Ісаі 43 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012
Але цяпер гэтак кажа СПАДАР, што стварыў цябе, Якаве, і ўхармаваў цябе, Ізраелю: «Ня бойся, бо Я спас цябе; Я прыгукаў цябе наймя; ты Мой.
А цяпер гэтак кажа Госпад, Які стварыў цябе, Якубе, і ўфармаваў цябе, Ізраэлю: «Не бойся, бо адкупіў Я цябе і назваў цябе імем тваім; ты — Мой.
Як ты будзеш пераходзіць пераз воды, Я буду з табою, і — пераз рэкі, яны не зальлюць цябе; як ты ўвыйдзеш у цяпло, не апячэшся, і полымя ня спале цябе;
Калі пойдзеш праз ваду, з табой буду, і рэкі не затопяць цябе; калі будзеш ісці праз агонь, не згарыш, і полымя не спаліць цябе,
Бо Я СПАДАР, Бог твой, Сьвяты Ізраеляў, Спас твой; Я аддаў на выкуп за цябе Ягіпет, Ефіопу а Сэву за цябе.
бо Я — Госпад, Бог твой, Святы Ізраэля, твой Збаўца: Я даў Егіпет на адкупленне цябе, Этыёпію і Сабу — за цябе,
Як ты быў дарагі ў ваччу маім, ты быў паважаны, і Я любіў цябе, дык аддам чалавека за цябе і люды — за душу тваю.
бо дарагім стаўся ў вачах Маіх і слаўным, Я люблю цябе і дам людзей за цябе і народы — за душу тваю.
Ня бойся, бо Я з табою; з усходу павяду насеньне твае, і із захаду зьбяру цябе,
Не бойся, бо Я з табою, ад усходу прывяду патомства тваё і з захаду збяру цябе.
Я скажу поўначы: аддай і — паўдню: не задзержуй; прывядзі сыноў Маіх здалеку і дачкі Мае з канцоў зямлі,
Скажу поўначы: “Аддай!” і поўдню: “Не забараняй! Прывядзі сыноў Маіх здалёк і дачок Маіх з канцоў зямлі”.
Кажнага, што завецца імям Маім, бо Я стварыў яго дзеля славы Свае, Я ўхармаваў яго, нават Я ўчыніў яго».
Кожнага, хто завецца Маім імем, Таго стварыў Я на Сваю славу, уфармаваў яго і зрабіў яго».
Вывядзіце люд нявісны, а вочы ён мае, і глухіх, а вушы ёсьць у іх.
Выведзі вонкі народ сляпы, хоць маюць яны вочы, глухіх, хоць ёсць у іх вушы.
Усі народы хай зьбяруцца разам, і зыйдуцца люды. Хто памеж іх мог бы агаласіць гэта? і першае хай дасьць пачуць нам; няхай прывядуць сьветкі свае, каб аправіцца; альбо хай слухаюць і кажуць: «Праўда!»
Хай усе народы збяруцца разам і аб’яднаюцца плямёны: хто з іх абвесціць гэта і папярэднія дзеі дасць нам пачуць? Хай дадуць сведкаў сваіх, і хай апраўдваюцца, і хай слухаюць і кажуць: «Гэта праўда!»
«Вы сьветкі Мае, — агалашае СПАДАР, — і слуга Мой, каторага Я абраў, каб вы даведаліся і паверылі Імне, зразумелі, што гэта Я: перад Імною ня быў ухармаваны Бог, і просьле Мяне ня будзе.
«Вы сведкі мае, — кажа Госпад, — ды паслугач мой, якога Я выбраў, каб ведалі і верылі Мне і зразумелі, што Я той самы; перада Мною бог не быў утвораны і па Мне — не будзе.
Я, Я СПАДАР, і апрача Мяне няма Спаса.
Я, Я — Госпад, і па-за Мной няма збаўцы.
Я паведаміў, Я спас, Я абясьціў; і няма чужога Бога памеж вас; вы — сьветкі Мае, — агалашае СПАДАР, — і Я БОГ.
Я гэта абвясціў і збавіў; даў чуць, і не было ў вас чужога; а вы — сведкі Мае, — кажа Госпад, — і Я — Бог.
Але, перад днём Я Ён, і ніхто ня выбаве ад рукі Мае: Я буду дзеяць, і хто адверне гэта?»
Я ад самага пачатку Той Самы. І няма нікога, хто б вырваў з Маёй рукі; Я ўчыню, і хто зменіць гэта?»
Гэтак кажа СПАДАР, Адкупіцель ваш, Сьвяты Ізраеляў: «Дзеля вас Я паслаў да Бабілёну і зьвёў усіх уцекачоў, і Хальдэяў у караблёх радасьці іхнае.
Гэта кажа Госпад, Адкупіцель ваш, Святы Ізраэлеў: «Дзеля вас паслаў у Бабілон і вывеў усіх бежанцаў і халдэяў, якія выхваляюцца сваімі караблямі.
Я СПАДАР, Сьвяты ваш, Стварыцель Ізраеля, Кароль ваш».
Я — Госпад, ваш Святы, Творца Ізраэля, ваш Валадар».
Гэтак кажа СПАДАР, Каторы праклаў дарогу ў мору і сьцежку па магучых водах,
Гэта кажа Госпад, Які праклаў дарогу праз мора і сцежку праз бурныя воды,
Каторы вывеў цялежкі й каня, войска а сілу; разам яны лягуць, ня ўстануць, яны зьнішчаны, згасьлі, як лён:
Які вывеў калясніцу і каня, дружыну і асілка; усе разам паляглі і не падняліся, былі сцёртыя і, як кнот, патушаныя:
«Не ўспамінайце бытае ані разважайце справаў мінуласьці.
«Не ўспамінайце мінулага і не прыглядайцеся да старадаўняга:
Вось, Я раблю новае; цяпер яно вырасьце. Ціж вы ня ведаеце гэтага? Але, нават Я пракладу дарогу ў сьцепе й рэкі на пустыні.
вось, Я чыню новае, і цяпер збудзецца; ці ж вы не пазнаеце гэтага? Вось жа, пакладу дарогу праз пустыню, а на бездарожжы — рэкі.
Усьцяць Мяне палявыя зьвяры, шакалы а стравусы, бо Я дам у сьцепе ваду, рэкі на пустыні, каб даць піць люду Свайму, абранаму Свайму.
Будуць славіць Мяне палявы звер, драконы і страусы, бо вывеў Я на пустыні воды, а рэкі на бездарожжы, каб даць пітво народу Майму, выбранаму Майму.
Люд гэты Я ўхармаваў Сабе; хвалу Маю будуць абяшчаць яны.
Народ гэты Я сфармаваў для Сябе, будуць яны распавядаць Маю хвалу.
Але ты, Якаве, ня гукаў да Мяне; ты, Ізраелю, стамаваў Мяне.
Ты, Якубе, не прызываў Мяне, а ты, Ізраэлю, быў апанаваны нават непрыязнасцю да Мяне.
Ты ня прыводзіў Імне ягнят на ўсепаленьне, аброкамі сваімі ня сьціў Мяне. Я не няволіў цябе аброкам ані тамаваў цябе кадзеньням.
Не ахвяраваў ты Мне ягнят цэласпалення твайго, ні сваімі ахвярамі падзякі не ўславіў Мяне. Не абцяжарыў Я цябе ахвярай добраахвотнай, не зрабіў Я табе прыкрасці з кадзілам.
Ты ня купляў імне за срэбра трысьціну і туку аброкаў сваіх не даваў Імне піць, але быў вялічны Імне грахамі сваімі і тамаваў мяне бяспраўямі сваімі.
Не купіў ты Мне трыснягу за грошы і тлустасцю тваіх ахвяр падзякі не насыціў Мяне; наадварот, прымусіў Мяне цярпець цяжар тваіх грахоў, зрабіў Мне прыкрасць правіннасцямі тваімі.
Я, Я Тый, што сьцірае выступы твае дзеля Самога Сябе, і грахоў тваіх ня ўспомню.
Я, Я — Той Самы, Які нішчу правіннасці твае адносна Мяне і не ўспомню грахоў тваіх.
Прыпомні Імне; будзем прававацца разам; гукай ты, каб табе аправіць сябе.
Дай Мне прыпомніць, судзіць будзем разам, расказвай, каб апраўдацца.
Праайцец твой ізграшыў, і абароньнікі твае зрабілі выступ супроці Мяне.
Зграшыў твой першы бацька, і пасрэднікі твае спракудзіліся перада Мною.
За тое Я збудзеніў князёў сьвятыні і даў Якава на аканаваньне і Ізраеля на ганеньне.
Дык спаганіў Я князёў свяцілішча, аддаў Якуба на вынішчэнне, а Ізраэля — на пасмяянне.