Ісаі 15 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Цяжар узглядам Моава. — Бо ночы аглабаны Ар моаўскі, спустошаны; бо ночы аглабаны Кір моаўскі і зьнішчаны.
 
Прадказанне Маабу. Замоўк Ар-Мааб, бо ноччу быў спустошаны. Замоўк Кір-Мааб, бо ноччу быў спустошаны.

Ён узышоў да Байту а Дывону на ўзвышшы, плакаць. Па Нево а па Медэве Моаў плача; на кажнай галаве там лысіна, і барада астрыжана.
 
Дачка Дыбона ўзышла на вышыні, каб плакаць: над Нэба і над Мэдабай Мааб галосіць; на ўсіх галовах яго — лысіна, кожная барада паголена.

На вуліцах ягоных паперазаныя зрэбнінаю; на стрэхах ягоных і на вуліцах ягоных кажны вые, аж заходзіцца.
 
На шляхах яго апярэзаныя зрэбніцай; на дахах яго і на плошчах яго ўсе галосяць, заліваюцца слязьмі.

І Гэшбон будзе галасіць і Елеяла; аж да Ягацы будзе чуваць голас іхны; затым узброеныя Моававы будуць галасіць: душа немарасьціцца ў ім.
 
Крычыць Хесебон і Элеале, аж у Ясе чутны іх голас. Дзеля таго вызваленыя Мааба галосяць, душа яго галосіць у ім.

Сэрца мае загалосе па Моаву; уцекачы ягоныя ўцякаюць да Цоару і да трэйцяга Еґлафу; бо, плачучы, яны падняліся ўсходамі да Лугіфу, на дарозе да Горонаіму паднялі крык зьнішчэньня;
 
Сэрца маё над Маабам плача, бежанцы яго — аж да Сэгора, Эглатсэліцыі; дарогаю ўгору на Луіт з плачам узыходзяць ды на шляху ў Аранаім падымаюць лямант роспачы!

Бо воды Німрыму высахнуць; бо трава ссохла, і новая трава скончылася, няма зяленіва.
 
Воды бо Нэмры стануць пустэчай, бо трава высахла, знікла мурава, прапала ўсё зяленіва.

Затым лішніца, якая была зьберта, і тое, што было ашчаджана, будуць перанесены пераз раку даліны;
 
Дзеля таго робяць запасы, а сваю маёмасць пераносяць за ручай Вярбовы.

Бо галашэньне навокал граніцаў Моава, вык яго аж да Еґлаіму і вык яго аж да Беер-Еліму;
 
Бо атачае навокал крык мяжу Мааба, аж да Эглаіма бедаванне яго ды аж да Бээр-Эліма галашэнне яго.

Бо вада Дывону поўная крыві; бо Я навяду на Дывон яшчэ дадаткавае, — лявы на тога, хто ўцякае з Моаву, і на астачу зямлі.
 
Вось жа, воды Дымона поўныя крыві, бо ссылаю на Дымон дапаўняльныя беды: льва на ўцалелых з Мааба і на тых, хто застаўся ў краі.