Ісаі 46 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Віл укляк, Нево сьхінаецца,балваны іхныя пераданы зьвяром а статку; наклады вашы былі цяжкія, цяжар стомленаму.
 
Упаў Бэл, сагнуўся Нэба; ідалы іх — на звярах і жывёле. Статуі вашы сталі цяжкай ношаю для змучаных.

Яны сьхінаюцца, яны клякаюць разам, яны не маглі ўратаваць накладу, самы пайшлі ў палон.
 
Пазгіналіся і пападалі разам, не маглі вытрымаць цяжару, і самі пойдуць у палон.

«Слухайце Мяне, доме Якаваў і ўся астача дому Ізраелявага, прынятыя ад жывата, ношаныя ад дзетніцы:
 
«Паслухай Мяне, доме Якуба, і ўся рэшта дому Ізраэля, якога Я нашу ад улоння, якога Я гадую ад пачацця.

І аж да старасьці вашае Я тый, і аж да сівізны Я буду цягаць; Я ўчыніў і Я буду насіць, нават Я буду цягаць і выбаўлю.
 
Я — Той Самы аж да старасці, ды аж да сівізны буду падтрымліваць вас. Я стварыў, і Я вазьму, Я панясу і збаўлю.

Да каго, будзеце ўважаць, падобны Я, і раўнаваць, і прыраўнуеце Мяне, каб мы былі падобныя?
 
Каму Мяне падобным і роўным зробіце? І з кім Мяне параўнаеце, каб мы былі падобнымі?

Яны шчодра высыпаюць золата з капшука, важаць срэбра на вазе, наймаюць літоўніка, і ён робе зь яго бога; яны падаюць і нават кланяюцца.
 
Тыя — выкідаюць золата з капшука і срэбра важаць на вазе, наймаюць залатых спраў майстра, каб змайстраваў бога, а потым пакланяюцца і славяць.

Носяць яго на плячох, цягаюць яго й становяць яго на сваім месцу; і ён стаіць, із свайго месца ня кратаецца; нават крычаць яму, але ён не адказуе і яго зь бяды не вывальняе.
 
Падымаюць яго на плечы і носяць, потым ставяць на сваім месцы; і будзе стаяць, і з месца свайго не зрушыцца, але, калі хто прызывае яго, не адказвае, ды ад бяды яго не збавіць яго.

Памятуйце гэта й пакажыце сябе мужамі; зьвярніцеся вы, выступнікі, да сэрца;
 
Помніце пра гэта і саромейцеся! Крывадушнікі, навярніцеся сэрцамі!

Успомніце бытае ад веку, бо Я СПАДАР, і няма яшчэ іншага, Бог, і няма падобнага да Мяне.
 
Прыпомніце век мінулы, бо Я — Бог, і больш няма Бога, няма падобнага да Мяне.

Абяшчаю з пачатку канец і з даўнейшых часоў, што ня зроблена, кажучы: "Мае пастановы стануцца, і ўсе Свае жаданьне Я зраблю".
 
Я абвяшчаю ад пачатку тое, што ў канцы, ды ад даўніх часоў тое, што яшчэ не адбылося, кажучы: “Намер Мой усталюецца, і здзейсню Я ўсю волю Сваю”.

Гукаю з усходу дзярлівую птушку, і з далёкага краю мужа радаў Сваіх. Але, як казаў, так здойсьню; Я хармаваў і так зраблю гэта.
 
Прызаву з усходу драпежную птушку, і з далёкай зямлі чалавека намеру Майго; дык Я сказаў, і выканаю гэта; вырашыў, і здзейсню тое.

Слухайце Мяне, дужыя сэрцам, што далёкія да справядлівасьці.
 
Слухайце Мяне, жорсткія сэрцам, якім далёка да справядлівасці!

Я дабліжыў справядлівасьць Сваю, каб яна ня была далёка, і спасеньне Мае не зацягнецца; і Я дам у Сыёне спасеньне, Ізраелю славу Сваю.
 
Прыблізіў Я справядлівасць Маю, не будзе далёка; не замарудзіць і Маё збаўленне: і дам на Сіёне збаўленне, а Ізраэлю — славу Маю».