня прыходзілі з часу адпаду Яхрэма ад Юдэі, — караля Асырскага».
 
Госпад навядзе на цябе, і на народ твой, і на дом бацькі твайго дні, якіх не было ад дзён адлучэння Эфраіма ад Юды, — цара асірыйцаў.

І будзе таго дня: засьвішча СПАДАР мусе, што ў канцу азёраў Ягіпецкіх, і пшчале, што ў зямлі Асырскай;
 
І будзе ў той дзень так: свістам пакліча Госпад муху пры вусці рэк Егіпта, і пчалу, якая ў зямлі Асур,

І прылятуць, і сядуць усі ў спустошаных далінах, і ў раськепінаў скалаў, і на ўсіх бадзючых кустох, і на ўсіх пасьцьбішчах.
 
і прыляцяць, і сядуць на ўсіх у рачных долах і ў развалінах скал, і на ўсіх калючых кустах ды на ўсіх выганах.

Таго дня Спадар аголе галяком, нанятым на тым баку ракі, каралём Асырскім, галаву а валасы на нагах і спабудзе нават барады;
 
У той дзень паголіць Госпад брытваю, пазычанаю з краіны за ракой, — царом асірыйцаў, — галаву і валасы на нагах, а таксама і бараду абголіць.

І будзе таго дня: людзіна будзе карміць адну цяліцу і дзьве авечкі;
 
І будзе ў той дзень так: чалавек будзе гадаваць ялаўку і дзвюх авечак,

І гэта станецца, бо зь лішніцы малака, што яны дадуць, ён будзе есьці масла, бо маслам а мёдам будуць жывіцца ўсі, засталыя на зямлі.
 
а дзеля вялікага ўдою малака будзе есці масла. Сапраўды, кожны, хто застанецца на зямлі, будзе есці масла і мёд.

І будзе таго дня: кажнае месца, ідзе была тысяча вінных розкаў на тысяча срэбнікаў, будзе пад церням а бадзючым кустоўям.
 
І будзе ў той дзень так: кожнае месца, дзе будзе тысяча вінаградных лоз вартасцю тысячу срэбранікаў, стане калючкамі і цернем.

Зь дзідамі а стрэламі прыйдуць туды, бо ўся зямля абернецца ў церневае а бадзючае кустоўе.
 
Увойдуць туды са стрэламі і лукамі, бо ўся зямля будзе калючкамі і цернем.

І на ні водную гару, што капалася нарогам, ты ня ўзыйдзеш, баючыся церневага а бадзючага кустоўя; і будзе гэта на выган валом і на таптаньне авечкам.
 
А ў горы ўсе, якія абрабляліся матычкай, ніхто не пойдзе, баючыся калючак і церняў; прыдадуцца яны на выпас валоў ды на таптанне жывёлы».