Ісаі 53 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Хто паверыў вестцы нашай? І каму аб’явілася рамяно ГОСПАДА?
 
Хто ўверыў пачутаму ад нас, ды рука Госпада каму была аб’яўлена?

Бо Ён вырас, быццам парастак перад абліччам Ягоным, і нібы корань з зямлі сухой. Не было ў Ім ані прывабнасьці, ані прыгажосьці, і мы глядзелі на Яго, і не было выгляду ў Ім, каб нам спадабаўся.
 
І вырас Ён, быццам парастак перад Ім, і як бы корань з сухой зямлі. Не было ў Ім віду ані красы, каб мы падзівіліся на Яго, і не было выгляду ў Ім, каб нам падабаўся.

Ён быў пагарджаны і адкінуты людзьмі, муж пакутаў, які паспытаў хваробы, і перад Ім закрывалі абліччы [свае]. Ён быў пагарджаны, і мы мелі Яго за нішто.
 
Пагарджаны быў Ён, апошні з людзей, чалавек пакутаў, які спазнаў немач, і быццам мы закрывалі твар перад Ім; пагарджаны так, што мелі мы Яго за нішто.

Але Ён узяў на Сябе немачы нашыя і панёс хваробы нашыя, а мы ўважалі Яго за асуджанага, за пакаранага Богам і прыніжанага.
 
Сапраўды, Ён узяў на Сябе немачы нашы, Ён Сам перанёс хваробы нашы; а мы думалі, што Ён пабіты, пакараны Богам і прыніжаны.

Але Ён быў прабіты за грахі нашыя, быў катаваны за беззаконьні нашыя; пакараньне [дзеля] міру нашага [было] на Ім, і ранамі Ягонымі мы аздароўлены.
 
Дык Ён быў пакалечаны за грахі нашы, пабіты за нашы злачынствы; ушчуванне за свет наш — на Ім, і ранамі Яго мы аздароўлены.

Усе мы як авечкі заблукалі, кожны з нас зьвярнуў на шлях свой, і ГОСПАД узлажыў на Яго беззаконьне ўсіх нас.
 
Усе мы, як авечкі, заблукалі, кожны з нас павярнуўся на дарогу сваю, а Госпад усклаў на Яго ўсю нашу несправядлівасць.

Мучылі Яго, і зьдзекваліся з Яго, і Ён не адкрыў вуснаў Сваіх. Як ягня, ведзенае на зарэз, і як авечка нямая перад абліччам тых, якія стрыгуць яе, так Ён не адкрыў вуснаў Сваіх.
 
Здзекаваліся з Яго, але Ён Сам паддаўся і не адкрыў вуснаў Сваіх; як ягня, на зарэз ведзенае, ды як авечка маўчыць перад стрыгалямі, — не адкрыў Ён вуснаў Сваіх!

Пасьля вязьніцы і суду Ён быў забраны, і пра паходжаньне Ягонае хто раскажа? Бо Ён быў вырваны з зямлі жывых, за правіны народу Майго быў пакараны.
 
На прыніжэнне і суд Ён быў аддадзены. І паходжаннем Яго хто пацікавіцца? Бо з зямлі ўзята жыццё Яго, за грахі майго народа забіты быў насмерць.

І дадзена Яму магіла сярод бязбожнікаў, але ў багатага пахавалі Яго, хоць [нікому] не зрабіў Ён крыўды і не было падману ў вуснах Ягоных.
 
І прызначылі Яму паграбенне разам з бязбожнікамі, ды разам з багатымі магіла Яго, бо нікому не зрабіў крыўды і не было падману на вуснах Яго.

А ГОСПАД зажадаў скрышыць Яго і аддаць на пакуты. Калі Ён аддасьць душу Сваю ў ахвяру за грэх, Ён убачыць насеньне [Сваё] і будзе мець доўгія дні, і жаданьне ГОСПАДА будзе рукою Ягонай споўнена.
 
І захацеў Госпад сцерці Яго немаччу. Калі складзе Ён Сваю душу ў ахвяру, убачыць Ён даўгавечнае патомства, і воля Госпада рукою Яго споўніцца.

Пасьля пакутаў душы Сваёй Ён убачыць [сьвятло] і насыціцца. Праведны Слуга Мой праз пазнаньне Сваё апраўдае многіх, і беззаконьні іхнія Ён панясе.
 
Праз пакуты душы Сваёй убачыць Ён святло, насыціцца веданнем Сваім. «Слуга Мой справядлівы апраўдае многіх, і несправядлівасці іх Сам Ён будзе несці.

Дзеля гэтага Я дам Яму [частку] сярод многіх, і з магутнымі Ён будзе дзяліць здабычу за тое, што Ён аддаў душу Сваю на сьмерць, і ў злачынцы быў залічаны. І Ён панёс на Сабе грахі многіх, і заступіўся за злачынцаў.
 
Таму аддам Яму многіх, і з моцным падзеліць Ён здабытак, за тое, што душу Сваю выдаў на смерць і ў злачынцы быў залічаны; а Ён узяў на Сябе грэх многіх, таму заступаецца за праступных».