Ісаі 53 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Хто паверыў чутаму ад нас, і плячо СПАДАРОВА каму аб’явілася?
 
Хто ўверыў пачутаму ад нас, ды рука Госпада каму была аб’яўлена?

Ён узышоў перад відам Ягоным, як малады пагон, і як карэнь із сухое зямлі; няма ў Ім ані ўдобы, ані вялічча; і мы бачылі Яго, але ня было выгляду, каб мы Яго пажадалі.
 
І вырас Ён, быццам парастак перад Ім, і як бы корань з сухой зямлі. Не было ў Ім віду ані красы, каб мы падзівіліся на Яго, і не было выгляду ў Ім, каб нам падабаўся.

Пагрэбаваны а адхінены людзьмі, муж болю, дазналы хваробы, і быццам хавалі віды ад Яго; пагрэбавалі, і мы не паважалі Яго.
 
Пагарджаны быў Ён, апошні з людзей, чалавек пакутаў, які спазнаў немач, і быццам мы закрывалі твар перад Ім; пагарджаны так, што мелі мы Яго за нішто.

Запраўды хваробы нашы Ён нёс і немарасьці нашы цягнуў; мы, адылі, мелі яго за зражонага а бітага Богам а мучанага.
 
Сапраўды, Ён узяў на Сябе немачы нашы, Ён Сам перанёс хваробы нашы; а мы думалі, што Ён пабіты, пакараны Богам і прыніжаны.

Але Ён зранены быў за выступы нашыя і зьмяжджулены за бяспраўі нашы; кара супакою нашага на Ім, болькамі Ягонымі мы ачунялі.
 
Дык Ён быў пакалечаны за грахі нашы, пабіты за нашы злачынствы; ушчуванне за свет наш — на Ім, і ранамі Яго мы аздароўлены.

Усі мы, як авечкі, блудзілі, кажны на дарогу сваю зьвярнуў; і СПАДАР узлажыў на Яго бяспраўі ўсіх нас.
 
Усе мы, як авечкі, заблукалі, кожны з нас павярнуўся на дарогу сваю, а Госпад усклаў на Яго ўсю нашу несправядлівасць.

Уцісьнены Ён быў а мучаны, і не адчыняў вуснаў Сваіх; як агнё, на зарэз ведзенае, і як авечка перад стрыгучымі яе немая, і не адчыняў вуснаў Сваіх.
 
Здзекаваліся з Яго, але Ён Сам паддаўся і не адкрыў вуснаў Сваіх; як ягня, на зарэз ведзенае, ды як авечка маўчыць перад стрыгалямі, — не адкрыў Ён вуснаў Сваіх!

Зь вязьніцы а суду быў узяты; і праз род Ягоны хто паведае? бо адцяты ад зямлі жывых; за выступ люду Майго быў зражаны.
 
На прыніжэнне і суд Ён быў аддадзены. І паходжаннем Яго хто пацікавіцца? Бо з зямлі ўзята жыццё Яго, за грахі майго народа забіты быў насмерць.

І далі зь ліхадзеямі гроб Яму, а ў багатага па сьмерці Сваёй; бо не рабіў усілства, і ня было хітрыні ў вуснах Ягоных.
 
І прызначылі Яму паграбенне разам з бязбожнікамі, ды разам з багатымі магіла Яго, бо нікому не зрабіў крыўды і не было падману на вуснах Яго.

Але СПАДАР захацеў зьмяжджуліць Яго, прычыніць Яму болі. Як акануе душу Сваю на аброк, то абача насеньне, прадоўжа дні свае, і хаценьне СПАДАРОВА ў руццэ Ягонай будзе дасьпешным.
 
І захацеў Госпад сцерці Яго немаччу. Калі складзе Ён Сваю душу ў ахвяру, убачыць Ён даўгавечнае патомства, і воля Госпада рукою Яго споўніцца.

З трудненьня душы Свае абача, насыціцца. Пераз тое, што Яго пазнаюць, аправе Справядлівы Слуга Мой шмат каго, і бяспраўі іхныя пацягне.
 
Праз пакуты душы Сваёй убачыць Ён святло, насыціцца веданнем Сваім. «Слуга Мой справядлівы апраўдае многіх, і несправядлівасці іх Сам Ён будзе несці.

Затым надзялю Яму памеж вялікіх, і з дужымі падзеле здабытак, бо Ён агаліў душу Сваю на сьмерць, і да выступнікаў залічаны, і панёс грахі шмат каго, і за выступнікаў прычыняўся.
 
Таму аддам Яму многіх, і з моцным падзеліць Ён здабытак, за тое, што душу Сваю выдаў на смерць і ў злачынцы быў залічаны; а Ён узяў на Сябе грэх многіх, таму заступаецца за праступных».