Ісаі 47 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Зыйдзі й сядзь на пыл, дзеўка, дачка Бабілёну; сядзь на зямлю; без пасаду, дачка Хальдэяў; наперад ня будуць зваць цябе лагоднай а кунежнай.
 
«Сыдзі ды сядзь у попеле, дзева, дачка Бабілона! Сядзь на зямлі, не на пасадзе, дачка халдэйская! Бо болей не будзеш называцца прывабнай і пяшчотнай.

Вазьмі жорны й мялі муку; адкінь запінашку сваю, падыймі крысы, адкрый сьцёгны і пераходзь пераз рэкі.
 
Вазьмі жорны і мялі муку, здымі вэлюм свой, прыпадымі сукенку, адкрый голені, перайдзі па вадзе!

Адкрый голасьць сваю, нават хай будзе відзён сорам твой. Я буду імсьціцца і не пажалею чалавека.
 
Адкрыецца ганьба твая, і ўбачаць няславу тваю. Учыню Я помсту, нікога не пашкадую, —

Адкупіцель наш — СПАДАР войскаў імя Ягонае, Сьвяты Ізраеляў.
 
кажа Адкупіцель наш, імя Яго — Госпад Магуццяў, Святы Ізраэлеў. —

Сядзі моўчыкам і ўвыйдзі ў цемрадзь, дачка Хальдэяў, бо наперад ня будуць зваць цябе спадарыняю каралеўстваў.
 
Сядзь моўчкі і ўвайдзі ў цемру, дачка халдэйская! Бо не назавуць цябе больш валадаркай царстваў.

Я ўгневаўся на люд Свой, Я збудзеніў спадак Свой і аддаў іх у руку тваю; а ты ня выказала над імі міласэрдзя: на старога ты наклала вельма цяжкое йго сваё;
 
Раззлаваўся Я на народ Мой, апаганіў спадчыну Маю і аддаў іх у руку тваю, не аказала ты ім міласэрнасці, на старца ўсклала вельмі цяжкае ярмо тваё.

І сказала: "На векі буду спадарыняю", значыцца ты не ўзяла гэтага да сэрца свайго і ня помнела канца свайго.
 
Ты казала: “Вечна буду я валадаркай”. Не паклала ты гэтага на сэрца сваё і не прыгадала таго, што будзе потым.

Затым слухай цяпер, скунежаная, што жывеш бязрупатліва, што кажаш у сэрцу сваім: "Я, і няма іншае, апрача мяне; я ня буду сядзець удавою і ня буду дазнаваць страты дзяцей".
 
А цяпер паслухай вось што, прыгажуня, ты жывеш самаўпэўнена і кажаш у сэрцы сваім: “Я, і апрача мяне — ніякай іншай, не застануся ўдавой і не зазнаю бяздзетнасці!”

І прыйдзе на цябе адно й другое ўраз, аднаго дня страта дзяцей і ўдавінае быцьцё ў поўнай меры прыйдуць на цябе, і на множасьць чараўнікоў тваіх, і на вялікую моц чараў тваіх.
 
Прыйдуць да цябе абедзьве гэтыя: раптам, у адзін дзень, і бяздзетнасць, і ўдоўства; нечакана зваляцца яны на цябе дзеля мноства злачынстваў тваіх, дзеля шматлікасці закляццяў тваіх.

І ты спадзявалася на злосьць сваю, казала: "Ніхто мяне ня бача". Мудрасьць твая а знацьцё твае перакруцілі цябе, і ты гукала ў сэрцу сваім: "Я, і няма іншае, апрача мяне".
 
І давер мела ты ў ліхоце сваёй, і казала: “Няма нікога, хто ўбачыць мяне”. Мудрасць твая і веды твае, — падманулі яны цябе. І сказала ты ў сэрцы сваім: “Я, і апрача мяне, — ніякай іншай”.

І прыйдзе на цябе ліха, каторага выхаду ня ведаеш; падзець на цябе няшчасьце, ад каторага ты не адкупішся, і зьнецікі прыйдзе на цябе загуба, каторае ты ня знаеш.
 
Прыйдзе на цябе няшчасце, і не здолееш выкруціцца, і спадзе на цябе бяда, якой не зможаш адвярнуць; прыйдзе на цябе раптам гора, якога не ведаеш.

Заставайся ж сабе з чарамі сваімі і з рознымі чараўнікамі сваімі, над каторымі ты цяжка працавала з маладосьці свае: можа ўзумееш скарыстаць ізь іх, можа пераможаш.
 
Трымайся сваіх закляццяў і мноства злачынстваў сваіх, у якіх практыкавалася ад юнацтва свайго; можа, зможаш пацешыцца, а можа, спалохаешся.

Ты стамавалася ад множасьці радаў сваіх; няхай жа стануць мернікі неба, гвездары а месячныя вяшчуны, і выбавяць цябе ад тога, што прыйдзе на цябе.
 
Змарнела ты ад мноства дараднікаў сваіх, хай стаяць і ратуюць цябе, якія разглядаюць неба і абвяшчаюць пры кожным маладзіку, што з табой будзе.

Вось, яны, як салома; цяпло спаліла іх; яны ня выбавілі душы свае ад полымені; не засталося вугальля, каб пагрэцца, ані цяпла, каб пасядзець перад ім.
 
Вось жа, сталіся яны, як саломіны, агонь спаліў іх. Не вызваляць яны саміх сябе ад моцы агню; гэта не вуглі, якімі сагрэюцца, і гэта не вогнішча, каб сядзець пры ім.

Такімі табе сталіся тыя, з каторымі ты цяжка працавала й таргавала з маладосьці свае. Кажны пойдзе, блудзячы, у свой бок; ніхто ня выбаве цябе.
 
Такімі робяцца для цябе твае чараўнікі, з якімі ты займалася ад юнацтва свайго; кожны блудзіць на дарозе сваёй, няма нікога, хто цябе ўратуе.