Ісаі 45 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Гэтак кажа СПАДАР памазанцу Свайму Кіру, каторага правіцу Я дзяржу, каб услышыць народы перад ім, і Я расьперажу сьцёгны каралёў, каб адчыніць перад ім дзьверы, і брамы ня будуць замкнёны:
 
Вось што кажа Госпад аб намашчэнцы сваім Кіры: «Я моцна ўхапіў яго за правіцу, каб падначаліць народы перад абліччам яго, і каб павярнуць спіны цароў, ды каб адчыніць перад ім дзверы; і брама не замкнецца.

«Я пайду перад табою і зраўную ўзгоркі, паламлю мядзяныя дзьверы і парэжу зялезныя завалы.
 
Я пайду перад табою і паніжу горы, брамы медныя разаб’ю і запоры жалезныя паламаю.

Я аддам табе скарбы цямноты і схаваныя багацьце каб ты пазнаў, што Я СПАДАР, Каторы завець цябе на ймя, Бог Ізраеляў.
 
І перадам табе схаваныя скарбы і багацці скрытыя, каб ведаў ты, што Я — Госпад, Які паклікаў цябе імем тваім, Бог Ізраэля,

Дзеля Якава, слугі Свайго, і Ізраеля, абранага Свайго, Я назваў цябе імям тваім, дадаў табе імя, а ты Мяне ня знаеш,
 
дзеля паслугача Майго Якуба і Ізраэля, выбранніка Майго, Я назваў цябе тваім імем, вызначыў цябе, а ты Мяне не пазнаў.

Я СПАДАР, і няма іншага; апрача Мяне няма Бога: Я паперазаў цябе, дарма што ты Мяне ня знаеш,
 
Я — Госпад, і няма іншага. Па-за Мною няма бога. Апаясаў Я цябе, а ты не пазнаў Мяне,

Каб пазналі ад усходу сонца і ад захаду, што апрача Мяне няма, Я СПАДАР, і няма яшчэ нікога.
 
каб ведалі ад усходу сонца і ад захаду, што без Мяне няма нічога. Я — Госпад, і няма іншага.

Я хармую сьвятліню і твару цемрадзь, раблю супакой і твару ліха; Я, СПАДАР, раблю ўсе гэта.
 
Я твару святло і твару цемру, спраўляю супакой і ствараю ліхоту: Я, Госпад, чыню ўсё гэта.

Капайце нябёсы зьверху, і няхай булакі ільлюць справядлівасьць; няхай адчыніцца зямля і няхай родзе спасеньне, і няхай справядлівасьць разам пушчае пагоны. Я, СПАДАР, стварыў гэта.
 
Зросьце, нябёсы, зверху, і хмары хай здажджаць справядлівасць, хай раскрыецца зямля і вырасціць збаўленне; і хай разам з’явіцца справядлівасць. Я, Госпад, стварыў яе.

Бяда таму, хто сьперачаецца з тым, хто яго ўхармаваў, чэрап ізь земных чарапоў. Ці скажа гліна ганчару: "Што ты робіш?" альбо: "Чаму выраб твой ня мае рук?"
 
Гора таму, хто працівіцца свайму Творцу, чарапок сярод гліняных гаршкоў зямлі! Ці ж скажа гліна ганчару свайму: “Што робіш?” або: “Твая работа бязрукая”?

Бяда таму, хто кажа айцу: "Што ты родзіш?" альбо жонцы: "Што ты труднішся родамі?"»
 
Гора таму, хто кажа бацьку: “Навошта родзіш?”, або маці: “Навошта нарадзіла?”

Гэтак СПАДАР, Сьвяты Ізраеляў, і Каторы яго ўхармаваў: «Вы пытаецеся ў Мяне праз будучыню, праз сыноў Маіх і праз справы рукі Мае, вы хочаце расказаваць Імне?
 
Гэта кажа Госпад, Святы Ізраэлеў, і Скульптар яго: “Ці ж пытаеце вы Мяне пра будучыню для сыноў Маіх і ці загадваеце Мне адносна працы рук Маіх?

Я ўчыніў зямлю і стварыў чалавека на ёй; Я рукою Сваёю расьцягнуў нябёсы і прызначыў усе войска іх.
 
Я стварыў зямлю, і чалавека на ёй стварыў Я; рукі Мае дакрануліся да нябёсаў, і даю загады ўсяму іх войску.

Я пабудзіў яго ў справядлівасьці і ўсі дарогі ягоныя выпрастаю; ён пастанове места Мае й адашлець Маіх палоненікаў не за выкуп ані за лапан», — кажа СПАДАР войскаў.
 
Я выгадаваў яго ў справядлівасці і кірую ўсімі яго дарогамі; ён адбудуе горад Мой і адашле Маіх палонных без выкупу і аднагараджэння”, — кажа Госпад Магуццяў.

Гэтак кажа СПАДАР: «Гарапашнасьць Ягіпцян і тавары Ефіоплян а Савеан, мужоў самавітых, пярэйдуць да цябе і будуць твае; яны пойдуць за табою; у ланцугох яны пройдуць і табе паклоняцца, будуць маліць цябе: "Адно ў цябе Бог, і няма іншага Бога"».
 
Гэта кажа Госпад: “Праца Егіпта і гандаль Этыёпіі, і сабэйцы, людзі рослыя, пяройдуць да цябе і тваімі будуць; за табой будуць хадзіць, прыйдуць у путах і паклоняцца табе, і будуць прасіць цябе малітоўна: “Толькі ў табе — Бог”, і “Апроч Цябе няма бога”».

Запраўды Ты БОГ таямнічы, Бог Ізраеляў, Спас.
 
Сапраўды, Ты ёсць Богам схаваным, Божа Ізраэлеў, Збаўца!

Яны будуць засаромлены а паганбены, усі зь іх; разам ізь імі зганьбяцца дзельнікі балваноў.
 
Майстры ідалаў засаромеліся і пачырванелі ўсе, адышлі яны ўсе разам на ганьбу.

Ізраель будзе спасёны вечным спасеньням у СПАДАРУ; але, вы ня будзеце паганбены а засаромлены на векі вякоў.
 
Ізраэль збаўлены збаўленнем вечным у Госпадзе; не будзеце засаромлены ды не пачырванееце аж на векі вечныя.

Бо гэтак кажа СПАДАР, Каторы стварыў нябёсы, Ён ё Бог: ухармаваў зямлю і ўчыніў яе; і ўладзіў яе; стварыў яе не на пустыню; ухармаваў яе, каб была заселена: «Я СПАДАР, і няма яшчэ іншага.
 
Бо гэта кажа Госпад, Які стварыў нябёсы, Сам Бог, Які ўфармаваў зямлю і стварыў яе, і ўгрунтаваў яе. Стварыў яе, каб не была пустой, але ўфармаваў яе для пражывання: «Я — Госпад, і няма іншага.

Я не казаў патай, у цемным месцу зямлі; Я не сказаў насеньню Якававаму: "Дарма шукаеце Мяне". Я СПАДАР кажу справядлівасьць, агалашаю рэчы пасьцівыя.
 
Не прамаўляў Я патаемна, у цёмным закутку зямлі, не казаў я патомству Якуба: “Дарэмна шукаеце Мяне”. Я — Госпад, прамаўляю справядлівасць, абвяшчаю тое, што правільна.

Зьбярыцеся й прыйдзіце, дабліжчася, уцеклыя народы. Ня маюць веданьня тыя, што носяць дзерва, выразаных балваноў сваіх, і моляцца богу, што ня можа спасьці.
 
Збярыцеся і прыходзьце і прыступайце разам, якія ўратаваліся з народаў. Не ведаюць [праўды] тыя, якія носяць дрэва разьбы сваёй і просяць бога, які не можа збавіць.

Скажыце й дабліжчася, парадзьцеся разам: хто абясьціў із старавечнага часу, сказаў гэта здаўна? ці ня Я, СПАДАР? і няма іншага Бога апрача Мяне; Я Бог справядлівы й спасаючы; няма апрача Мяне.
 
Абвясціце і прыходзьце, і параімся разам. Хто даў пачуць пра гэта ад пачатку і гэта прадказаў даўно? Ці ж не Я — Госпад, і няма другога Бога, апроч Мяне? Бога справядлівага, Які збаўляе, апрача Мяне, няма.

Зьвярніцеся да Мяне, і вы будзеце спасёныя; бо Я БОГ, і няма іншага.
 
Павярніцеся да Мяне і будзеце збаўлены, усе канцы зямлі, бо я — Бог, а іншага няма.

Самым Сабою Я прысягаў, слова справядлівасьці вышла з вуснаў Маіх, і ня зьвернецца, што Імне паклоніцца кажнае калена, прысягае кажны язык.
 
Прысягнуў Я Самім Сабою: з вуснаў Маіх выйшла справядлівасць, слова, якое не вернецца; бо перада Мною сагнецца кожнае калена ды кожны язык будзе вызнаваць Бога».

Адно ў СПАДАРА, скажа ён Імне, справядлівасьці сіла; да Яго прыйдуць, і будуць засаромленыя ўсі, што ўзлаваліся на Яго.
 
«Толькі ў Госпадзе, — скажуць, — справядлівасць і сіла!» Да Яго прыйдуць, і будуць засаромлены ўсе, якія працівяцца Яму.

У СПАДАРА аправіцца а ўславіцца ўсе насеньне Ізраелявае».
 
У Госпадзе апраўдаецца і ўславіцца кожны нашчадак Ізраэля.